Чацвер, 12 Лістапад 2015 10:42

13 верасня 2015 г. – 140 гадоў з дня нараджэння Сяргея Канстанцінавіча Паўловіча (1875–1940), беларускага грамадска-культурнага і рэлігійнага дзеяч, педагог

Сяргей Канстацінавіч Паўловіч нарадзіўся 13 верасня 1875 года ў вёсцы Осаўцы Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці) ў сям’і святара.

Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю ў Вільні, пасля вучыўся ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, дзе вялікая ўвага надзялялася вывучэнню гісторыі царквы на Украіне і Беларусі, таму тэмай дысертацыі быў абраны Замойскі ўніяцкі сабор 1720 года. Кандыдацкую дысертацыю С. К. Паўловіч абараніў са ступенню кандыдата багаслоўя (1900).

Першым прызначэннем маладога педагога было Каргопальскае духоўнае вучылішча на Украіне. З восені 1903 года ён перабраўся ў Беларусь, выкладаў у Жыровіцкім духоўным вучылішчы. У сувязі з адкрыццём у 1909 годзе Рагачоўскай мужчынскай настаўніцкай семінарыі С. К. Паўловіч прызначаны выкладчыкам Закону Божага. Неўзабаве педагагічныя здольнасці С. К. Паўловіча былі заўважаны кіраўніцтвам Віленскай вучэбнай акругі, і ў 1913–1918 гадах ён служыў інспектарам народных вучылішчаў Ваўкавыскага павета.

Асаблівае месца ў жыцці і дзейнасці С. К. Паўловіча займае Вільня – цэнтр культурнага і грамадска-палітычнага жыцця Заходняй Беларусі. Туды сям’я Паўловічаў перабралася ў пачатку 1920-х гадоў, калі вярнулася з эвакуацыі, дзе янаапынулася ў сувязі з Першай сусветнай вайной. У Вільні Сяргей Канстанцінавіч працаваў выкладчыкам Закона Божага ў Віленскай беларускай гімназіі, быў інспектарам, а ў навучальным годзе 1927–1928 займаў пасаду дырэктара гэтай гімназіі.

Пэдагагічная і грамадская дзейнасць С. К. Паўловіча была цесна звязаная з Таварыствам беларускай школы, некаторы час ён уваходзіў у склад кіраўніцтва гэтай культурна-асветніцкай арганізацыі. Ён рэдагаваў часопісы «Летапіс Таварыства беларускае школы» (з 1936 г. – «Беларускі летапіс») і «Беларускі каляндар», якія выдаваліся ТБШ. Акрамя таго, С. К. Паўловіч дапамагаў Беларускаму выдавецкаму таварыству, быў сябрам Беларускага навуковага таварыства, выступаў з рэфератамі па гісторыі хрысціянства на яго пасяджэннях.

Праца С. К. Паўловіча на пасадзе дырэктара Віленскай беларускай гімназіі і асабліва ў Галоўнай управе Таварыства беларускай школы па-свойму была ацэненая польскай адміністрацыяй. Яго двойчы, у 1930 і 1933 гадах, арыштоўвалі ў Лукішскі астрог, хоць ён не належаў ні да якой партыі. У канцы 1936 года дзейнасць Таварыства была забаронена польскім урадам.

Вялікую ўвагу С. К. Паўловіч надаваў адукацыі сялянскіх дзяцей і самаадукацыі простага люду. Ужо ў 1926 годзе была надрукавана падрыхтаваная С. К. Паўловічам «Свяшчэнная гісторыя Старога Завету. Для беларускіх пачатковых школ і малодшых класаў гімназій». Падручнік карыстаўся вялікай папулярнасцю, што выклікала незадаволенасць польскай адміністрацыі. «Свяшчэнную гісторыю Новага Завету» аўтару ўдалося выдаць толькі праз дзесяць гадоў, у 1936 годзе, пасля захадаў створанай у Вільні спецыяльнай камісіі па падрыхтоўцы беларускіх падручнікаў.

Таксама выйшлі «Першая навука Закону Божага. Падручнік для пачатковай школы (1-У аддзелы)» (Варшава, 1935) і «Свяшчэнная гісторыя Новага Завету. Падручнік для беларускіх школаў і самаадукацыі» (Вільня, 1936). У гэтых выданнях С. К. Паўловіч выкладае асноўны змест гісторыі Старога і Новага Запавету на роднай мове, у даступнай і цікавай для дзяцей форме.

У 1936 годзе ў Варшаве пабачыў свет укладзены С. К. Паўловічам падручнік «Першая навука Закону Божага» (2-е выданне, папраўленае і дапоўненае), які ўключаў раздзелы «Аб малітве», «Кароткая Свяшчэнная гісторыя», «Праваслаўная вера», «З царкоўнай гісторыі», «Праваслаўная вера на Беларусі». Арыгінальнасць падручніка не толькі ў аўтарскіх перакладах Свяшчэннага пісання і дакладным тлумачэнні асноўных палажэнняў праваслаўнай веры у ім упершыню па-беларуску прыводзяцца жыціі беларускіх святых, апісанні шанаваных цудатворных ікон, даецца нарыс па гісторыі праваслаўнай царквы ў Беларусі.

З канца 1920-х гадоў беларускае школьніцтва і культурна-асветніцкае жыццё ў Заходняй Беларусі трапляе пад жорсткі кантроль, а затым і забарону польскіх уладаў. З 400 беларускіх пачатковых школ, якія існавалі да 1921 года на заходне-беларускіх тэрыторыях, да 1939 года не засталося ніводнай. Былі закрыты таксама дзве настаўніцкія семінарыі і восем беларускіх гімназій. У такіх умовах Сяргей Канстанцінавіч працягвае напружаную педагагічную і асветніцкую дзейнасць.

У 1929 годзе ў Вільні, у Беларускай друкарні імя Ф. Скарыны, быў выданы яго падручнік «Пішы самадзейна. Развіццё навыку самастойнага пісьма. Пасобнік для беларускай школы і самавукаў. Ч. 1: першы год навучання (пасля азбукі)». У тым жа годзе выйшлі ў свет і «Метадычныя ўвагі да пасобніка». Самай арыгінальнай працай С. К. Паўловіча лічыцца яго буквар «Першыя зерняткі» (Вільня, 1936). Нацыянальнай азбукай беларусаў Сяргей Канстанцінавіч лічыў кірыліцу і абгрунтоўваў гэта прычынамі гісторыка-культурнага характару. Тым не менш, ва ўмовах паланізацыі ён быў вымушаны надрукаваць другое выданне буквара лацінкай пад назвай «Zasieuki» (1937). Нягледзячы на гэта, тыраж быў канфіскаваны польскімі ўладамі, якіх напалохала папулярнасць беларускага падручніка.

С. К. Паўловіч з вялікай увагай ставіўся да духоўных патрэб дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. У 1937 годзе ён узяў на сябе клопат па рэдагаванні дзіцячага царкоўна-культурнага ілюстраванага часопіса «Снапок». Разнастайнасць матэрыялаў, высокая патрабавальнасць да тэкстаў і мастацкага афармлення сталі прычынамі шырокай папулярнасці часопіса, таму польскія ўлады ўжо праз год забаранілі выданне.Сяргею Канстанцінавічу прыйшлося перажыць нямала нягод і расчараванняў, што не магло не адбіцца на стане яго здароўя.

Сяргей Канстанцінавіч Паўловіч памёр ад хваробы сэрца 16 верасня 1940 года, пахаваны на Ліпаўскіх могілках у Вільні.

Спадчына С. К. Паўловіча даволі вялікая. Педагог на практыцы рэалізоўваў прынцыпы рэлігійнай адукацыі і выхавання як неабходнай часткі паўнавартаснай класічнай адукацыі і выхавання чалавека. Несумненна гэта не згубіла актуальнасці і ў наш час.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Драгічынскай раённай цэнтральнай бібліятэкай. Трыфанава Наталля Іванаўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

ПрацыС. К. Паўловіча

  1. Засеўкі : Беларускі лемантар для хатняга навучання / С. К. Паўловіч. – Вільня : Белпрес, 1937. – 88 с. : іл.

  2. Свяшчэнная гісторыя Новага Завету : Падручнік для беларускіх школаў і самаадукацыі / скл. С. К. Паўловіч. – Варшава : Друкарня Сынадальная, 1936. – 152 с.

  3. Першыя зерняткі / С. К. Паўловіч. – Вільня, 1936.

  4. Першая навука Закона Божага/ С. К. Паўловіч. – Вільня, 1936.

  5. Пішы самадзейна : Развіццё навыку самастойнага пісьма : Пасобнік для беларускае школы і самавукаў. Частка 1, першы год навучання (пасля азбукі) / С. К. Паўловіч. – Мінск : Беларуская друкарня імя Фр. Скарыны, 1929. – 88 с.

  6. Некалькі ўваг аб беларускім «Лемантары» Ст. Любіч-Маеўскага / Палешук [С. К. Паўловіч]. – Вільня, 1929.

  7. Метадычныя ўвагі да пасобніка «Пішы самадзеина» / С. К. Паўловіч. – Вільня, 1929.

  8. Пазашкольная асвета : Культурна-асветніцкая праца ў гуртках Таварыства беларускае школы / С. К. Паўловіч.Вільня, 1928.

  9. Аб арганізацыі беларускай працоўнай школы / С. К. Паўловіч. – Вільня : Беларускае выдавецкае таварыства, 1928. – 16 с.

  10. Аб асноўных прынцыпах навучання і ўзгадавання ў пачатковай беларускай школе / С. К. Паўловіч // Родныя гоні. 1927, кн. II.

  11. Свяшчэнная гісторыя Старога Завету : з 10 малюнкамі ў тэксце і геаграфічнай картай Палестыны / уложана для беларускіх пачатковых школ і малодшых класаў гімназій вучыцелем Закона Божага ў Віленскай беларускай гімназіі, кандыдатам багаслоўя Сяргеем Паўловічам / укл. С. К. Паўловіч. – Вільня, 1926. – 159 с., [2] л. карт. : іл.

  12. К открытию Рогачевской учительской семинарии / С. К. Паўловіч // Народное образование в Виленском учебном округе. 1909. №11. С. 462465.

  13. Опыт истории Замойского униатского провинциального собора (1720 г.) / С. К. Паўловіч. Гродно,1904.

 

Аб жыцці і дзейнасці С. К. Паўловіча

  1. Паўловіч Сяргей Канстанцінавіч // Республика Беларусь : энциклопедия : в 6 т. Минск, 2007. Т. 5. С. 679.

  2. Паўловіч Сяргей Канстанцінавіч // Рэлігія і царква на Беларусі : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мінск : БелЭн, 2001. С. 243.

  3. Паўловіч Сяргей Канстанцінавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск : БелЭн, 1999. Т. 5. С. 439.

  4. Паўловіч Сяргей Канстанцінавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 4. С. 222–223.

  5. Паўловіч Сяргей Канстанцінавіч // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1975. Т. 8. С. 332.

  6. Асвета і педагагічная думка ў Беларусі : са старонак часопісаў да 1917 года. Мінск, 1985. – Са зместу: С. К. Паўловіч. – С. 240243.

  7. Святланіч, П. Да юбілею Сяргея Паўловіча / ПаўлінаСвятланіч // Царкоўнае слова. 2015. № 38. С. 13.

  8. Кулажанка, Л. Сяргей Паўловіч як асветнік і перакладчык : [С. К. Паўловіч] / Лідзія Кулажанка // Царкоўнае слова. 2010. № 38. С. 10–11.

  9. Бунеева, Л. Нарадзіўся на Драгічыншчыне, спатрэбіўся ў Вільні : [С. К. Паўловіч] / Людміла Бунеева // Вечерний Брест. 2010. № 76. С. 2.

  10. Арыпава, Д. Нялёгкі шлях асветніка : [памяці С. К. Паўловіча] / ЛіМ. 2010. № 40. С. 4.

  11. «Амаль усе вершы М. Танка...» // ЛіМ. 1997. 20 чэрвеня.

  12. Вабішэвіч, А. «Каб жыць пад сваім небам...»: Навукова-педагагічная спадчына Сяргея Паўловіча / А. Вабішчэвіч // Голас Радзімы. 1996. 19 снежня; 26 снежня.

  13. Сіцько, З. Стары Паўловіч / З. Сіцько // Наша слова. 1992. № 27.

  14. Кахановіч, М. Здрада ў Вільні // Асвета. 1992. № 4. С. 118130.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1515 разоў Апошняя змена Аўторак, 20 Красавік 2021 10:37