Чацвер, 12 Лістапад 2015 10:47

23 верасня 2015 г. – 125 гадоў з дня нараджэння Фёдара Вікенцьевіча Сакуна (1890–1955), марака-падводніка, удзельніка Першай сусветнай, Грамадзянскай, савецка-фінляндскай і Вялікай Айчыннай войнаў

Фёдар Вікенцьевіч Сакун нарадзіўся 23 верасня 1890 года ў вёсцы Галавачы Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) ў сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Федзюкоўскай школе.

Працаваў рабочым на чыгуначных станцыях Буды і Лунінец. У 1913 годзе Фёдар Сакун быў прызваны на вайсковую службу, накіраваны матросам у сёмую роту 2-га Балтыйскага флоцкага экіпажу. У 1915 годзе назначаны ў атрад падводнага плавання, служыў мінным машыністам на падводных лодках “Стерлядь”, “Едінорог”. У 1916 годзе за рэвалюцыйнае выступленне унцер-афіцэр Фёдар Сакун быў разжалаваны ў радавыя, пераведзены матросам на крэйсер “Диана”.

У 1917 годзе Фёдар Сакун апынуўся ў гушчыні рэвалюцыйных падзей. Падводніка Фёдара Сакуна ўключылі кулямётчыкам у матроскі атрад, якім камандаваў легендарны мічман Сяргей Дзмітравіч Паўлаў (1897–1946). Атраду С. Д. Паўлава ў лістападзе 1917 года далі заданне арыштаваць штаб генерала Дуконіна, потым даверылі ахоўваць штаб рэвалюцыі і В. І. Леніна.

Пасля таго, як Савецкі ўрад пераехаў у Маскву, атрад С. Д. Паўлава расфарміравалі і Фёдар Сакун вярнуўся на галоўную базу флоту. Атрымаў назначэнне на падводную лодку «Пантера» (“Комиссар”), якая рыхтавалася да Лядовага паходу ў Кранштадт. 31 жніўня 1919 года «Пантэра» на блізкіх подступах да Кранштадта атакавала тарпедамі і патапіла самы новы карабель англійскіх інтэрвентаў – эскадраны мінаносец «Вікторыя». Страляў тарпедамі мінны машыніст Фёдар Сакун. За гэты баявы паход увесь экіпаж лодкі быў узнагароджаны дадатковым пайком і новымі скуранымі тужуркамі, а трохі пазней Фёдара Сакуна ўзнагародзілі яшчэ і імянным гадзіннікам.

У 1921 годзе Фёдар Сакун здаў экзамен на міннага спецыяліста, і Рэўваенсавет зацвердзіў яго на камандзірскай пасадзе. Праз год за актыўны ўдзел у аднаўленні флоту і падрыхтоўцы кадраў маладых падводнікаў Ф. Сакуну было нададзена ганаровае званне Героя Працы і ўручаны адпаведны атэстат.

Ф. Сакун праслужыў на падводнай лодцы «Пантэра» больш як трынаццаць гадоў. У 1931 годзе яго прызначылі флагманскім мінёрам дывізіёна, на флоцкай мове – дыўмінам. Стаў ён гаспадаром усіх тарпед свайго дывізіёна.

20 ліпеня 1938 года Ф. Сакун быў арыштаваны па абвінавачванню ў шпіянажы, у лютым 1939 года вызвалены.

У час Вялікай Айчыннай вайны Фёдар Вікенцьевіч удзельнічаў у абароне блакаднага Ленінграда. Калі гітлераўцы выйшлі на блізкія подступы да Ленінграда, Ф. Сакун узначаліў адзін з атрадаў маракоў-мінёраў, якому было загадана замініраваць перакрыжаванні галоўных дарог на правым беразе Фінскага заліва. На гэтым рубяжы матросы падарвалі шэсць нямецкіх танкаў, а астатнія павярнулі назад.

З ліпеня 1942-га па верасень 1945 года Ф. Сакун – мінёр дывізіона падводных лодак, якія будаваліся і капітальна рамантаваліся на Балтыйскім флоце.

За вайну шмат гераічных спраў зрабіў капітан другога рангу Фёдар Сакун, урад узнагародзіў яго двума ордэнамі Леніна (1939, 1945), ордэнамі Чырвонай Зоркі (1944) і Чырвонага Сцяга (1945), медалямі. 29 жніўня 1945 года яму было прысвоена званне капітана першага рангу.

У 1949 годзе Фёдар Вікенцьеві выйшаў у адстаўку. Да канца сваіх дзён ён аддаваў усе сілы і веды флоту і флоцкай моладзі.

Фёдар Вікенцьевіч Сакун памёр у 1955 годзе, пахаваны ў Ленінградзе.

 

Матэрыял падрыхтаваны Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя Я. Купалы. Брэус Ірына Леанідаўна, бібліёграф

 

  1. Сакун Фёдар Вікенцьевіч // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Ляхавіцкага раёна. Мінск : БелСЭ, 1989. С. 139–142.

  2. Сакун Фёдор Викентьевич // Корнилович, Э. А. Беларусь: созвездие политических имен : историко-биографический справочник / Э. А. Корнилович. Минск : ФУАинформ, 2010. С. 169–170.

  3. Быховский, И. А. Повесть о рядовом балтийце / Израиль Адольфович Быховский. Ленинград : Лениздат, 1970. 224 с.

  4. Быховский, И. А. Героическая «Пантера» : история одной подводной лодки : 2-е изд., исправ. и доп. / Израиль Адольфович Быховский. Ленинград : Лениздат, 1963.

  5. Канько, Г. Народжаныя рэвалюцыяй : пра назвы вуліц і лёсы людскія : [у т. л. пра Ф. В. Сакуна] / Галіна Канько // Ляхавіцкі веснік. 2010. 20 кастрычніка. С. 2.

  6. Быхоўскі, І. Балтыец Хведар Сакун : [нарыс] / Ізраіль Быхоўскі // Полымя. 1971. № 9. С. 183–197.

Чытаць 1128 разоў Апошняя змена Серада, 13 Май 2020 09:15