Чацвер, 12 Лістапад 2015 10:55

21 кастрычніка 2015 г. – 95 гадоў з дня нараджэння Івана Якаўлевіча Фяцісава (1920–1994), жывапісца, заслужанага работніка культуры Беларусі

Іван Якаўлевіч Фяцісаў нарадзіўся 21 кастрычніка 1920 года ў пасёлку Тума Разанскай вобласці (Расія). Дастатак у доме быў невялікі, але на дзяцей дабратворна ўплывала атмасфера сямейнага свету, працавітасці, парадку, дружбы і ўзаемнай любові. У доме любілі кнігі, пастаянна чыталі ўслых дзецям. Дзеці былі зусім малымі, калі Стэфаніда Іванаўна страціла мужа, не стала прытулку і сродкаў да існавання. Сям’я блукала па чужых кутах.

Іван Фяцісаў скончыў сем класаў і паступіў у Іванаўскае мастацкае вучылішча. З гэтага моманту пачалося яго самастойнае жыццё – без усялякай фінансавай і маральнай падтрымкі. Яго настаўнікамі былі кнігі. Руская дэмакратычная літаратура навучыла паважаць асобу чалавека, любімымі паэтамі былі Пушкін, Лермантаў і Байран. Музычная камедыя, тэатральная класіка, кінафільмы – усё гэта спрыяла фарміраванню светапогляду мастака.

У 1940 годзе з чацвёртага курса Івана Фяцісава прызвалі ў армію. З сабой ён узяў томік Пушкіна, скрыпку і фарбы, але Вялікая Айчынная вайна пісала свае палотны дымам і агнём. Ён удзельнічаў у Сталінградскай бітве, ваяваў на Курскай дузе, прайшоў усю вайну і Перамогу сустрэў ў Празе. Старшы лейтэнант, начальнік разведкі дывізіёна Іван Фяцісаў быў у гушчы ваенных падзей. За адвагу франтавы разведчык І. Фяцісаў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Чырвонага Сцяга і Айчыннай вайны І ступені, медалямі.

Пасля дэмабілізацыі Іван Якаўлевіч вярнуўся ў Іванаўскае мастацкае вучылішча, скончыў яго у 1947 годзе. Тады ж стаў удзельнікам мастацкіх выстаў рознага ўзроўню. З 1947 года мастак назаўжды звязвае свой лёс з Брэстам. Іван Якаўлевіч выкладаў у студыі выяўленчага мастацтва пры Доме народнай творчасці, адначасова займаўся жывапісам. Працаваў у станковым жывапісе, у жанрах сюжэтна-тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта, пейзажа. Праз два гады яго запрасілі ў Саюз мастакоў Беларусі, ён стаў адным са стваральнікаў Брэсцкага аддзялення БСМ.

Мастак шмат падарожнічаў па Беларусі і Расіі. У 1976 годзе ў складзе дэлегацыі ён пабываў у Парыжы.

Вочы і рукі – асноўнае ў партрэтах І. Фяцісава. Ён не шукае знешніх эфектаў, для яго важней тое, што ўнутры чалавека, што вызначае яго характар. Выразнасці ён дасягае за кошт дакладнага жэсту і кампазіцыйнай пабудовы. Яго партрэтам уласцівы выразныя псіхалагічныя і сацыяльныя характарыстыкі: «Беларус» (1949), «Будаўніца» (1958), А. А. Ус (1959), даярка Н. Жук (1962), «Ганаровыя грамадзяне Брэста» (1978), серыі партрэтаў будаўнікоў Бярозаўскай ДРЭС (1960), ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны (1958–1980).

Ён аўтар многіх сюжэтна-тэматычных карцін «Юныя мічурынцы» (1952), «Салдацкія хваляванні ў Брэсцкай крэпасці ў 1905 г.» (1956), «Пераемнасць» (1970), «Памяць пра невядомыя магілы» (1977), лірычных пейзажаў.

Персанальныя выставы мастака праходзілі не раз у г. Брэсце і ў 1992 годзе – у Мінску. Творы мастака знаходзяцца ў музеях і карцінных галерэях Беларусі.

Іван Фяцісаў таксама аўтар архітэктурна-мастацкіх рашэнняў экспазіцый музеяў: гістарычнага – у Бярозе (1964–1965), краязнаўчых – у Брэсце, Баранавічах, Пінску, Століне (1966–1970), музея касманаўтыкі на радзіме П. І. Клімука ў в. Камароўка Брэсцкага раёна (1978), археалагічнага музея «Бярэсце», музея-помніка «Камянецкая вежа» (Камянец). Разам з прафесарам Антонам Якаўлевічам Асам стваралі біялагічны музей Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна.

І. Фяцісаў – заслужаны работнік культуры БССР (1989), Ганаровы грамадзянін станіцы Мокрая Ельмута Пралетарскага раёна Растоўскай вобласці (Расія), якую ён у студзені 1943 года вызваляў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (1975).

Памёр Іван Якаўлевіч у Брэсце 5 кастрычніка 1994 года, пахаваны на гарадскіх могілках Плоска.

Яго дачка, Анастасія Іванаўна Фяцісава, таксама стала мастаком-жывапісцам, закончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, член БСМ з 1991 года, шмат працуе ў жанры гістарычнай карціны, вядома стварэннем вобразаў старажытнага Бярэсця.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, загадчыца інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

  1. Фетисов Иван Яковлевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск,2009. Т. 1, кн. 2. С. 435.

  2. Фетисов Иван Яковлевич // Республика Беларусь : энциклопедия : в [7] т.Минск, 2008. Т. 7. С. 360.

  3. Фяцісаў Іван Якаўлевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2003. Т. 16. С. 512.

  4. Фяцісаў Іван Якаўлевіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 648.

  5. Фяцісаў Іван Якаўлевіч // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 556.

  6. Фяцісаў Іван Якаўлевіч / І. М. Шалянкова // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 429.

  7. Иван Фетисов : [живопись : каталог] / Брестское отделение Союза художников БССР ; [сост. П. С. Дурчин; автор Р. П. Честнова; ред. А. А. Чабанюк]. Мінск, 1991. 64с. : ил.

  8. Валасюк, Л. Мастак Іван Фяцісаў // Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды / Лявон Валасюк. Брэст, 2014. С. 60–61.

  9. Фёдараў, Л. Творчасць пазітыву : да 90-годдзя вядомага берасцейскага мастака Івана Фяцісава / Леанід Фёдараў // Народная трыбуна. 2010. 23 кастрычніка. С. 12.

  10. Рубашевский, Ю. Иван Фетисов на митинги не ходил : [о вечере памяти и выставке живописца в Художественном музее] / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2004. 24 ноября. С. 6.

  11. Александров,Н. Высота Ивана Фетисова: десять лет спустя / Николай Александров // Брестский курьер. 2004. 18 ноября (№ 47). С. 24.

  12. Александров,Н. Пейзаж души художника Фетисова : [о выставке пейзажей И. Я. Фетисова] / Николай Александров // Брестский курьер. 1994. 29 сентября – 5 октября. С. 9.

  13. Фетисов, И. Я. Если есть цель… / Иван Яковлевич Фетисов ; беседовал А. Гарай // Заря. 1993. 19 августа.

  14. Іван Фяцісаў : хроніка мастацкага жыцця сёння // Мастацтва. 1992. № 8. С. 75.

  15. Шилин, П. След на земле : [о персональной выставке брестского художника И. Я. Фетисова] / П. Шилин // Заря. 1992. 6 мая.

  16. Кисть мужественная и добрая : [о выставке картин живописца И. Я. Фетисова в Бресте] // Брестский курьер. 1992. 8–14 мая.

  17. Фетисов, И. «…мне есть что сказать» / Иван Фетисов ; беседу вёл Сергей Лавров // Народная трыбуна. 1991. 4–10 лютага. С. 5.

  18. Лавров, С. Люблю – значит существую : [брестскому художнику И. Я. Фетисову 70 лет] / Сергей Лавров // Заря. 1990. 30 октября.

  19. О присвоении тов. Фетисову И. Я. почётного звания “Заслуженный работник культуры Белорусской ССР” : Указ Президиума Верховного Совета БССР // Заря. 1989. 26 июля.

  20. Александров, Н. Дороги и дни художника Фетисова / Николай Александров // Заря. 1980. 19 декабря.

  21. Гарай, А. В союзе с музой истории : [о брестском художнике И. Я. Фетисове] / А. Гарай // Заря. 1980. 25 сентября.

  22. Сурский, А. Разведка кистью : [о выставке картин И. Я. Фетисова] / Аркадий Сурский // Заря. 1971. 21 января.

  23. Фяцісава Анастасія Іванаўна // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыкл. даведнік. Мінск, 1998. С. 556.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1261 разоў Апошняя змена Аўторак, 12 Май 2020 16:08