Аўторак, 24 Лістапад 2015 10:24

2 лістапада 2015 г. – 55 гадоў з дня нараджэння (1960) Алеся Наварыча (сапр. Аляксандр Іванавіч Трушко), пісьменніка, лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Аляксандр Іванавіч Трушко нарадзіўся 2 лістапада 1960 года ў вёсцы Відзібор Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Бацька, Іван Мікітавіч Трушко, працаваў у калгасе, маці, Марыя Лукашаўна – была швачкай.

Пасля заканчэння Відзіборскай сярэдняй школы (1977) Аляксандр Трушко працаваў цесляром-бетоншчыкам у Столінскім ПМК, лабарантам у Відзіборскай школе. У 1978 годзе паступіў на стаматалагічны факультэт Мінскага медыцынскага інстытута. Але, адчуўшы цягу да літаратуры, пакінуў медыцыну і ў 1980 годзе паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. Леніна. Пасля заканчэння БДУ настаўнічаў у Дзяржынскім і Карэліцкім раёнах, затым працаваў літаратурным рэдактарам у часопісе «Вожык», з 1990 года – метадыстам Рэспубліканскага цэнтра эстэтычнага выхавання дзяцей, быў намеснікам старшыні Управы грамадска-культурнага аб’яднання «Полісьсе», галоўным рэдактарам газеты «Збудінне».

З 1995 года Аляксандр Іванавіч працаваў у штаце часопіса для дзяцей і падлеткаў «Бярозка», з 2004-га – займаў пасаду намесніка галоўнага рэдактара выдавецтва «Выдавецкі цэнтр БДУ», з 2005-га – загадчык аддзела прозы часопіса «Полымя», з 2007-га – намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» і ў гэтым жа годзе ўзначаліў часопіс «Всемирная литература». У 2015 годзе стаў галоўным рэдактарам беларуска-украінскага альманаха “Справа”, накіраванага на актывізацыю творчага дыялогу пісьменнікаў Украіны і Беларусі.

Свой шлях у літаратуру Алесь Наварыч пачаў з апавяданняў (абразкоў), падборка якіх была надрукавана ў часопісе «Маладосць» у 1983 годзе пад назвай «Рабкова ноч». Пазней гэты ж часопіс змяшчае яго аповесць «Цкаванне вялікага звера», а ў 1988 годзе гэтыя апавяданні і аповесць сталі асновай першай кнігі празаіка. Тады ж ён быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі (з 2013 г. у Саюзе беларускіх пісьменнікаў).

Алесь Наварыч піша пра людзей Палесся, пра родную прыроду, Бацькаўшчыну. У яго творах рэальныя і міфічныя істоты жывуць арганічным жыццём, уздзейнічаюць на пачуцці чытача. Апавяданням і аповесцям празаіка ўласціва лаканічнасць, займальнасць, вастрыня і надзённасць праблематыкі, філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці і чалавечых лёсаў.

Апавяданні «Чалавекалюбства», «Лёгкі адрас», «Нелюдзь», «Венерыны чаравічкі», «З вясною ў жмуркі», «Антонік» і інш. распавядаюць аб злабаднеўнай патрэбнасці дакапацца да вытокаў дабра і зла ў чалавечай душы. Творы Алеся Наварыча друкуюцца ў часопісах «Нёман», «Маладосць», «Полымя», у газеце «Звязда». Аўтар зборнікаў прозы «Рабкова ноч» (1988), «Ноч пацалункаў незалежнасці» (1989).

Алесь Наварыч стаў пераможцам традыцыйнага літаратурнага конкурсу газеты «Звязда» за лепшае апавяданне ў 2000 годзе. Яго цудоўнае апавяданне «Юшка з заячай капусты» прасякнута няўлоўна-таямнічым водарам дзяцінства, магічным пахам вячэрняга вогнішча і смакам самай сапраўднай юшкі.

З цягам часу ў пісьменніка адбыўся зварот ад малых празаічных твораў да буйнай эпічнай формы, дзе, як і ў жыцці, знайшлося месца трагічнаму, смешнаму, фантасмагарычнаму, развагам пра каханне і філасофію бытавання. У 2004 годзе перад чытачамі паўстаў гістарычны раман «Літоўскі воўк». Падзеі ў рамане адбываюцца ў Манькавіцкім павеце. Вострасюжэтны твор, прасякнуты духам авантурызму і ўзбагачаны любоўнай інтрыгай, разам з галоўнымі героямі запрашае чытача ў час паўстання 1863–1864 гадоў. Аўтар і на гэты раз не адступіўся ад магчымасці прызнацца ў любові мове і прыродзе, звярына-птушынаму царству, Гарыні, усяму непаўторнаму палескаму, паўднёва-заходняму краю.

За раман «Літоўскі воўк» Алесь Наварыч названы Лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне мастацкай літаратуры (2003).

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Шаламіцкая Я. А., гал. бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Творы А. Наварыча

1. Звери : Встречи с природой : этюды / Алесь Наварич.Минск : Мастацкаялітаратура, 2006. – 46 с.

2. Лiтоўскi воўк : гiстарычны раман / Алесь Наварыч. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 2005. – 285 с. – (Беларуская проза ХХI стагоддзя).

3. Звяры. Сустрэчы з прыродай : эцюды / Алесь Наварыч. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 2004. – 48 с. : іл. – (Зямля мая).

4. Ноч пацалункаў незалежнасці : апавяданні / Алесь Наварыч. – Мінск : Выдавецтва ЦК КП Беларусі, 1989. – 111 с. – (Б-ка часоп. “Маладосць”, № 2).

5. Рабкова ноч : аповесці, апавяданні / Алесь Наварыч ; [прадм. А. Карпюка]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. – 173 с. – (Першая кніга празаіка).

6. Антоник : [рассказ] / Алесь Наварич // Счастливая встреча : сборник произведений писателей Беларуси и Азербайджана / сост. Алесь Бадак. Минск : Звязда, 2013. С. 216–234. (Созвучие сердец).

7. Чорны певень з залатым хвастом : [апавяданне] / Алесь Наварыч // Закаханы ў снягурку : апавяданні, казкі, мініяцюры. Мінск : Мастацкая літаратура, 2012. С. 170–178. (Маладзік) ; ЛіМ. 2012. 10 лютага (№ 6). С. 17.

8. Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу... : аповесць / Алесь Наварыч // Бадак, А. Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца : аповесці : для сярэд. і ст. шк. узросту / А. Бадак, Р. Баравікова, А. Наварыч. Мінск : Лiтаратура i Мастацтва, 2011. С. 88–174.

9. Сашурка : [апавяданне] / Алесь Наварыч // Верасень. 2011. № 2. С. 102–127.

10. Самажыццяпіс / А. І. Наварыч // З росных сцяжын : [аўтабіяграфіі пісьменнікаў Беларусі] / уклад. Мікола Мінзер. Мінск : Літаратура і мастацтва, 2009. С. 294–296.

11. Пані з сабачкам, альбо Пад кветкамі магнолій… : аповесць / Алесь Наварыч // У храме зямнога кахання : аповесці, апавяданні / уклад. А. Лесавік. Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. С. 188–204.

12. Жыццё і дзіўныя штукарствы Мацейкі, або Рабінзон Кукуруза, сын Палесся : аповесць / Алесь Наварыч // Полымя. 2007. № 11. С. 140–150.

13. «Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу…» : аповесць / Алесь Наварыч // Маладосць. 2007. № 4. С. 32–57; № 5. С. 45–69.

14. Венерыны чаравічкі : апавяданне / А. Наварыч // Сучасная беларуская проза : традыцыі і наватарства. Мінск : Сэр – Віт, 2003. С. 408–421.

15. Юшка з заечнай капусты : апавяданне / Алесь Наварыч // Звязда. 2000. 5 лютага. С. 6–7.

 

Аб жыцці і творчасці А. Наварыча

1. Наварич Алесь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Мінск : БелЭН імя П. Броўкі, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 117.

2. Алесь Наварыч (Алесь Іванавіч Трушко) // Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч . Брэст, 2008. С. 517–523.

3. Наварич Алесь // Республика Беларусь : в [7] т. Минск, 2007. Т. 5. С. 286.

4. Наварыч Алесь // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 11. С. 101.

5. Алесь Наварыч // Беларускія пісьменнікі (1917–1990) : даведнік / скл. А. К. Гардзіцкі. Мінск , 1994. С. 398.

6. Наварыч Алесь / Л. С. Савік // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны сдоўнік : у 6 т. Мінск, 1994. Т. 4. С. 365.

7. Штэйнер, І. Ф. Прызнанне ў любові : (рэгіянальнае і агульначалавечае ў прозе А. Наварыча) / І. Штэйнер // Bis repetita placent / І. Ф. Штэйнер. Гомель, 2013. С. 157–170.

8. Хвораст, В. Роздумы над раманам Алеся Наварыча Літоўскі воўк / В. Хвораст // Горьковские чтения : Десятая республиканская научно-практическая конференция. Брест, 2012. С. 147150.

9. Макмілін, А. Алесь Наварыч / Арнольд Макмілін // Пісьменства ў халодным клімаце : беларуская літаратура ад 70-х гг. ХХ ст. да нашых дзён / Арнольд Макмілін. Беласток, 2011. С. 258265.

10. Шаўлякова, І. Свята поўні : этнаграфічныя каментары да аднаго літаратурнага рытуалу : [пра творчасць А. Наварыча] / І. Шаўлякова // Сапраўдныя хронікі Поўні : артыкулы і рэцэнзіі / І. Шаўлякова. Мінск : Літаратура і мастацтва, 2011. С. 32–52.

11. Лешнiца, К. Свой выбар : [творчасць Алеся Наварыча; раман “Літоўскі воўк”] / К. Лешніца // Маладосць. 2010. № 11. С. 135–137.

12. Паталкоў, Ю. Уласная поўня : Сустрэча з апавяданнем «Сузіранне начной поўні» Алеся Наварыча / Юрый Паталкоў // Роднае слова. 2010. № 11. С. 33–34.

13. Шаўлякова, І. Свята поўні : этнаграфічныя каментарыі да аднаго літаратурнага рытуалу : [пра творчасць А. Наварыча] / І. Шаўлякова // Маладосць. 2008. № 8. С. 84–94.

14. Капуста, Ж. Літаратурныя штукарствы альбо загадкі на тэму : [аб аповесці А. Наварыча “Жыццё і дзіўныя штукарствы Мацейкі, або Рабінзон Кукуруза, сын Палесся”] / Жанна Капуста // ЛiМ. 2008. 4 студзеня. С. 7.

15. Карако, П. Литовский волк : [рецензия на исторический роман Алеся Наварича «Літоўскі воўк»] / П. Карако // Нёман. 2007. № 1. С. 180–183.

16. Грамадчанка, Т. У імя любові да чалавека : [ у тл. на прыкладзе творчасці А. Наварыча] / Т. Грамадчанка // Роднае слова. 2007. № 11. С. 912.

17. Ханеня, С. Метафарызацыя прыроды ў творах А. Наварыча / С. Ханеня // Гістарычна-культурная спадчына Брэсцка-Пінскага Палесся. Ч. 2. Брэст, 2006. С. 196–200.

18. Пераход, В. Дыялектная размоўная плыня ў рамане Алеся Наварыча «Літоўскі воўк» / В. Пераход // Гістарычна-культурная спадчына Брэсцка-Пінскага Палесся. Ч. 2. Брэст, 2006. С. 125–129.

19. Бугаёў, Д. Гістарычная проза Алеся Наварыча ў святле Караткевічаўскай традыцыі / Дзмітрый Бугаёў // Полымя. 2006. № 3. С. 162–167.

20. Чарота, А. Алесь Наварыч. Літоўскі воўк : [літаратурна-крытычны артыкул] / А. Чарота // Маладосць. 2006. № 1. С. 152.

21. Штэйнер, І. Беларусь з Палесся пачынаецца : творчы партрэт Алеся Наварыча / І. Штэйнер // Маладосць. 2005. № 10. С. 118–127.

22. Федарук, М. З любоўю да прыроды : [пра кнігу А. Наварыча Звяры. Сустрэчы з прыродай] / М. Федарук // Народная трыбуна. 2005. 3 верасня.

23. Смаль, В. М. Вобразы Палесся ў рамане А. Наварыча “Літоўскі воўк” / В. М. Смаль // Беларуска-польскае памежжа: гісторыя, сучасны стан, будучыня. Брэст : БрДУ, 2004. C. 136–139.

24. Шынкарэнка, В. Прыпадаючы да вытокаў… : [пра раман А. Наварыча «Літоўскі воўк»] / В. Шынкарэвіч // ЛіМ. 2004. 16 студзеня. С. 6.

25. Наварыч, А. Кожнаму дню досыць свайго клопату : [гутарка з пісьменнікам] / Алесь Наварыч // ЛіМ. 2004. 20 лютага. С. 13.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2763 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Май 2020 16:20