Чацвер, 24 Снежань 2015 16:12

28 лістапада 2015г. – 120 гадоў з дня нараджэння Аўдоцці (Еўдакіі) Якаўлеўны Клеўжыц (1895–1975), народнай спявачкі, знаўцы традыцыйнага беларускага фальклору

Аўдоцця Якаўлеўна Клеўжыц нарадзілася 28 лістапада 1895 года ў весцы Сінкевічы Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Усё жыццё пражыла ў роднай вёсцы, працавала на зямлі.

Аўдоцця Клеўжыц – самабытная народная спявачка, носьбітка беларускай фальклорнай традыцыі. У аснове яе песеннага рэпертуару – каляндарная і сямейна-абрадавая творчасць: абрады, песні калядныя, шчадроўныя і веснавыя, семушныя, купальскія, жніўныя, вясельныя, хрэсбінныя, калыханкі, а таксама замовы, балады, жартоўныя песні. Яе голас вызначаўся пявучасцю і сілай, асабліва ёй удаваліся песні на тэму кахання і шлюбу. Як выдатную знаўцу вясельных абрадаў і песень, усіх этапаў шлюбнага рытуалу, яе часта запрашалі на вяселлі, дзе яна спявала дзесяткі і нават сотні песень і прыпевак, якімі суправаждаліся пэўныя абрадавыя дзеянні.

Асабліваю ўвагу пявуння з Сінкевіч надавала восеньскім песням, што суправаджаюць восеньскую працу селяніна, пачынаючы з жніва і да піліпаўкі. У іх паэтызуецца чалавек працы і сама праца, апяваецца восеньская прырода, выяўляюцца жаночыя і дзявочыя перажыванні, звязаныя з цяперашнім ці будучым замужжам. Матыў замужжа асабліва часты ў восеньскіх песнях, паколькі восенню, пасля ўборкі ўраджаю і да каляднага посту, калісьці звычайна ладзіліся вяселлі.

Песні Аўдоцці Якаўлеўны распавядалі пра жаночы лёс, пра складанасць людскіх узаемаадносін. Усю сваю пяшчоту і каханне яна перенесла на прыёмнага сына Івана, якога ўзяла ў 1930-ым ва ўзросце пяці гадоў з вёскі Мокрава, што побач з Сінкевічамі. Маці хлопчыка памерла, і Аўдоцця гадавала малога, які затым вывучыўся ў Віцебскім тэхнікуме, атрымаў прафесію электратэхніка, жыве ў Лідзе.

Спеў Аўдоцці Клеўжыц вылучаўся глыбокай пранікнёнасцю, семантыкай тэксту, думкай, што ляжала ў яго аснове. Гэта прыцягвала да яе беларускіх фалькларыстаў. Яе песні запісвалі настаўнік Сінкевіцкай школы Уладзімір Вікенціевіч Саўчук (па просьбе Якуба Коласа, які быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР ад Мікашэвіцкай выбарчай акругі, яму спатрэбілася апісанне вяселля), Г. І. Цітовіч, навуковыя супрацоўнікі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР: А. С. Ліс, Л. М. Салавей, А. С. Фядосік (Анатоль Сямёнавіч быў настаўнікам, дырэктарам Сінкевіцкай сярэдняй школы ў 1949–1955 гг.) і інш. Нават калі спявачцы было каля васьмідзесяці гадоў, яна валодала добрым голасам і надзвычайнай памяццю.

Веснавая песня “І эй, вясна-красна”, вясельная “Ой, мосце, мосце залаты”, балада “Аддала маці дочку на чужую староначку” і іншыя ўвайшлі ў тамы серыі “Беларуская народная творчасць”: “Дзіцячы фальклор” (1972), ”Балады” (Кн. 1, 1977), “Веснавыя песні” (1979), “Вяселле. Песні” (Кн. 1, 1980).

Аўдоцця Якаўлеўна Клеўжыц памерла 31 снежня 1975 года.

 

Матэрыал падрыхтаваны ў 2015 г. Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Бушыла Іна Васільеўна, гал. бібліёграф аддзела абслуговання і інфармацыі

 

  1. Клеўжыц Аўдоцця (Еўдакія) Якаўлеўна // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2013. Т. 4. С. 483.

  2. Клевжиц Авдотья // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Бресткая область : в 2 кн. Минск, 2009. Кн. 2. С. 455.

  3. Клеўжыц Аўдоцця / А. С. Ліс // Беларускі фальклор : энцыклапедыя : у 2 т. Мінск : БелЭН, 2005. Т. 1. С. 692.

  4. Клеўжыц Аўдоцця / А. С. Ліс // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1986. Т. 3. С. 70.

  5. Ліс, А. Пявунья з Сінькевіч : [артыкул з кнігі “Песню – у спадчыну”] / Арсень Ліс // Памяць : гіст.-дакум. хроніка Лунінецкага раёна / укл.: Т. В. Канапацкая. Мінск : Беларусь, 1995. С. 652–653.

  6. Ліс, А. Пявуння з Сінькевіч : [пра наведванне А. Я. Клеўжыц] // Ліс, А. Песню – у спадчыну : мастацтвазнаўчыя артыкулы / Арсень Сяргеевіч Ліс. Мінск : Мастацкая літаратура, 1989. С. 3–6.

  7. Ліс, А. Песні Аўдоцці Клеўжыц / Арсень Ліс // Маладосць. 1973. № 6 С. 116–117.

  8. Ліс, А. Пявуння з Сінкевіч: [артыкул з кнігі “Песню – у спадчыну”, які напісаны ў 1970 г.] / Арсень Ліс // Лунінецкія навіны. 1994. 1 лютага (№ 12). С. 2.

  9. Фядосік, А. Фальклор Лунінеччыны : [у т. л. пра А. Я. Клеўжыц] / А. [Анатоль Сямёнавіч] Фядосік // Лунінецкія навіны. 1993. 18 мая (№ 56). С. 3.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1372 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Май 2020 16:11