Чацвер, 24 Снежань 2015 16:14

24 лістапада 2015 г. – 115 гадоў з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Мультана (1900–1975), ваеннага дзеяча, удзельніка Грамадзянскай вайны, вызвалення Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну, генерал-лейтэнанта, Героя Савецкага Саюза

Мікалай Мікалаевіч Мультан нарадзіўся 24 лістапада 1900 года ў вёсцы Някрасаўшчына Косаўскай воласці Слонімскага павета Гродзенскай губерні (цяпер вёска Бараны Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці) ў сям’і чыгуначнага рабочага. З васьмі гадоў застаўся без маці, выхоўваўся бацькам, Мікалаем Раманавічам, і мачыхай, Ганнай Мікалаеўнай.

У 1911 годзе скончыў царкоўна-прыхадскую школу на станцыі Косава. Да восені 1915 года вучыўся ў чатырохкласным гарадскім вучылішчы ў г. Баранавічы. З надыходам фронту Першай сусветнай вайны сям’я эквакуіравалася ў Смаленскую вобласць. Там Мікалай Мультан пачаў працаваць рабочым на чыгунцы (станцыя Бацюшкова).

У верасні 1918 года ён дабраахвотнікам уступіў у Чырвоную армію, служыў у Смаленску. У 1919 годзе ў ліку лепшых чырвонаармейцаў палка быў накіраваны на курсы камандзіраў у Маскву. 14 чэрвеня 1919 года Мікалай Мультан слухаў прамову У. І. Леніна ў Доме Саюзаў, якая аказала на яго вялікае ўражанне. У тым жа годзе ўступіў у ВКП(б). Служыў на Паўднёвым, Петраградскім і Заходнім франтах. З мая па ліпень 1920 года ўдзельнічаў у разгроме белапалякаў. У 1921 годзе змагаўся з бандамі Антонава ў Тамбоўскай губерні.

У 1925–1927 годах Мікалай Мультан вучыўся ў Беларускай аб’яднаную ваеннай школе імя ЦВК БССР (Мінск). Пасля заканчэння служыў на Украіне, у 1930-м яго пераводзяць у г. Канск (Усходне-Сібірскі край) на пасаду камандзіра роты, а праз год прызначаюць начальнікам штаба батальёна стралковага палка. У 1931–1932 гадах Мікалай Мультан – слухач разведвальных курсаў у Маскве. Затым вярнуўся ў Сібірскую ваенную акругу і служыў на розных пасадах. У 1934 годзе скончыў першы курс Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзэ. У 1938 годзе прызначаны начальнікам разведвальнага аддзела Сібірскай ваеннай акругі. З верасня 1939 года па снежань 1941 года – камандзір 418-га стралковага палка. 14 лютага 1940 года атрымаў званне палкоўніка.

У час Вялікай Айчыннай вайны М. М. Мультан ваяваў на Заходнім, 2-м і 3-м Беларускіх франтах. У пачатку ліпеня 1941 года яго 133-я стралковая дывізія была накіравана ў раён Вязьмы, дзе ўвайшла ў склад 24-й арміі Рэзервнага фронту і заняла абарону па ўсходнім беразе Дняпра. У пачатку верасня дывізія перакінута ў раён Андрэапаля, дзе ўвайшла у склад 22-й арміі Заходняга фронту.

З снежня 1941 года па сакавік 1942 года М. М. Мультан – начальнік штаба 133-й стралковай дывізіі. З сакавіка 1942 года выконваў абавязкі камандзіра 18-й стралковай дывізіі, а з ліпеня 1942 года – камандзір 42-й стралковай дывізіі 33-й арміі Заходняга фронту. Званне генерал-маёра атрымаў 14 лютага 1943 года. З лістапада 1943 года па май 1946 года – камандзір 69-га стралковага корпуса.

М. М. Мультан быў удзельнікам баёў пад Масквой, вызваляў Смаленск, Калінін, Віцебск, Гродна, фарсіраваў Проні, Басі, Днепр, Бярэзіну, Нёман. Корпус пад яго камандаваннем дзейнічаў ва ўспамагальным накірунку пры авалодванні крэпасцю Кёнігсбёрг.

26 чэрвеня 1944 года 69-ы стралковы корпус пад камандаваннем М. М. Мультана вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра каля вёскі Дабрэйка Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці і ўтрыманні плацдарма на яго правым беразе. За гэты подзвіг Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 21 ліпеня 1944 года генерал-маёру М. М. Мультану было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Пасля вайны М. М. Мультан займаў пасаду начальніка ўпраўлення баявой і фізічнай падрыхтоўкі Кіеўскай і Ленінградскай ваенных акруг. У 1951 годзе Мікалай Мікалаевіч заканчыў вышэйшыя акадэмічныя курсы пры Ваеннай акадэміі Генштаба. 8 жніўня 1955 года атрымаў званне генерал-лейтэнанта. У 1956–1959 гадах – намеснік галоўнага ваеннага саветніка Міністэрства нацыянальнай абароны ГДР.

М. М. Мультан меў узнагароды: два ордэны Леніна, чатыры ордэны Чырвонага Сцяга, два ордэны Суворава ІІ ступені, медалі «Залатая Зорка», «За абарону Масквы», «За ўзяцце Кёнігсберга» і інш.

З сакавіка 1959 года Мікалай Мікалаевіч на пенсіі. Вёў вялікую работу па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі. На грамадскіх пачатках загадваў інспекцыяй па кантролі пры Ленінградскім гарвыканкаме і з’яўляўся старшынёй ваенна-навуковага таварыства пры ваенна-гістарычным музеі імя А. В. Суворава.

Мікалай Мікалаевіч Мультан памёр 19 верасня 1975 года, пахаваны на Серафімаўскіх могілках на алеі герояў у Ленінградзе.

Яго імем названа вуліца ў г. Беразіно Мінскай вобласці. У Музеі савецка-польскай баявой садружнасці (вёска Леніна Горацкага раёна Магілёўскай вобласці) захоўваецца сцяг 42-й стралковай дывізіі, якой камандаваў М. М. Мультан. У гісторыка-краязнаўчым музеі СШ № 4 г. Івацэвічы ёсць экспазіцыя жыццёвага шляху героя. У 2009 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка М. М. Мультану на будынку Івацэвіцкага раённага краязнаўчага музея.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г. Івацэвіцкай раённай бібліятэкай імя П. Пестрака. Вазнішчык Вольга Мікалаеўна, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

  1. Мультан Николай Николаевич // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биографический справочник. Минск, 2015. С. 99.

  2. Мультан Николай Николаевич // Регионы Беларуси : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 112.

  3. Мультан Мікалай Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2000. Т. 11. С. 22–23.

  4. Мультан Мікалай Мікалаевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1999. Т. 5. С. 236.

  5. Мультан Мікалай Мікалаевіч // Памяць. Івацэвіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : БЕЛТА, 1997. С. 266–267.

  6. Мультан Николай Николаевич // Их именами названы… : энциклопедический справочник. Минск, 1987. С. 435–436.

  7. Мультан Мікалай Мікалаевіч // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1973. Т. 7. С. 313.

  8. Велікаселец, А. Генерал Мультан – наш земляк, Герой Савецкага Саюза / Аляксандр Велікаселец, настаўнік геаграфіі СШ № 4 г. Івацэвічы // Івацэвіцкі веснік. 2006. 30 чэрвеня. С. 3.

  9. Каляда, М. Наш зямляк – Герой Савецкага Саюза / М. Каляда // Кастрычнік (Івацэвічы). 1991. 2 красавіка.

  10. Левичев, И. Через годы и сражения : [о своем двоюродном брате Н. Н. Мультане рассказывает Антон Александрович Мультан] / И. Левичев // Заря. 1980. 10 января; 11 января. (Судьбы людские).

  11. Жукоўскі, А. 40 год у страі / А. Жукоўскі // Кастрычнік (Івацэвічы). 1970. 4 мая.

Чытаць 1334 разоў Апошняя змена Панядзелак, 11 Май 2020 16:15