Серада, 03 Люты 2016 10:24

24 студзеня 2016 г. – 75 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Аляксандравіча Алонцава (1941–2013), мастака, аўтара прац у станковай графіцы, акварэлі, педагога

Аляксандр Аляксандравіч Алонцаў нарадзіўся 24 студзеня 1941 года ў г. Брэсце ў сям’і ваеннаслужачага. Бацька, Аляксандр Іванавіч Алонцаў, гераічна загінуў у чэрвені 1941 года пры абароне Брэсцкай крэпасці.

З 1950 года Аляксандр Алонцаў займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам Пятра Аляксеевіча Данеліі пры абласным Доме народнай творчасці. У 1958 годзе закончыў СШ № 6 г. Брэста.

У 1963 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С. Кірава. Вучыўся ў мастакоў І. М. Сталярова, Ф. Ф. Гумена. З 1964 года працаваў педагогам студыі выяўленчага мастацтва пры Брэсцкiм клубе чыгуначнікаў. З 1966 года – мастак-афарміцель Брэсцкага аддзялення Беларускай чыгункі.

У 1973–1979 гадах Аляксандр Алонцаў вучыўся ва Украінскім паліграфічным інстытуце імя І. Фёдарава ў Львове па спецыяльнасці “графіка”. Выканаў дыпломны праект: серыя плакатаў “Алімпійскія гульні “Масква-80”.

Працаваў пераважна ў акварэлі, а таксама ў алейным жывапісу, займаўся мастацкім афармленнем кніг i мастацтвам плаката. Акварэль – сур’ёзнае творчае захапленне Аляксандра Алонцава, у ёй ён знайшоў сваю ўласную манеру, свой непаўторны голас. Сярод розных акварэльных тэхнік мастак прыпыніў сваю ўвагу на тэхніцы пісьма па-сырому. У акварэлі яго прываблівала найперш стыхія колеру, свабода і лёгкасць творчага самавыражэння.

Асноўныя творы: “У бубны дахаў вецер б’е…” (паводле верша М. Багдановіча “Завіруха”), “Палёўкі”, “Зялёны шум”, “Першыя кроплі”. Творы А. А. Алонцава знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі, Віцебскім мастацкім музеі і інш.

Аляксандр Алонцаў з 1991 года – член Беларускага саюза мастакоў. Удзельнік многіх міжнародных і рэспубліканскіх выставак, трох міжнародных пленэраў. Прызёр сямі рэспубліканскіх конкурсаў плакатаў. Узнагароджаны медалём БСМ “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” (1991).

У 1976 годзе стаў арганізатарам і першым дырэктарам Брэсцкай дзіцячай мастацкай школы, якой кіраваў да 2002 года, а выкладаў да 2005-га. У тым, што такая школа з’явілася, заслуга таксама тагачаснага начальніка аддзела культуры Брэсцкага гарвыканкама Паўла Андрэевіча Жмайліка (1931–2007). Побач з Аляксандрам Аляксандравічам было шмат педагогаў-аднадумцаў: Канстанцін Калодзіч, Яўген Маньякоў, Вера Нешына, Мікалай Якімовіч, Наталля Чорнагалова, Юрый Татарнікаў, Мікалай Нерадзюк, Уладзімір Тулупаў, Тамара Дзянісава... Педагогіка і творчасць зліваліся ў адзінае русла, прыносілі задавальненне і прыкметны вынік.

Пасля мастацкай школы А. А. Алонцаў яшчэ нейкі час быў выкладчыкам на кафедры мастацка-графічных дысцыплін Брэсцкага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна.

Аляксандр Аляксандравіч Алонцаў памёр 19 чэрвеня 2013 года.

12 верасня 2014 года ў выставачнай зале Брэсцкага АГКЦ адкрылася мемарыяльная выстава “Аляксандр Алонцаў. Траекторыя творчасці”. 31 ліпеня 2015 года ў Віцебскім мастацкім музеі была адкрыта выстава твораў А. А. Алонцава, – у горадзе, дзе ён вучыўся. У снежні 2015 года рашэннем Брэсцкага гарвыканкама Брэсцкай школе выяўленчых мастацтваў прысвоена імя А. А. Алонцава.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Алонцаў Аляксандр // Мастакі Брэстчыны : альбом-каталог / аўт.-склад. М. П. Кузьміч. Брэст : Брэсцкая друкарня, 2010. С.

  2. Алонцев Александр Александрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 17.

  3. Александр Алонцев // Художники Брестчины-2002 : альбом-каталог / авт.-сост.: Коньков М. К., Жук А. Ф., Грищук А. В., Крепак Б. А. Минск, 2002. С. 14.

  4. Александр Алонцев // Художники Брестчины : 50 лет : альбом-каталог / авт-сост.: Б. Крепак, А. Грищук, М. Коньков. Минск : Хелмон, 1997. С. 14–15.

  5. Алонцаў Аляксандр Аляксандравіч // Беларускі саюз мастакоў. 1938–1998 : энцыкл. даведнік / аўт.скл.: Б. А. Крэпак, Н. В. Зелянко [і інш.]. Мінск, 1998. С. 18.

  6. Александр Алонцев. Акварель : альбом-каталог / сост. А. Алонцев. – Брест, 2010.

  7. Брэсцкая дзіцячая мастацкая школа / У. І. Нікіценкаў // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 2001. Кн. 2. С. 587–588.

  8. Валасюк, Л. Саюз фарбаў, вады і паперы // Валасюк, Л. Непрыдуманыя партрэты : мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды Берасцейшчыны/ Лявон Валасюк. Брэст : ААТ “Брэсцкая друкарня”, 2014. С. 20–21.

  9. 30 лет ДХШ. 1976–2006 : альбом-каталог : [посв. юбилею детской художественной школы, г. Брест] / сост.: В. Д. Тулупов, А. А. Кондратюк. – Брест, 2006. – 18 с. : ил.

  10. Гапеева, Т. Брестской “художке” присвоили имя Александра Алонцева / Татьяна Гапеева // Брестская газета. 2016. 22 января (№ 4). С. 8.

  11. Павлова, Л. Имя А. Алонцева присвоено детской школе изобразительных искусств в Бресте / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2016. 21 января (№ 4). С. 3.

  12. Павлова, Л. Акварели Александра Алонцева прописались в университетском интерьере : [в БрГУ им. А. С. Пушкина открылась выставка, посвящённая памяти художника] / Любовь Павлова ; фото Натальи Хвасевич // Брестский курьер. 2015. 14 мая (№ 20). С. 10.

  13. Цыбульский, М.Траектория творчества : памяти Александра Алонцева / Михась Цыбульский // Культурнае жыццё Брэстчыны / Брестский ООКЦ. 2014. № 4. С. 35–36.

  14. Павлова, Л. Неувядаемые цветы художника Александра Алонцева / Любовь Павлова // Брестский курьер. 2014. 18 сентября (№ 38). С. 32.

  15. Козляковская, О. Встреча сквозь время : [о выставке произведений А. Алонцева в выставочном зале Брестского ООКЦ] / Оксана Козляковская // Вечерний Брест. 2014. 17 сентября. С. 7.

  16. Александров, Н. Полевые цветы памяти для Александра Алонцева / Николай Александров // Брестский курьер. 2013. 27 июня (№ 26). С. 3.

  17. Валасюк, Л. Саюз фарбаў, вады i паперы / Леанід Валасюк // Народная трыбуна. 2011. 29 студзеня. С. 10.

  18. Сутько, П. «Родной мой край, тебе посвящаю» : [об альбоме А. Алонцева “Акварель”] / Пётр Сутько // Заря. 2010. 16 января. С. 9.

  19. Акварельных дел мастер не выпускает кисти из рук : [об альбоме А. Алонцева “Акварель”] // Брестский курьер. 2010. 21 января (№ 4). С. 9.

  20. Дзічэнская, А. Хто ж найбліжэйшы сваяк ружы? / Алена Дзічэнская // Культура. 2008. 3 кастрычніка. С. 7.

  21. Гринчик, Т. Мир искрометных идей / Т. Гринчик // Брестский вестник. 2006. 21 февраля. С. 7.

  22. Диченская, Е. Цветные миры Александра Алонцева / Елена Диченская // Брестский курьер. 2006. № 12. С. 27.

  23. Набойченко, И. Цветы и грозы Александра Алонцева / И. Набойченко // Брестский курьер. 2001. № 6. С. 12.

  24. Набойченко, И. Он видел бульдозер Хрущёва... / И. Набойченко // Аргументы и факты в Беларуси. 2001. № 6. С. 12з.

  25. Бунеева, Л. На душе – как в чистом небе... : [о выставке акварелей А. Алонцева] / Людмила Бунеева // Вечерний Брест. 2001. 26 января. С. 3.

  26. Зырко, Н. Брестской детской художественной школе – 20 / Н. Зырко // Брестский курьер. 1996. 24–30 октября (№ 43). С. 17.

  27. Сухапар, У. На чыстым аркушы : [пра мастака, дырэктара Брэсцкай дзiцячай мастацкай школы А. А. Алонцава] / Уладзімір Сухапар // Народная трыбуна. 1994. 4 чэрвеня.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1465 разоў Апошняя змена Серада, 13 Май 2020 09:42