Чацвер, 17 Сакавік 2016 13:05

15 лютага 2016 г. – 115 гадоў з дня нараджэння Сяргея Антонавіча Бабрука (1901–1962), ваеннага дзеяча, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, генерал-лейтэнанта інжынерна-тэхнічнай службы, Героя Савецкага Саюза

Сяргей Антонавіч Бабрук нарадзіўся 15 лютага 1901 года ў вёсцы Шубічы Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці) у сямʼі селяніна. У 1914 годзе закончыў пачатковую школу. У гэтым жа годзе ўспыхнула Першая сусветная вайна. Вялікая хваля бежанцаў хлынула на ўсход. Бежанская плынь занесла Сяргея Бабрука на землі Калужскай губерні, дзе ён быў уладкаваны ў сіроцкі прытулак. Затым працаваў слесарам.

У 1920 годзе Сяргей Бабрук уступіў у Чырвоную армію. Курсантам 4-й кавалерыйскай школы камсаставу ўдзельнічаў у падаўленні Кранштадцкага паўстання. Пасля вайны вучыўся на 18-х Саратаўскіх і 15-х Алма-Ацінскіх кавалерыйскіх курсах. У 1923–1925 гадах – удзельнік ліквідацыі басмацкіх атрадаў. У 1940 годзе ён паспяхова закончыў Ваенную акадэмію імя М. В. Фрунзэ.

У гады Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Антонавіч удзельнічаў у многіх ваенных аперацыях. Так, уснежні 1942 года ў якасці начальніка штаба 153-й стралковай дывізіі распрацоўваў план па разгрому часцей 8-й італьянскай і 3-й румынскай армій у Вялікай Лугавіне Дона.

Асабліва праславіўся С. А. Бабрук пры ліквідацыі нікапальскай групоўкі ворага. Камандзір 47-й гвардзейскай стралковай дывізіі 8-й гвардзейскай арміі 3-га Украінскага фронта палкоўнік С. А. Бабрук умела арганізаваў дзеянні дывізіі пры вызваленні г. Нікапаля (на поўдні Украіны) у пачатку 1944 года. Абараняльныя ўмацаванні, узведзеныя гітлераўцамі пад Нікапалем, здаваліся непрыступнымі. Разведка пацвердзіла: фашысты будуць змагацца да апошняга. 31 студзеня гвардзейцы С. А. Бабрука пайшлі на штурм варожых пазіцый. Пасля некалькіх гадзін цяжкіх баёў яны захапілі населены пункт Вялікая Кастрама, паспяхова адбівалі адну за адной атакі гітлераўцаў. 12 лютага 1944 года горад Нікапаль быў вызвалены. У баях за гэты горад гвардзейцы С. А. Бабрука знішчылі і паранілі каля 2100 варожых салдат і афіцэраў, каля трохсот здаліся ў палон. Было знішчана многа варожай ваеннай тэхнікі, захоплена 14 складоў з боепрыпасамі, палівам і харчаваннем.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 19 сакавіка 1944 года за ўмелае кіраўніцтва аперацыяй і праяўленыя пры гэтым мужнасць і адвагу гвардыі палкоўніку С. А. Бабруку было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка». Гэтай жа датай яму было прысвоена воінскае званне генерал-маёр.

З мая 1944 года С. А. Бабрук – камандзір 31-га гвардзейскага стралковага корпуса 46-й, затым 4-й гвардзейскай арміі 3-га Украінскага фронту. Вёў баявыя дзеянні ў Ясска-Кішынёўскай, Дзебрэцэнскай, будапешцкай наступальных, Балатонскай абарончай, Венскай наступальнай аперацыях. Вызваляў гарады Будапешт, Вену і інш.

Пасля вайны С. А. Бабрук працягваў службу ва Узброеных Сілах СССР. У 1947 годзе скончыў Вышэйшыя акадэмічныя курсы пры Ваеннай акадэміі Генеральнага штаба. 8 жніўня 1955 года яму было прысвоена воінскае званне генерал-лейтэнант. Са снежня 1957 года – старшы ваенны саветнік групы ваенных спецыялістаў Цзінаньскай ваеннай акругі Народна-вызваленчай арміі Кітая.

Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Суворава 1-й і 2-й ступеняў, ордэнам Кутузава 2-й ступені, ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, шматлікімі медалямі.

У 1962 годзе (па іншым дадзеным у 1959 г.) Сяргей Антонавіч пайшоў у адстаўку: працягваць службу не дазваляла здароўе. Жыў і працаваў у горадзе Вінніца (Украіна). Памёр 18 сакавіка 1962 года ў Маскве.

Імя С. А. Бабрука займае дастойнае месца ў летапісу славы лепшых сыноў Айчыны. Адна з вуліц г. Пружаны носіць імя свайго слаўнага земляка.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Берднік Валянціна Іванаўна, галоўны бібліёграф

 

  1. Бобрук Сергей Антонович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 1. С. 112.

  2. Бобрук Сергей Антонович // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биограф. справочник. Минск, 2015. С. 23–24.

  3. Ермоленко, В. А. Сергей Антонович Бобрук // Ермоленко, В. А. 400 имен : жизнеописания видных деятелей истории и культуры Гродненщины (с древнейших времен до начала ХХ века) / В. А. Ермоленко, В. Н. Черепица. Гродно, 2014. С. 336.

  4. Бабрук Сяргей Антонавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1993. Т. 1. С. 265.

  5. Бабрук Сяргей Антонавіч // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945 : энцыклапедыя. Мінск, 1990. С. 53.

  6. Сяргей Антонавіч Бабрук // Памяць : гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна. Мінск, 1992. С. 215–216.

  7. Бобрук Сергей Антонович // Их именами названы… : энцикл. справочник / редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. Минск, 1987. С. 76.

  8. Бабрук, П. Генерал з Шубічаў / Пётр Бабрук // Раённыя будні (Пружаны). 2009. 21 лютага. С. 9.

  9. Каляда, М. Героі – нашы землякі / М. Каляда // Раённыя будні (Пружаны). 1995. 1 ліпеня. С. 2.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1095 разоў Апошняя змена Пятніца, 15 Май 2020 10:33