Чацвер, 17 Сакавік 2016 13:11

2016 г. – 20 гадоў з часу правядзення (1996) міжнароднага фестывалю духавой музыкі «Беларускія фанфары»

У канцы 1980-х гадоў Міністэрства культуры БССР звярнулася да пытання развіцця духавой музыкі ў рэспубліцы. У выніку з’явілася пастанова аб правядзенні 9 мая 1989 года ў Мінску Рэспубліканскага свята духавой музыкі, прысвечанага 44-й гадавіне Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У грандыёзным свяце прынялі ўдзел каля 30-ці духавых аркестраў з розных куткоў Беларусі. З таго часу правядзенне святочных мерапрыемстваў з актыўным удзелам духавых аркестраў стала традыцыйным.

17–19 мая 1996 года адбыўся І Рэспубліканскі фестываль духавой музыкі «Беларускія фанфары». Месцам яго правядзення быў абраны горад Баранавічы Брэсцкай вобласці. Горад мае багатыя культурныя традыцыі. Тут створана і дзейнічае больш за сто калектываў мастацкай самадзейнасці рознага накірунку, працуюць чатыры Дамы культуры, краязнаўчы музей з выставачнай залай, музей гісторыі чыгункі, шэраг бібліятэк і інш.

Значную ролю ў тым, што Баранавічы сталі месцам правядзення фестывалю, адыграла наяўнасць у горадзе высокапрафесійнага канцэртнага аркестра пад кіраўніцтвам магістра музыкі Васіля Сцяпанавіча Прадуна. Без гэтага калектыву не праходзіць ні адно значнае гарадское культурна-масавае мерапрыемства, яго добра ведаюць у многіх гарадах Еўропы.

Заснавальнікамі і арганізатарамі фестывалю выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Баранавіцкі гарвыканкам, упраўленне культуры Брэсцкага аблвыканкама. Яго мэта – развіццё і папулярызацыя духавой музыкі, актывізацыя творчай і канцэртнай дзейнасці, павышэнне мастацкага ўзроўню і ўзбагачэнне рэпертуару аматарскіх духавых аркестраў рэспублікі.

Фестываль «Беларускія фанфары» праводзіцца адзін раз у тры гады. У ім удзельнічаюць аматарскія духавыя аркестры ад кожнай вобласці і г. Мінска. Да ўдзелу ў фестывалі запрашаюцца калектывы з Аўстрыі, Балгарыі, Польшчы, Латвіі, Літвы, Украіны, Расіі, Малдовы. Удзельнікі фестывалю – высокапрафесійныя творчыя калектывы. Амаль усе яны з’яўляюцца ўдзельнікамі і пераможцамі гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, святочных мерапрыемстваў як Рэспублікі Беларусь, так і замежжа. У праграме аркестраў – творы самых розных жанраў і накірункаў: класічныя творы, апрацоўкі народных песень, творы патрыятычнага характару, танцавальныя мелодыі, эстрадная музыка, песні вядомых кампазітараў і г. д.

З 1996 па 2006 гады фестываль «Беларускія фанфары» праводзіўся як рэспубліканскі, а з 2008 года набыў статус міжнароднага. Міжнародны фестываль духавой музыкі «Беларускія фанфары» адкрыў новую старонку ў развіцці духавога мастацтва рэспублікі. Ён дэманструе хараство і багацце фарбаў духавой музыкі, садзейнічае ўмацаванню сяброўскіх добрасуседскіх адносін паміж калектывамі і краінамі – удзельніцамі фестывалю, яшчэ раз падкрэслівае непаўторнасць, папулярнасць і шматграннасць гэтага жанру музычнага мастацтва.

Падчас фестывалю праводзяцца марш-парад, выступленне зводнага духавога аркестра, конкурсная праграма, майстар-класы, «круглы стол» па пытаннях фарміравання рэпертуару для духавых аркестраў, творчыя лабараторыі з абмеркаваннем праблем і сучасных тэндэнцый развіцця духавой музыкі ў рэспубліцы, выстаўкі вырабаў народных майстроў і інш. Заключныя мерапрыемствы прымеркаваны да свята горада «Баранавіцкая вясна».

Узнагароды фестывалю – дыпломы (лаўрэатаў, удзельнікаў, па намінацыях), сувеніры, прызы, падарункі. У 2006 годзе Гран-пры атрымаў Баранавіцкі гарадскі аркестр пад кіраўніцтвам В. Прадуна, дыплом лаўрэата І ступені – Пінскі гарадскі духавы аркестр. У 2008 годзе ў конкурснай праграме ўдзельнічалі 6 калектываў з Беларусі. Дыпломы лаўрэатаў ІІ ступені атрымалі Гомельскі гарадскі духавы аркестр і Жодзінскі народны духавы аркестр Палаца культуры «БелАЗ». У 2011 годзе ў фестывалі прынялі ўдзел 12 калектываў з шасці краін.

У маі 2016 года Баранавічы адзначаць свой 145-гадовы юбілей і ў чарговы раз сустрэнуць удзельнікаў «Беларускіх фанфар».

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя В. П. Таўлая. Кіпель Надзея Мікалаеўна, бібліятэкар ІІ кат. чытальнай залы літаратуры па краязнаўству, Серафімовіч Ірына Сяргееўна, гал. бібліёграф аддзела інфармацыйна-бібліяграфічнай работы

 

  1. «Беларускія фанфары», міжнародны фестываль духавой музыкі // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2010. Т. 1. С. 637–638.

  2. Об организации и проведении на территории Республики Беларусь фестивалей, конкурсов, форумов, праздников и пленэров, финансируемых из республиканского и (или) местных бюджетов [Электронный ресурс]: постановление Совета Министров Республики Беларусь, 2 апреля 2015 г., № 263 // ЭТАЛОН. Законодательство Республики Беларусь / Нац. центр правовой информ. Республики Беларусь. Минск, 2016.

  3. Об утверждении Положения о международном фестивале духовой музыки «Белорусские фанфары»[Электронный ресурс]: решение Барановичского городского исполнительного комитета, 11 марта 2011 г., № 734 // ЭТАЛОН. Решения органов местного управления и самоуправления / Нац. центр правовой информ. Республики Беларусь. Минск, 2016.

  4. ІІ Міжнародны фестываль духавой музыкі «Беларускія фанфары-2011» : даведачнае выданне / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт, Баранавіцкі гарадскі выканаўчы камітэт. – Баранавічы, 2011. – 14 с.

  5. ІІ Рэспубліканскі фестываль духавой музыкі «Беларускія фанфары 2001»/ склад.: І. І. Галабурда, А. А. Скарына. – Мінск : Ковчег, 2001. – 16 с.

  6. IV Рэспубліканскі фестываль духавой музыкі «Беларускія фанфары-2006» : даведачнае выданне / Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт, Баранавіцкі гарадскі выканаўчы камітэт. – Баранавічы, 2006. – 14 с.

  7. Прадун, В. На фестиваль – в Мазаме? Нет, в Барановичах будет круче! : магистр искусств приоткрыл «Нашему краю» секреты своих планов / Василий Прадун ; [беседовал] Виталий Герцев // Наш край (Барановичи). 2015. 9 октября. С. 6.

  8. Свістуновіч, С. Фанфары адгрымелі… : у Баранавічах прайшоў ІІ Міжнародны фестываль духавой музыкі «Баранавіцкія фанфары-2011» / Сымон Свістуновіч // Звязда. 2011. 31 мая. С. 4.

  9. Юркевич, Е. Отпраздновали с фонфарами : [о II Международном фестивале духовой музыки Белорусские фанфары в Барановичах (2729 мая)] / Елена Юркевич // Заря. 2011. 31 мая. С. 4.

  10. Бунцэвіч, Н. Трубы, маршы, мажарэткі... : «Беларускія фанфары» чакае... джаз! / Надзея Бунцэвіч // Культура. 2011. № 23. С. 13.

  11. «Барановичская весна-2011»,праздник, посвящённый 140-летию города, и II Международный фестиваль духовой музыки «Белорусские фанфары-2011» : программа праздника // Наш край(Барановичи). 2011. 26 мая. С. 8.

  12. Шубіч, М. Свята песні пасля вайны / Міхаіл Шубіч //Наш край(Барановичи). 2009. 25 апреля. C. 2.

  13. Юркевич, Е. Все оркестры в гости к нам... / Елена Юркевич // Заря. 2008. 27 мая. С. 1, 5.

  14. Худенко, Н. Городской «Весны» неповторимый миг… / Николай Худенко // Наш край(Барановичи). 2008. 27 мая. С. 1, 2.

  15. Гиль, С. Музыка, от которой так хочется жить! / С. Гиль // Наш край(Барановичи). 2008. 22 мая. С. 1.

  16. Гизун, А. 137-й день рождения / Алесь Гизун // Intex-press (Барановичи). 2008. 29 мая. С. 11.

  17. Бунцэвіч, Н. Трубны покліч Баранавічаў/ Надзея Бунцэвіч // Культура. 2008. № 22. С. 9.

  18. Макрыцкая, В. «Майскі вальс» у духавых рытмах / Вольга Макрыцкая // Культура. 2007. № 22. С. 11.

  19. Юркевич, Е. Юбилей – под звуки фанфар! : Барановичи отпраздновали 135-летие со дня основания / Елена Юркевич // Заря. 2006. 30 мая. С. 12.

  20. Старжынскі, А. Сталіца духавой музыкі / Андрэй Старжынскі // Культура. 2006. № 22. С. 11.

  21. Климец, С. В городском саду играет духовой оркестр … / С. Климец // Наш край(Барановичи). 2006. 23 мая. С. 4.

  22. Юруть, О. Звучат фанфары / Ольга Юруть // Intex-press (Барановичи). 2004. 27 мая. С. 8.

  23. Голін, Дз. Трубы плошчаў і вуліц / Дз. Голін // Культура. 2004. № 22. С. 12.

  24. Ветка, С. Майскія фанфары / С. Ветка // ЛіМ. 2004. 11 чэрвеня (№ 24). С. 10.

  25. Музыка улиц и площадей : [об оркестрах – участниках III Республиканского фестиваля духовой музыки «Белорусские фанфары-2004» // Наш край (Барановичи). 2004. 20 мая. С. 3.

  26. «Беларускія фанфары-2001» // Наш край (Барановичи). 2001. 24 мая. С. 3.

  27. Бутько, И. Три дня музыки : [о II Республиканском фестивале духовой музыки «Белорусские фанфары-2001» (Барановичи, 2527 мая)] / И. Бутько // Заря. 2001. 29 мая.

  28. Равуцкі, М. Пад «Фанфары-96» па ўласным жаданні / М. Равуцкі // Культура. 1996. № 21. С. 4–5.

  29. Казлова, А. Маска, я вас ведаю, альбо Чатыры святы на хвалях духавой музыкі / А. Казлова // Рэспубліка. 1996. 28 мая. С. 6.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1194 разоў Апошняя змена Пятніца, 05 Чэрвень 2020 14:34