Чацвер, 17 Сакавік 2016 15:28

17 лютага 2016 г. – 75 гадоў з дня нараджэння Кастуся (Канстанціна Фёдаравіча) Жмінько (1941–2015), паэта

Канстанцін Фёдаравіч Жмінько нарадзіўся 17 лютага 1941 года ў вёсцы Пугачова Брэсцкага раёна (зараз у межах г. Брэста) у рабоча-сялянскай сям’і.

Працаваў на новабудоўлях электрамантажнікам. Служыў электрыкам-падводнікам у ВМФ СССР. Пасля службы К. Жмінько працаваў мастаком кінатэатраў горада, мытнікам і вучыўся на філалагічным факультэце Брэсцкага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна, які скончыў у 1967 годзе. Быў накіраваны на службу ў праваахоўныя органы. Выйшаў на пенсію ў званні палкоўніка з пасады начальніка аддзела Брэсцкага абласнога ўпраўлення Унутраных спраў. Узнагароджаны ганаровымі граматамі, шэрагам медалёў, яго імя занесена ў «Кнігу гонару» МУС БССР.

Асобныя творы паэта Кастуся Жмінько друкаваліся ў перыёдыцы з 1970-х, а таксама ў калектыўных зборніках «Берасцейскія карані» (1993), «Дзядзінец» (1999), «Верш на Свабоду» (2002), «З прыродаю зліўшыся душою» (2002), «Белавежская пушча ў духоўнай і культурнай спадчыне беларусаў» (2003). Брэсцкі паэт, сціплы і самакрытычны, выдаў тры асобныя зборнікі: «Між вамі...» (1999), «Кастусь казаў» і «Наканаваны неспакой» (абодва 2008). Яго творы нягучныя, але глыбокія і сардэчныя, пранізаныя любоўю да роднай зямлі, спагадаю да чалавека.

Невялічкі томік паэзіі «Кастусь казаў...» прадстаўляе сабой збор афарызмаў, меркаванняў і разваг, дзе сабраны роздумы аўтара на розныя тэмы – жыццёвыя, філасофскія, палітычныя, а таксама кароценькія вершыкі, выслоўі, пародыі, гумарынкі, дасціпныя куплеты.

Хараство прыроды заўсёды вабіла зрок паэта, лашчыла яго слых. Не кожны здольны заўважыць, як галінка ўсміхаецца ад пяшчоты сонейка, усхліпвае пад восеньскім дожджыкам, адчуваць як яна «затрапеча ад буры», «зальецца крывёю» ад балючай раны і «застыне-засохне без роднай зямлі». Зачараваны зямною прыгажосцю, паэт выказвае думку аб жыццядайнай сіле роднай зямлі. Паэзія Кастуся Жмінько – яркі доказ таго, што ў любых абставінах можна не страціць шчырасць, сумленнасць, непадкупнасць, уменне бычыць свет далёка і ўсёахопна.

Немала твораў паэта было прысвесчана маці. Яна ніколі не была абыякавай да клопатаў свайго сына, разам з ім яна жыла і пакутавала, шукала адказы на пытанні, што хвалявалі яе дзіця. На ўсім жыццёвым шляху Кастуся Жмінько сагравалі матуліны вочы. Праз іх позірк, пяшчотны, уважлівы, а часам і асуджальны, крытычны вывераў ён сваё жыццё.

Глыбінныя вытокі паэзіі Кастуся Жмінько неабходна шукаць не толькі ў ярка выяўленай індывідуальнасці паэта, але і ў знаёмствах, сустрэчах з цікавымі, неардынарнымі асобамі, самаахвярнымі інтэлегентнымі людзьмі, што сутстракаліся на жыццёвым шляху паэта. Сярод такіх былі Міхась Рудкоўскі і Уладзімір Калеснік.

Канстанцін Фёдаравіч – сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2008 года. Лаўрэат мядовай літаратурнай прэміі паэта і пчаляра Міколы Папекі за зборнікі паэзіі «Кастусь казаў…» і «Наканаваны неспакой» (2008).

Канстанцін Фёдаравіч быў таленавітым творцам, выдатным майстарам сваёй справы, шчырым, добрасардэчным чалавекам. У вольным часе маляваў пейзажы.

Памёр Кастусь Жмінько 11 красавіка 2015 года ў Брэсце.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага адзела

 

Творы К. Жмінько

  1. Між вамі : вершы / Кастусь Жмінько. – Брэст, 1999. – 71 с.

  2. Наканаваны неспакой : вершы / Кастусь Жмінько ; уступ. арт. і паслясл. М. Сянкевіча. – Брэст, 2008. – 103 с.

  3. Кастусь казаў... : афарызмы, меркаванні, развагі / Кастусь Жмінько; уступ. арт. М.Сянкевіча. Брэст, 2008. 77с.

  4. Час палыноў і ранетаў : вершы і пераклады / Кастусь Жмінько. – Брэст, 2011. – 138 с.

  5. Край ; «Карабель Не знае хваляў роўных…» ; Бяздомны ; Пянёк ; «Шукаю словы дзеду і матулі…» ; «Не пападае ў колер фарба…» : [вершы]/ Кастусь Жмінько // Жырандоля : літ. альманах Брэсцкага абл. Саюза бел. пісьменнікаў. Брэст, 2013. № 5. С. 47–49.

  6. Сабе да іншым : [афарызмы]/ Кастусь Жмінько // Жырандоля : літ. альманах Брэсцкага абл. Саюза бел. пісьменнікаў. Брэст, 2012. № 4. С. 60–64.

  7. Двое і восень ; Пакаянная сустрэча ; Дзве песні ; Восеньскае ; Аднагодкам ; Смерць ваўка ; «А вы ўсе тыя, тыя, тыя…» ; Вянок маме: [вершы] / Кастусь Жмінько // Жырандоля-2 : літ. альманах Брэсцкага абл. Саюза бел. пісьменнікаў. Мінск, 2009. № 2. С. 70–74.

  8. Былыя ; Ісціна ; Паляванне зграі ; «На беразе, дзе ніцая вярба…» : [вершы] / Кастусь Жмінько // Жырандоля : літ. альманах Брэсцкага абл. Саюза бел. пісьменнікаў. Мінск, 2008. № 1. С. 95–97.

  9. Чарнобыльска мяжа ; Працяг ; Твая душа. : [вершы]/ Кастусь Жмінько // Заря. 2001. 17 февраля.

  10. Скерца душы ; «У велічным звоне – трывога...» ; «Багацце Млечны Шлях…» ; Скерца ; Плынь жыцця ; Ісціна ; На магіле маці ; «Да адчаю ад тугі…» ; «Лістападу кажу: нам па сорак?..» ; «Спахмурнела і заімжыла…» : [вершы]/ Кастусь Жмінько // Дзядзінец. Паэзія Берасцейшчыны. Брэст. 1999. С. 65–71.

  11. Не кліч : [верш]/ Кастусь Жмінько // Заря. 1998. 4 августа.

 

Аб жыцці і творчасці К. Жмінько

  1. Кастусь Жмінько// Літаратурная карта Берасцейшчыны / укл. А. Крэйдзіч. Брэст, 2008. С. 28–29.

  2. Валасюк, Л. Сапраўдны палкоўнік // Валасюк, Л. Непрыдуманыя партрэты: мастакі і літаратары, народныя майстры і дойліды берасцейшчыны / Лявон Валасюк. Брэст. 2014. С. 226–227.

  3. Сянкевіч, М. Творчасць Кастуся Жмінько: тэматыка-жанравая адметнасць : / Мікола Сянкевіч // Моўнакультурная прастора Брэсцка-Пінскага Палесся : зборнік навуковых артыкулаў : у 2 ч. / УА “Брэсцкі дзяржаўны універсітэт імя А. С. Пушкіна”. Брэст, 2011. Ч. 2. С. 138–142.

  4. Развітальныя словы : [памяці берасцейскага пісьменніка Кастуся Жмінько] // Брестский курьер. 2015. 16 апреля (№ 16). С. 10.

  5. Бывай, Кастусь... : Слова на развітанне : [памяці берасцейскага пісьменніка Кастуся Жмінько] // Народная трыбуна. 2015. 17 красавiка (№ 16). С. 12.

  6. Борсук, Н. «Добра мне між вамі…» : Кастусю Жмінько – 60 / Ніна Борсук // Заря. 2001. 17 февраля.

  7. Філатаў, А. «Добра мне між вамі, людзі…» : 17 лютага споўнілася 70 гадоў берасцескаму пісьменніку Кастусю Жмінько / Аляксей Філатаў // Народная трыбуна. 2011. 19 лютага. С. 11.

  8. Рудкоўская, І. Прыстанішча тонкай душі : «Час палыноў і ранетаў» – новы збонік вершаў вядомага берасцейскага паэта Кастуся Жмінько / Ірына Рудкоўская // Народная трыбуна. 2011. 6 жніўня. С. 11.

  9. Мядовая прэмія : [прэмія паэта і пчаляра Міколы Папекі ўручана Лявону Валасюку і Кастусю Жмінько] // Народная газета. 2008. 20 верасня. С. 11.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1136 разоў Апошняя змена Панядзелак, 01 Чэрвень 2020 11:13