Чацвер, 17 Сакавік 2016 15:34

22 кастрычніка 2015 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Кандратавіча Казёлкі (1915–1991), самадзейнага майстра-разьбяра па дрэве, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1957)

Канстанцін Кандратавіч Казёлка нарадзіўся 22 кастрычніка 1915 года на ст. Калінкавічы Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер горад у Гомельскай вобласці). Калі наблізіўся фронт Першай сусветнай вайны, яго бацька, Кандрат Казёлка, каваль з Давыд-Гарадка, з цяжарнай жонкай Марыяй Рыгораўнай і пяцігадовай дачкой рушылі ў бежанцы. Потым Казёлкі дабраліся да Кіева, дзе бацька ўладкаваўся матросам ў параходнае таварыства. Марыя Рыгораўна памерла праз два гады, бацька зноў ажаніўся і дзяцей выхоўвала мачыха.

У Кіеве Канстанцін Казёлка скончыў сямігодку. У яго рана выявіўся мастацкі талент, але вучыцца мастацтву не атрымалася, трэба было зарабляць на хлеб. У 1934 годзе ён атрымаў спецыяльнасць электраманцёра, да самай Вялікай Айчыннай вайны працаваў на тэлефоннай станцыі.

У час вайны (1942) Канстанцін Казёлка з жонкай (ажаніўся ў 1938 г.) і двума дзяцьмі змаглі перабрацца на гістарычную радзіму – у Давыд-Гарадок Пінскай (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай) вобласці. Асвоіў бляхарства, рабіў няхітры посуд – тазы, вёдры, міскі, якія выменьваў на харчы. Пасля вызвалення Беларусі яго зноў прызналі нягодным да ваеннай службы, бо ад нараджэння быў худы і хліпкі, квёлы.

Самадзейны майстар-разьбяр па дрэве, удзельнік мастацкіх выставак з 1946 года. Тэмы твораў: гераічнае мінулае савецкага народа, яго праца, сюжэты з фальклору, літаратурных твораў, сучаснага жыцця. Для скульптур К. К. Казёлкі характэрна складаная дынамічная кампазіцыя, дакладнасць мадэліроўкі і старанная апрацоўка матэрыялу. Любімай фігурай драўляных скульптур і персанажам графічных работ стаў конь. Канстанцін Казёлка апяваў гэтага першага памочніка чалавека ў працы, ратнай справе і сакральнай веры. Дынамічная структура кампазіі праявілася ў работах “Бой рыцара з турам”, “Паляванне на зубра” і інш. Скульптар умела ўключае ў дынаміку барацьбы не толькі седакоў, але і коней, уздыбленых, напружаных, злітых у адзіным парыве з чалавекам.

У галерэі твораў майстра – вобразы Аляксандра Неўскага, Міхаіла Кутузава, Салавата Юлаева, Багдана Хмяльніцкага і іншых асоб. Яны зроблены сядзячымі на конях, у статычных позах, з працягнутай наперад рукой. У партрэтных работах майстра бачна перайманне ўзорам прафесійнай скульптуры і графікі, іх вобразнай канцэпцыі.

Мастак заўсёды перад тым, як нешта вырабіць з дрэва, маляваў свае думкі на паперы ў розных варыянтах. Для разьбы Канстанцін Кандратавіч часта выкарыстоўваў вярбу. Свае работы майстар зрэдку пакрываў лёгкім слоем вохры, аднак такое пакрыццё праводзіць вельмі асцярожна, не закрываючы натуральнага малюнка драўніны.

Сярод твораў майстра: “Кутузаў” (1946), “Віцязь” (1948), “Аляксандр Неўскі”, “Сувораў”, “Хлопчык з ногцік” (усе 1949), “У У. І. Леніна” (1953), “Багдан Хмяльніцкі”, “Руслан і Рагдай”, “Бой рыцара з турам”, “Салават Юлаеў” (усе 1954), “Героі Брэста”, “Беларусы едуць”, “Паляванне на зубра” (усе 1957), “Цялятніца” (1958), “За ўладу Саветаў” (1959), “Будзёнаўцы” (1962), “Партызанская тачанка” (1965) і інш.

Работы К. К. Казёлкі, а ён за творчае жыццё стварыў больш за 200 скульптур, з поспехам дэманстраваліся на ВДНГ СССР (работы былі адзначаны залатым і бронзавым медалямі), а таксама ў Бразіліі, Аргенціне, ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі, Італіі, Польшчы. У 1955 годзе ўзнагароджаны медалём “За працоўную адзнаку”. У 1957 годзе яму прысвоена званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”. Працаваў настаўнікам малявання ў школе, кіраўніком гуртка выяўленчага мастацтва Давыд-Гарадоцкага Дома піянераў і школьнікаў (1960–1967), у мастацкай майстэрні Столінскага раённага аддзела культуры. У 1975 годзе выйшаў на пенсію.

Работы мастака знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, Столінскага раённага краязнаўчага музея, дэманструюцца ў экспазіцыі Брэсцкага мастацкага музея, народнага музея гісторыі Давыд-Гарадка.

Кантанцін Кандратавіч Казёлка памёр 10 студзеня 1991 года.

У лютым–сакавіку 1994 года ў Столінскім раённым краязнаўчым музей прайшла выстава, прысвечаная памяці самабытнага майстра К. К. Казёлкі.

Мастацкія здольнасці пераняў пляменік К. К. Казёлкі – Анатоль Концуб, сын малодшай сястры Ніны Кандратаўны, які школьнікам наведваў гурток Канстанціна Кандратавіча пры Доме піянераў. Анатоль Аляксандравіч закончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, працаваў выкладчыкам Бабруйскага мастацкага вучылішча, з 1980 года член Саюза мастакоў СССР, удзельнічаў у рэспубліканскіх і міжнародных выставах.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Казёлка Канстанцін Кандратавіч / Г. А. Фатыхава // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2013. Т. 4. С. 253.

  2. Казёлка Канстанцін Кандратавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1998. Т. 7. С. 426.

  3. Казёлка Канстанцін Кандратавіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка / уклад. Ю. С. Юркевіч. Мінск : БЕЛТА, 2003. С. 494.

  4. Казёлка Канстанцін Кандратавіч // Памяць. Калінкавіцкі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск : Ураджай, 1999. С. 737.

  5. Казёлка Канстанцін Кандратавіч : [“Партызанская тачанка”] // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 614.

  6. Казёлка Канстанцін Кандратавіч : [“Руслан і Рагдай”] / Ф. І. Валадзько // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя : у 12 т. Мінск, 1972. Т. 5. С. 226–227.

  7. Леонова, А. К. Народная деревянная скульптура Белоруссии : краткий очерк / А. К. Леонова. – Минск, 1977. – 102 с. : ил. – Из содерж.: К. К. Казёлка. – С. 42–45.

  8. Драўляная скульптура / А. К. Лявонава // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1985. Т. 2. С. 356–358.

  9. Века, А. Канстанцін Казёлка / Аляксандр Века // Калінкавіцкія навіны. Калінкавічы, 2015. 10 снежня.

  10. Кісель, А. Памяці земляка : У Столінскім краязнаўчым музеі праходзіць выстаўка работ рэзчыка па дрэве К. К. Казёлкі / Анжэла Кісель // Навіны Палесся (Столін). 1994. 2 сакавіка. С. 3.

  11. Данько, Н. Чараўнік разца і пэндзля / Н. Данько // Навіны Палесся (Столін). 1966. 10 снежня.

  12. Галавач, М. Мастак, настаўнік моладзі : [пра кіраўніка гуртка выяўленчага мастацтва Давыд-Гарадоцкага Дома піянераў К. К. Казёлку. Узгадваецца вучань 8 класа Анатоль Концуб] / М. Галавач // Навіны Палесся (Столін). 1964. 7 лістапада.

  13. Кондер, Н. Золотая медаль народному умельцу : [о награждении К. К. Козёлко золотой медалью ВДНХ СССР] / Н. Кондер // Заря. 1964. 15 сентября.

  14. Талантливый резчик по дереву : [К. К. Козёлко из Давид-Городка] // Советская Белоруссия. 1959. 22 марта. С. 3.

  15. Головач, М. Художник из Полесья : [К. К. Козёлко из Давид-Городка] / М. Головач // Колхозная правда. 1958. 6 ноября.

  16. Андрэеў, П. Самабытнае і прыгожае мастацтва / П. Андрэеў // Чырвоная змена. 1957. 28 снежня.

  17. Концуб Анатоль Аляксандравіч // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2013. Т. 4. С. 536–537.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1226 разоў Апошняя змена Панядзелак, 01 Чэрвень 2020 11:12