Чацвер, 17 Сакавік 2016 15:37

12 студзеня 2016 г. – 65 гадоў з дня нараджэння (1951) Аляксея Міхайлавіча Літвіна, вучонага-гісторыка

Аляксей Міхайлавіч Літвін нарадзіўся 12 студзеня 1951 года у вёсцы Сямігосцічы Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай вобласці (цяпер Столінскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацька, Міхаіл Іванавіч, працаваў бакеншчыкам на рацэ Прыпяць, а маці, Марыя Адамаўна, паляводам у калгасе. У сям’і Літвіных было трое дзяцей: сын Аляксей і дочкі Наталля і Паліна.

Пасля заканчэння Сямігосціцкай сярэдняй школы ў 1968 годзе Аляксей Літвін паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дыпломная работа, якую ён абараніў на выдатна, была прысвечана дзейнасці камуністаў ва ўрадзе Сальвадора Альендэ ў Чылі.

У 1973–1975 гадах у званні лейтэнанта Аляксей Літвін праходзіў тэрміновую службу ва Унутраных войсках МУС СССР. Пакуль служыў, здаў кандыдацкія экзамены, паколькі планаваў займацца навуковай дзейнасцю. Пасля дэмабілізацыі Аляксей Міхайлавіч пачаў працаваць у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Да снежня 1984 года быў малодшым навуковым супрацоўнікам аддзела Вялікай Айчыннай вайны, з 1977 года ўваходзіў у склад групы па вывучэнню Мінскага падполля. Аляксей Міхайлавіч прымаў удзел у падрыхтоўцы шэрагу фундаментальных прац: трохтомніка «Всенародная борьба в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны» (1983–1985), трэцяга тома зборніка дакументаў «Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны» (1982).

З 1985 года Аляксей Літвін працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР. У 1986 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Военно-оперативное руководство Компартии Белоруссии партизанским движением в годы Великой Отечественной войны (19411944 гг.)».

У 1987 годзе Аляксей Літвін узначаліў у Інстытуце гісторыі АН БССР аддзел гісторыі Беларусі перыяду Вялікай Айчыннай вайны (з 1991 г. – аддзел ваеннай гісторыі Беларусі; з 2005 г. – аддзел ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін). Пад кіраўніцтвам Аляксея Міхайлавіча супрацоўнікі аддзела ў рамках выканання тэмы «Беларусь у войнах і ваенных канфліктах ХХ ст.» упершыню заняліся вывучэннем шэрагу пытанняў ваеннай гісторыі, а менавіта – удзелу беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў вайне 1936–1939 гадоў у Іспаніі, савецка-фінляндскай вайне 1939–1940 гадоў, у лакальных ваенных канфліктах 1950–1970 гадоў.

Гісторык адным з першых звярнуўся да разгляду праблемы стварэння беларускага нацыянальнага войска ў час Першай сусветнай вайны, да дзейнасці на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны Арміі Краёвай, Рускай Нацыянальнай Народнай Арміі, латышскіх і ўкраінскіх паліцэйскіх батальёнаў, раскрыў подзвіг удзельніка Асіповіцкага падполля Фёдара Крыловіча.

У 2000 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Антысавецкія ваенна-паліцэйскія фарміраванні на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Вытокі. Структура. Дзейнасць». Навуковец папоўніў скарбонку беларускай гістарыяграфіі арыгінальнымі даследаваннямі, што атрымалі прызнанне як у Беларусі, так і за яе межамі. Яго пяру належыць больш за 200 навуковых прац, прысвечаных вывучэнню актуальных праблем ваеннай гісторыі, у тым ліку каля 20-ці індывідуальных і калектыўных манаграфій.

Найбольшы рэзананс і цікавасць у навуковай грамадскасці выклікалі працы, якія выйшлі на працягу апошніх пятнадцаці гадоў. Так, у манаграфіі «Акупацыя Беларусі (1941–1944): пытанні супраціву і калабарацыі» аўтар паспрабаваў зрабіць комплексны аналіз праблемы, раскрыць прычыны ўзнікнення і сутнасць калабарацыянізму. У кнізе «На той войне незнаменитой. Советско-финляндская война и Беларусь (1939–1940 гг.)» ён упершыню ў айчыннай гістарычнай навуцы на аснове скрупулёзнага аналізу самых разнастайных крыніц паказаў удзел аб’яднанняў, злучэнняў і часцей Беларускай асобай ваеннай акругі, беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі ў савецка-фінляндскай вайне.

Аляксей Міхайлавіч адным з першых у беларускай гістарычнай навуцы ў фундаментальным калектыўным двухтомным выданні «Беларусь. 1941–1945: Подвиг. Трагедия. Память» (2010) усебакова паказаў абарончыя баі 1941 года на тэрыторыі Беларусі, раскрыў складаны механізм каардынацыі баявых дзеянняў партызанскіх сіл Беларусі.

А. М. Літвін выступае навуковым рэдактарам наступных выданняў: «Беларусь непокорённая: Воспоминания, документы, хроника партизанского движения и подпольной борьбы 19411944» (2005); «Внутренние войска МВД Республики Беларусь: История и современность» (2006); «Разняволеная памяць. Прымусовая праца беларускіх грамадзян на акупаванай тэрыторыі Беларусі (1941–1944 гг.): зборнік навуковых артыкулаў» (2010). Аляксей Міхайлавіч – адзін з ініцыятараў стварэння і выдання грунтоўнай працы «Гісторыя Мінска» (2006), а таксама аўтар раздзела ў гэтай кнізе.

Навуковую працу прафесар А. М. Літвін паспяхова спалучае з выкладчыцкай, дзеліцца сваімі фундаментальнымі ведамі са студэнтамі БДУ, Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь.

За шматгадовую навуковую і арганізатарскую работу на ніве гістарычнай навукі, высокія паказчыкі, дасягнутыя пры правядзенні навуковых даследаванняў, Аляксей Міхайлавіч узнагароджаны юбілейным медалём «60 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» (2005), медалём «90 лет Вооружённым Силам Республики Беларусь» (2008), двума Ганаровымі граматамі Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, Ганаровымі граматамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэкай. Шаламіцкая Яўгенія Аляксандраўна, галоўны бібліёграф

 

Працы А. М. Літвіна

  1. Война после освобождения : события 1945 года на территории Беларуси в документах внутренних войск НКВД СССР / А. М. Литвин // Беларуская думка. 2015. № 2. С. 59–67.

  2. Плечом к плечу : сибиряки в партизанской борьбе на территории Беларуси (1941–1944) : материал в помощь учителям истории / А. М. Литвин // Гісторыя і грамадазнаўства. Серыя «У дапамогу педагогу». 2015. № 5. С. 3–11.

  3. Трыумф няскоранай Беларусі : да 70-годдзя партызанскага параду 1944 года ў Мінску / А. М. Літвін // Беларускі гістарычны часопіс. 2014. № 7. С. 4–11.

  4. Операция «Багратион». Встречный фронт : белорусские партизаны в битве за освобождение страны / А. М. Литвин // Беларуская думка. 2014. № 6. С. 13–20.

  5. Надпісы на сценах Гомельскай турмы перыяду нацысцкай акупацыі Беларусі : рассакрэчаныя звесткі НКУС СССР / А. М. Літвін // Беларускі гістарычны часопіс. 2014. № 1. С. 5–18.

  6. Имена и судьбы : надписи на стенах тюрем Беларуси в период оккупации / А. М. Литвин // Беларуская думка. 2014. № 3. С. 68–77.

  7. Аператыўнае выкарыстанне партызанскіх сіл Беларусі ў Курскай бітве / А. Літвін // Веды. 2013. № 29. С. 7.

  8. Аператыўнае выкарыстанне партызанскіх сіл Беларусі ў інтарэсах фронту ў час падрыхтоўкі і правядзення Курскай бітвы / А. Літвін // Беларускі гістарычны часопіс. 2013. № 9. С. 5–14.

  9. Актывізацыя партызанскага фактару як складаючай часткі савецкай стратэгіі вядзення вайны напярэдадні і падчас Сталінградскай бітвы 1942–1943 гг. / А. Літвін // Беларускі гістарычны часопіс. 2013. № 2. С. 4–12.

  10. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны : планы, падрыхтоўка, грамадскія настроі / А. М. Літвін // Беларускі гістарычны часопіс. 2011. № 6. С. 3–12.

  11. Вяртанне ў рабства : прымусовая праца насельніцтва Беларусі 1941–1945 гг. / А. М. Літвін, Я. А. Грэбень, С. Я. Новікаў ; агул. рэд. А. М. Літвіна ; НАН Беларусі, Ін-т гісторыі НАН Беларусі, Фонд «Памяць, адказнасць і будучыня» (Берлін). – Мінск : Тэсей, 2010. – 582 с.

  12. «На той войне незнаменитой...» : [участие белорусов в советско-финляндской войне] / А. Литвин // Беларуская думка. 2010. № 3. С. 68–77.

  13. «Зимняя война» и Беларусь / А. Литвин // Веды. 2010. 15 марта. С. 6.

  14. Кровь и пепел : украинские полицейские батальоны на территории Беларуси в 1941–1944 годах / А. Литвин // Беларуская думка. 2009. № 4. С. 95–101.

  15. Цэнтральны штаб партызанскага руху i Беларусь : да 65-й гадавiны з дня стварэння / А. М. Лiтвiн // Беларускі гістарычны часопіс. 2007. № 5. С. 3–12.

  16. Беларускi партызанскi... : да 65-й гадавiны стварэння Беларускага штаба партызанскага руху / А. М. Лiтвiн // Беларускі гістарычны часопіс. 2007. № 9. С. 3–10.

  17. Вызваленне Беларусі і выкарыстанне партызанскага фактару (восень 1943 – вясна 1944 гг.) / А. М. Літвін // Беларускі гістарычны часопіс. 2004. № 4. С. 3–14.

 

Аб жыцці і дзейнасці А. М. Літвіна

  1. Литвин Алексей Михайлович / Е. Рафалович // Регионы Беларуси: энциклопедия : в 7 т. Т. 1. Брестская область : в 2 кн. Мінск, 2009. Кн. 2. С. 27.

  2. Літвін Аляксей Міхайлавіч // Корзенко, Г. В. Историки Беларуси в начале ХХI столетия : биобилиографический справочник / Г. В. Корзенко. Минск : Белорусская наука, 2007. С. 222–223.

  3. Літвін Аляксей Міхайлавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2004. Т. 18, кн. 1. С. 420.

  4. Літвін Аляксей Міхайлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. Мінск, 1997. Т. 4. С. 381.

  5. Даніловіч, В. Нястомны даследчык ваеннай гісторыі / В. Даніловіч, В. Мазец, М. Смяховіч // Веды. 2011. № 3. С. 8.

  6. Мазец, В. Вывучэнне старонак ваеннай гісторыі / В. Мазец // Навіны Палесся. Столін, 2011. 11 студзеня. С. 3.

  7. Мазец, В. Таленавіты і нястомны летапісец ваеннай гісторыі / В. Мазец // Беларускі гістарычны часопіс. 2011. № 1. С. 30–33.

  8. Стрелец, М.Талантливый исследователь военной истории : [А. М. Литвин] / М. Стрелец// Гісторыя: праблемы выкладання. 2011. № 1. С. 63.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1437 разоў Апошняя змена Пятніца, 15 Май 2020 10:43