Агульная плошча заказніка 2812 га (па стану на 2015 г.). Багатыя глебы і хвалісты рэльеф мясцовасці, дастатковае вільготна-цеплавое забяспячэнне садзейнічаюць узнаўленню тут шматкампанентных шыракаліставых і змешаных лясоў: дубраў ялова-грабава-ляшчынава-чарнічных і кіслічных; хваёва-дубовых лясоў; беразнякоў, ельнікаў, асіннікаў чарнічных, кіслічных, сніткавых; на ўзвышшах – хвойнікаў і беразнякоў імшыстых, верасовых. У дрэўным ярусе спалучаюцца многія пароды: дуб, хвоя, вяз, граб, елка, бяроза, асіна, ясень, клён, ліпа, лістоўніца і інш. Высаджаны саджанцы піхты белай.
На тэрыторыі далін рэк Цемра і Хотава (яны з’яўляюцца галоўнымі прытокамі р. Ясельда) расце чорная альха. Большая частка гэтых зямель забалочана. Заказнік перасякаюць велізарныя яры.
У раслінным покрыве каля 400 відаў раслін. На ахоўнай тэрыторыі растуць расліны, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: венерын чаравічак сапраўдны, кадзіла сармацкае, любка двулістная, марошка прысадзістая, медзьвядзіная цыбуля (або чарамша), званочак персікалісты, гладыш шыракалісты, чабор, зуброўка, вельмі шмат верасовых участкаў. У значнай колькасці сустракаюцца гаспадарча-карысныя і лекавыя расліны: чарніцы, брусніцы, ландышы, крапіва двухдомная, дуброўкапрамастаячая, каліна, рабіна, арэшнік і інш.
Грыбны свет прадстаўлены ўсімі вядомымі ў Беларусі відамі і ў вялікай колькасці, але сустракаюцца і грыбы, занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: спарасіс кучаравы, лісічка шэрая, грыфала парасонавая, грыфала мнагашапкавая.
Багаты і разнастайны жывёльны свет. Тут сустракаюцца алень, казуля, лось, дзік, куніца, рысь, заяц бяляк і заяц русак, бабёр, норка, выдра, янотападобны сабака, вавёрка, воўк. У лясным масіве заказніка пражывае каля 650 асобін аленя, што складае больш за 10 працэнтаў ад папуляцыі на тэрыторыі ўсёй краіны. Галоўным рэпрадукцыйным цэнтрам аленяў стала заходняя частка заказніка, у 2007 годзе тут былі праведзены доследныя работы. З птушак сустракаюцца цецярук, чырвоны каршун, пугач, вушастая сава.
На рацэ Зяльвянка зімуе лебедзь-шыпун, гняздзіцца чорны бусел, які занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, водзіцца плотка, шчупак, акунь, лешч, язь і ў вялікай колькасці ракі.
Па тэрыторыі заказніка праходзяць пяць турыстычных маршрутаў: «Блізнянскія медазборы» – аглядна-краязнаўчы маршрут па заказніку; «Бальзамічныя баравіны» – аглядна-пазнавальны маршрут па фларыстычных славутасцях заказніка, «У краі таямнічых звяроў» – аглядна-пазнавальны маршрут па фаўністычных славутасцях заказніка, «Па сцежках старажытных ледавікоў» – вучэбна-пазнавальны маршрут па ландшафтна-біялагічных славутасцях заказніка, «Ружанскія вотчыны» – аглядны маршрут па гісторыка-этнаграфічных славутасцях заказніка.
Для кіравання заказнікам створана дзяржаўная прыродаахоўная ўстанова «Заказнік рэспубліканскага значэння “Ружанская пушча”». Кіраўніцтва ўстановы, дырэктар якой Уладзімір Іванавіч Астапчык, знаходзіцца ў Пружанскім лясніцтве.
Недалёка ад заказніка знаходзяцца архітэктурна-гістарычныя аб’екты: палацавы комплекс Сапегаў XVI–XIX ст., манастыр базыліян і Петрапаўлаўская царква XVII–XVIII ст., Траецкі касцёл XVII ст., сінагога XIX ст., брацкая магіла 40 палеглых касінераў (паўстанцаў К. Каліноўскага), вайсковыя могілкі часоў Першай сусветнай вайны 1914–1918 гадоў, памятныя месцы, звязаныя з жыццём гістарычных дзеячоў і асветнікаў з вядомага рода Юндзілаў (в. Юндзілы) і інш.
Ружанская пушча з’яўляецца ўнікальным аб’ектам экалагічнага турызму. Побач з заказнікам размяшчаецца мясцовая зона адпачынку «Зяльвянка» з папулярным водасховішчам Паперня. На тэрыторыі заказніка размешчаны дзіцячы санаторый «Ружанскі» Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Пружанскай цэнтральнай раённай бібліятэкай імя М. Засіма. Фядун Вера Васільеўна, бiблiёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі
-
Ружанская пуща / П. И. Лобанок // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2009. Т. 1, кн. 2. С. 318–319.
-
Ружанская пуща // Заповедные территории Беларуси. Минск, 2008. С. 332–335.
-
Ружанская пуща // Туристские регионы Беларуси. Минск, 2008.С. 94.
-
Ружанская пушча // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 2001. Т. 13. С. 434.
-
Заказник “Ружанская пуща” : экологический туризм Брестчины / В.Т.Демянчик и др. ; фото И.И.Бышнева и др. – Брест: Альтернатива, 2008. – 14с. : ил.
-
Мешечко, Е. Н. Заказник «Ружанская пуща» // Мешечко, Е. Н. Путешествие по Беларуси. В краю Немана, Западного Буга и Припяти: путеводитель / Е. Н. Мешечко. Брест, 2012. С. 46.
-
Здравницы Брестчины: [санаторий «Ружанский»] / сост. В. Ситуха. Брест, 2012. С. 80–87.
-
Курорты и здравницы Беларуси : [в. ч. санаторий «Ружанский»] / Ю. М. Досин и др. Минск, 2008. C. 234–235.
-
Демянчик, В. В. Позвоночные животные республиканского биологического заказника «Ружанская пуща» / В. В. Демянчик // Мая Радзіма – Беларусь. Брэст, 2008. С. 61–63.
-
Демянчик В. Т. Природные и культурно-исторические особенности заказника «Ружанская пуща» / В. Т. Демянчик, Ю. А. Демчук, М. Г. Демянчик // Прыроднае асяроддзе Палесся: асаблiвасцi i перспектывы развiцця. Брэст, 2008. С. 285.
-
Республиканский биологический заказник «Ружанская пуща» // Я отдыхаю в Беларуси. Экотуризм = ItakeaholidayinBelarus. Ecotourism / сост. Е. Л. Волох. Минск, 2008. С. 98–99.
-
Демянчик, В. Т. Природа Брестчины на рубежах столетий / В. Т. Демянчик,Н. В. Михальчук, В. П. Самусевич. – Брест,2001. – Из содерж.: Ружанская пуща. – С. 31–52; 112–113; 115.
-
Церахава, В. Рукатворная Паперня / Вера Церахава // Раённыя будні (Пружаны). 2010. 11 верасня. С. 4.
-
Козорев, А. И. Сравнительная характеристика охотничьих угодий, видового состава оленьих и состояния зимних древесно-веточных кормов Ружанской и Налибоцкой пущ / А. И. Козорев // Лесное и охотничье хозяйство. 2009. № 6. С. 27–31.
-
Астапчык, У. Час славіць і Ружанскую пушчу / Уладзімір Астапчык // Раённыя будні (Пружаны). 2008. 30 студзеня. C. 3.
-
Астапчик, В. И. Бальзамический бор Брестчины: [интервью с директором заказника «Ружанская пуща»] / Владимир Иванович Астапчик ; записал Пётр Петров // Заря. 2008. 29 мая. C. 8.
-
Кальчанка, А. Сёлета лічылі птушак у Ружанах / А. Кальчанка // Раённыя будні (Пружаны). 2007. 21 лістапада. C. 5.
-
Пилипчук, П. «Трон»... в Ружанской пуще / П. Пилипчук// Белорусская нива. 2007. 3 февраля. C. 6.
-
Пилипчук, П. Ружанский мотив, или О некоторых особенностях охоты в Ружанской пуще / П. Пилипчук // Заря. 2007. 9 января. C. 3.