Чацвер, 17 Сакавік 2016 15:50

21 лістапада 2015 г. – 210 гадоў з дня нараджэння Аляксея Пятровіча Старажэнкі (1805–1874), украінскага пісьменніка

Аляксей Пятровіч Старажэнка нарадзіўся 21 лістапада 1805 года ў сяле Лысагоры Барзнянскага павета Чарнігаўскай губерні (цяпер Ічнянскага раёна Чарнігаўскай вобласці, Украіна). Паходзіў ад старажытнага казацкага роду. Яго бацька, Пётр Данілавіч Старажэнка, служыў у арміі, удзельнічаў у руска-турэцкай вайне, у асадзе і ўзяцці Хоціна ў 1787 годзе, затым быў рэгістратарам у канцылярыі графа М. Румянцава.

 

Аляксей Старажэнка дзіцячыя гады правёў у мястэчку Вялікія Будзішча Зенькаўскага павета на Палтаўшчыне. Вучыўся спачатку дома, потам у Харкаўскай губернскай гімназіі (1821–1823), у гэты час упершыню сустрэўся з Мікалаем Гогалем, які тады вучыўся ў Нежынскай гімназіі.

З 1824 па 1850 гады А. П. Старажэнка знаходзіўся на вайсковай службе, пачаў служыць унцер-афіцэрам ў конна-егерскім палку і даслужыўся да паручніка драгунскага палка, затым быў старшым афіцэрам пры штабе кавалерыйскага корпуса. У асноўным служыў на Украіне, добра вывучыў жыццё і побыт украінскага сялянства. У 1828–1829 гадах прымаў удзел у вайне з туркамі і ў сражэнні пад Журжай быў паранены. У 1831 годзе ўдзельнічаў у польскай кампаніі, атрымаў ордэн Святой Ганны 3 ступені. У 1849 годзе – у паходзе ў Венгрыю.

Пасля выхаду ў адстаўку ў 1850 годзе служыў чыноўнікам асаблівых даручэнняў пры кіеўскім генерал-губернатары Д. Бібікаве. У гэтыя гады (1851–1854) ён шмат паездзіў па Кіеўшчыне, Валыні, Падоллі, Палтаўшчыне, Таўрыі і інш. У 1854–1863 гадах – у Міністэрстве ўнутраных спраў, удзельнічаў ў разрашэнні канфліктных спраў. 26 лістапада 1855 года ўзнагароджаны ордэнам Святога Георгія 4 класа за выслугу 25-ці гадоў у афіцэрскіх чынах. З 1863 года служыў у Віленскім генерал-губернатарстве, жыў у г. Вільні.

У 1868 годзе А. П. Старажэнка ў чыне сапраўднага стацкага саветніка, што адпавядае званню генерала, выйшаў у адстаўку і пераехаў у горад Брэст-Літоўск Гродзенскай губерні. Яго выбралі прадвадзіцелем дваранства Брэсцкага павета, таксама быў старшынёй з’езда міравых суддзяў.

Апошнія гады Аляксей Пятровіч жыў на хутары (сядзібе) Гарэшын каля вёскі Трышын (цяпер у межах г. Брэста), таксама валодаў вёскай Цюхінічы. Займаўся садаводствам, любіў хадзіць на паляванне і рыбалку. Гэта быў вельмі энергічны чалавек, які валодаў цудоўным здароўем і вялікай фізічнай сілай. Хадзіў у нацыянальным украінскім адзенні з пышнымі казацкімі вусамі. Быў чалавекам рознабакова адораным, іграў на віяланчэлі, маляваў, лепіў.

Таксама А. П. Старажэнка захапляўся літаратурнай творчасцю. Спачатку пісаў прозу на рускай мове і друкаваўся ў “Северной пчеле”, “Библиотеке для чтения”. Працаваў над раманам пра “польскую рэвалюцыю 1863 года” “Былое – не минувшее”, але рукапіс страчаны. Пасля выхаду ў свет украінскага часопіса “Основа” А. П. Старажэнка становіцца яго карэспандэнтам. Выдатна валодаў украінскай мовай, напісаў на ёй 28 твораў.

Найбольш значныя творы: паэма “Марко Проклятый”, раман “Братья-близнецы” (1857), аповесці “Соседи”, “Сотник Пятро Серп”, апавяданні “Усы”, “Иголка” і інш. У 1863 годзе на маларускай мове выдадзены двухтомнік “Украiнскі оповідання”, у які ўвайшлі 22 апавяданні і адна п’еса. Многія з іх напісаны на сюжэты народных паданняў, легенд, на аснове этнаграфічнага і гістарычнага матэрыялу. Высмейваў бюракратызм, фармалізм, панства. Знаходзіўся пад моцным уплывам дваранскай рамантычнай літаратуры, адэалізаваў узаемаадносіны паміж панам і крэпасным. Пісьменнік шырока выкарыстоўваў багатую народную мову, якая адлюстроўвала асаблівыя рысы побыту, нораваў, звычаяў украінскіх сялян і запарожскіх казакоў. Украінскія апавяданні ў сваім перакладзе на рускую мову друкаваў у часопісе “Вестник Западной России”.

Аўтар апавяданняў, падарожных нататак і нарысаў пра Беларусь і паўстанне 1863–1864 гадоў: “Видение в Несвижском замке” (1864), “Эпизод из поездок по Северно-Западному краю России” (1866), “Ксёндз Мацкевич – предводитель шайки мятежников” (1866), “Освящение римско-католического костела в м. Ляховичи в православную церковь” (1867) і інш.

А. П. Старажэнка памёр 19 лістапада 1874 года. Пахаваны на Трышынскіх могілках у Брэсце. Дом, дзе жыў пісьменнік, згарэў у 1880-х, а сад быў вырублены ў 1960-х. У г. Львове яго імем названа вуліца.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

  1. Олекса Старажэнка // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Брэст, 1997. Кн. 1. С. 163.

  2. Могила Стороженко Алексея Петровича // Свод памятников истории и культуры Белоруссии. Брестская область. Минск, 1990. С. 75.

  3. Старажэнка Аляксей Пятровіч / В. Ф. Шалькевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. Мінск, 1987. Т. 5. С. 116–117.

  4. Iсторiя української літератури ХIХ столiття : у 3 кн. Книга третя : 70–90-тi роки ХIХ ст. – Киiв : Либiдь, 1997. – 432 с. – Со змiсту: Стороженко О. П. – С. 58, 67, 132, 299, 385.

  5. Рубашевский, Ю. Писатель, сыщик, предводитель дворянства / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2013. 18 сентября. С. 8.

  6. Доценко, М. Олекса Стороженко предводитель брестского дворянства и казначей / Михаил Доценко, Илья Верин // Брестский вестник. 2009. 2 апреля (№ 13). С. 2.

  7. Рубашевский, Ю. Последний романтик украинской прозы / Юрий Рубашевский // Вечерний Брест. 2007. 23 ноября. С. 5.

  8. Замкавец, У. Пісьменнік з казацкага роду : Алекса Старажэнка (1806–1874) / Уладзімір Замкавец // Народная трыбуна. 2004. 30 кастрычніка.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1803 разоў Апошняя змена Чацвер, 22 Красавік 2021 11:07