Пятніца, 13 Май 2016 12:03

2016 г. – 425 гадоў з часу зацвярджэння (1591) Мікольскага праваслаўнага брацтва і адкрыцця першай брацкай школы (Брэст)

У другой палове XVI – першай палове XVII стст. у грамадска-палітычным жыцці гараджан вялікае значэнне мелі рэлігійныя брацтвы, якія арганізоўваліся пры праваслаўных манастырах і цэрквах. Яны імкнуліся захаваць беларускую культуру і мову, адкрывалі друкарні і брацкія школы, у якіх навучаліся хлопчыкі ўсіх саслоўяў. Немалую ролю ў развіцці і ўмацаванні праваслаўя мелі праваслаўныя брацтвы – рэлігійна-дабрачынныя і культурныя аб’яднанні гарадскога насельніцтва.

Вялікая ўвага ў брацкай школе надавалася грэчаскай мове, нават часта школу называлі грэчаска-славянскім вучылішчам. Абавязкова вывучалі лацінскую і польскую мовы, паколькі не вучыць іх было нельга – на лаціне ў асноўным вяліся пропаведзі ў каталіцкіх касцёлах, праводзіліся сходы і вялася дакументацыя ў судах, трыбуналах. На польскай і лацінскай мовах стваралася рэлігійна-палемічная літаратура. Выкладалі таксама багаслоўе, арыфметыку, геаметрыю, граматыку, музыку, рыторыку і астраномію.

28 студзеня 1591 года кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь літоўскі Жыгімонд ІІІ Ваза дараваў грамату, якая дазваляла берасцейскім мяшчанам мець брацтва і школу пры ім. Пры саборнай Мікалаеўскай царкве горада Бярэсця ўзнікае Мікольскае брацтва, заснаванае па благаслаўленню епіскапа Уладзімірскага і Берасцейскага Мялеція Храптовіча.

Праваслаўнае брацтва ў гонар свяціцеля Мікалая ў Бярэсці было адным з найбуйнейшых брацтваў, што існавалі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Першыя пісьмовыя звесткі пра Берасцейскую царкву святога Мікалая Цудатворца адносяцца да 1390 года. Невядомы дакладны час будаўніцтва храма, які быў узведзены з каменя. Яго ўнутранае ўбранне адрознівала прастата і багацце абразоў.

Пры Мікольскім брацтве быў створаны шпіталь, пабудаваны першапачаткова з дрэва, а ў 1750 годзе пасля пажару адноўлены ў камені. Функцыі брацтва і шпіталя былі самымі высакароднымі – папячыцельства аб жабраках, бяздомных, адзінокіх, заступніцтва служыцелям царквы і іх сем’ям.

Асабліва цікавай была дзейнасць Мікольскага брацтва ў галіне адукацыі. Пры ім дзейнічала школа – адна з першых школ Беларусі, створаная на ўзор львоўскай брацкай школы. На яе чале стаяў рэктар, які выбіраўся брацтвам, былі настаўнікі і два правізары, якія наглядалі за дысцыплінай. У школу маглі паступіць нават дзеці прадстаўнікоў бедных слаёў насельніцтва. Вучні дзяліліся на тры групы. У школе дзейнічала класна-ўрочная форма заняткаў, выкладаліся граматыка, рыторыка, арыфметыка, геаметрыя, музыка, лацінская і грэчаская мовы. Настаўнік павінен быў праводзіць з вучнямі гутаркі на рэлігійныя і маральныя тэмы. У брацкай школе Бярэсця, у адрозненне ад большасці навучальных устаноў Еўропы практычна не выкарыстоўвалася пакаранне розгамі, а ўжываліся іншыя метады, напрыклад – вымова.

З 1592 па 1595 гады ў Берасцейскай брацкай школе выкладаў славянскую грамату вядомы беларускі гуманіст-асветнік Лаўрэнцій Зізаній. Менавіта тут ён склаў сваю знакамітую кнігу «Грамматіка словенска», адначасова надрукаваў буквар «Наука ку читаню и розуменю писма словенского». Тры гады працы ў Бярэсці прынеслі Лаўрэнцію Зізанію вядомасць як педагогу і грамадскаму дзеячу.

Напярэдадні ўзнікнення ў Рэчы Паспалітай царкоўнай уніі ў дзейнасці Мікольскага брацтва наступілі рэзкія перамены. На брацтва пачынае аказваць моцны ўплыў брэсцкі кашталян Іпацій Пацей, які ў 1593 годзе заняў Берасцейскую епіскапскую кафедру. Спачатку ён аказваў садзейнічанне і падтрымку брацкай школе, але, падтрымліваючы ўнію, новы біскуп пачынае ганенні на лепшых дзеячаў брацтва, стаў прыцясняць настаўнікаў. У 1595 годзе вымушаны быў сысці ў Віленскую школу Лаўрэнцій Зізаній.

Праз год храм становіцца месцам сабора, які прыняў акт аб заключэнні ўніі. З гэтага часу царква святога Мікалая фактычна была адарвана ад праваслаўных і перададзена ўніятам. У 1597 годзе была выдадзена каралеўская грамата, якая прадпісвала Іпацею Пацею перадаць школу Мікольскага брацтва ўніятам. Берасцейскае праваслаўнае брацтва праіснавала да 1604 года, а затым працягнула дзейнасць як уніяцкае.

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкай імя А. С. Пушкіна. Юркевіч Жанна Валер’еўна, заг. інфармацыйна-бібліяграфічнага аддзела

 

  1. Здановіч, У. У. Берасцейскія брацтвы / У. У. Здановіч // Памяць. Брэст : гіст.-дакум. хроніка : у 2 кн. Мінск, 1997. Кн. 1. С. 75–76.

  2. Брацкія школы / Марат Батвіннік ; Брацтвы праваслаўныя / Марат Батвіннік // Вялікае княства Літоўскае : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 346–348.

  3. Брацкія школы ; Брацтвы// Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. Мінск, 1996. Т. 3.С. 254.

  4. Брацкія школы ; Брацтвы праваслаўныя// Энцыклапедыя гісторыіі Беларусі : у 6 т. Мінск. 1994. Т. 2. С. 7576.

  5. Братские школы / А. Ф. Самусик ; Братства / А. Ф. Самусик // Республика Беларусь : энциклопедия : [в7 т.]. Минск, 2006. Т. 2. С. 496–497.

  6. Зізаній (Тустаноўскі) Лаўрэнцій / Марат Батвіннік // Вялікае княства Літоўскае : у 2 т. Мінск, 2005. Т. 1. С. 656–657.

  7. Храптовіч Мялецій / Анатоль Грыцкевіч // Вялікае княства Літоўскае : у 2 т. 2-е выд. Мінск, 2007. Т. 2. С. 718–719.

  8. Грамматики Лаврентия Зизания и Мелетия Смотрицкого / сост., подг. текста, научный комментарий и указатели Е. А. Кузьминовой; предисл. Е. А. Кузьминовой, М. Л. Ремнёвой.Москва : Изд-во МГУ, 2000.528 с.

  9. Марозава, С. В. Іпацій Пацей: царкоўны дзеяч, мысліцель, пісьменнік на пераломе культурна-гістарычных эпох / С. В. Марозава, С. А. Падокшын // Беларускі гістарычны зборнік. Беласток, 2002. Т. 17. С. 285–290.

  10. Брич, С. Деятельность православных братств на территории Беларуси / С. Брич // Праблемы выхавання. 2008. № 2. С. 40–43.

  11. Криштапович, Л. Е. Православные братства в Беларуси [16 в.] // Криштапович, Л. Е. Беларусь и Россия: историософское и цивилизационное единство / Л. Е. Криштапович. Минск, 2006. С. 52–56.

  12. Павловский, Б. Создатель белорусской азбуки : [о педагогической деятельности Лаврентия Зизания в православном братстве при Николаевской церкви в Берестье] / Борис Павловский // Вечерний Брест. 2014. 22 августа (№ 66). С. 8.

  13. Попов, В. Брестский собор святого Николая Чудотворца / В. Попов // Журнал «Ступени» 2001 год № 1 (2). Режим доступа:http://city-brest.gov.by/struct/vizitka-goroda/istoriya-goroda/kulturnaja-zhizn-Bresta-1945-1990/brestskiy-sobor-svyatogo-nikolaya-chudotvorca/

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1153 разоў Апошняя змена Серада, 25 Сакавік 2020 15:18