Панядзелак, 31 Ліпень 2017 10:30

Сустрэча-семінар «Этнавітальнасць і мульцікультурнасць у літаратуры Маларытчыны»

26 ліпеня ў Маларыцкай раённай бібліятэцы прайшла сустрэча-семінар «Этнавітальнасць і мульцікультурнасць у літаратуры Маларытчыны». 

 

Яе адкрыла Наталля Кузьміцкая, намеснік дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы. У госці была запрошана Марыя Жыгалава, доктар педагагічных навук, кіраўнік навукова-даследчай лабараторыі па сацыякультурных праблемах беларуска-польска-ўкраінскага пагранічча, прафесар кафедры беларускай і рускай моў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, сапраўдны член Акадэміі педагагічных і сацыяльных навук Расійскай Федэрацыі, заслужаны настаўнік Беларусі, аўтар больш за 200 навуковых прац, а таксама мастакі слова раёна. Марыя Пятроўна звярнула ўвагу прысутных на развіццё сучаснай літаратуры і погляд айчынных і замежных навукоўцаў на само паняцце «рэгіянальная літаратура», на ролю літаратуры ў развіцці асобы і ўклад у развіццё айчыннай літаратуры. На канкрэтных прыкладах М. П. Жыгалава паказала ролю чытання ў развіцці інтэлекту пісьменніка, а значыць, і ў выбары актуальнай тэматыкі і праблематыкі, у азбагачэнні стылявых адметнасцей лірыкі і прозы, у спосабах фарміравання характару лірычнага героя і дынамікі яго развіцця. Марыя Пятроўна таксама пазнаёміла мясцовых пісьменнікаў з паняццем «моцная пазіцыя» твора, паказала на канкрэтных прыкладах, у чым яна праяўляецца, як дапамагае чытачу вызначаць тэму і ідэю мастацкага твора, якую ролю адыгрывае выбар назвы твора, рытма і рыфмы, сродкаў для фарміравання характару лірычнага героя, спосабаў пранікнення чытача ў падтэкст і выхад на шырокія філасофскія абагульненні. Была звернута ўвага і на жанравую, стылявую і тэматычную парадыгмы, мастацкую манеру, мову і стыль пісьменнікаў, спосабы адлюстравання імі навакольнага жыцця. Амаль дзве гадзіны працягвалася сустрэча, на якой Марыя Жыгалава многа чытала на памяць, аналізавала творы, якія ўвайшлі ў яе новую кнігу, падкрэсліваючы іх ролю ў выхаванні моладзі. Марыя Пятроўна гаварыла і аб уключэнні твораў мясцовых аўтараў у вучэбна-выхаваўчы працэс устаноў адукацыі, выкананні вучнямі вучэбна-даследчых работ. Госця адказала на пытанні мясцовых паэтаў, звязаных не толькі з яе літаратуразнаўчай дзейнасцю, але і з архіўнай, з гісторыяй выдання кніг за мяжой (у Германіі). Таксама было разгледжана пытанне этнавітальнасці і мульцікультурнасці ў творчасці пісьменнікаў Маларытчыны.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1875 разоў Апошняя змена Аўторак, 26 Снежань 2017 16:23