Пятніца, 17 Лістапад 2017 16:36

Прэзентацыя кнігі “Полиэтническая литература Малоритчины: интерпретация и анализ произведений”

15 лістапада ў Маларыцкай раённай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі “Полиэтническая литература Малоритчины: интерпретация и анализ произведений”. Аўтар — маларытчанка Марыя Пятроўна Жыгалава, доктар педагагічных навук, кіраўнік навукова-даследчай лабараторыі па сацыякультурных праблемах беларуска-польска-ўкраінскага пагранічча, прафесар кафедры беларускай і рускай моў Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, сапраўдны член Акадэміі педагагічных і сацыяльных навук РФ, заслужаны настаўнік Беларусі. 

 

На сустрэчы прысутнічалі настаўнікі беларускай і рускай мовы і літаратуры ўстаноў адукацыі Маларытчыны,  вучні 10 “А” класа раённай гімназіі. Прыемным сюрпрызам для ўдзельнікаў прэзентацыі з’явілася прысутнасць на ёй мясцовых пісьменнікаў Пятра Пальчука і Надзеі Кухцей.

У кнізе аналізуецца творчасць паэтаў і пісьменнікаў Маларытчыны Мікалая Пацеюка, Уладзіміра Данілюка, Алены Мажароўскай, Івана Заматаева, Пятра Чагайды, Генадзя Мішчука, Таццяны Ефлаковай, Мікалая Губея, Лідзіі Гаўрылюк, Міхаіла Коцелева, Пятра Пальчука, Надзеі Кухцей, Уладзіміра Кучмінскага. Аўтар абазначыў асноўны круг педагагічных формаў і метадаў работы, якія могуць быць выкарыстаны настаўнікам на ўроках і факультатыўных занятках, у пазакласнай рабоце, пры падрыхтоўцы вучнямі навукова-даследчых прац. 

Падчас прэзентацыі размова ішла пра тое, што М.П.Жыгалава ўпершыню зрабіла спробу асэнсавання гісторыі развіцця літаратуры Маларытчыны, пачынаючы з 50-ых гадоў ХХ стагоддзя і заканчваючы 2017г. Увага таксама канцэнтравалася на тым, што аўтар раскрывае жыццёвыя і літаратурныя сувязі мясцовых паэтаў праз інтэрпрэтацыю і аналіз асобных твораў, спрабуе паказаць рэгіянальны каларыт іх творчасці, адносіны да народа, які  пражывае на тэрыторыі прыгранічча. Прысутныя падкрэслівалі, што М.П.Жыгалава ў кнізе адзначае ролю літаратуры рэгіёну ў фарміраванні асобы і кансалідацыі мульцікультурнага соцыума… 

Напрыканцы сустрэчы Марыя Жыгалава адказала на пытанні і раздала аўтографы.    

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 72 разоў