Чацвер, 10 Май 2018 13:02

XXII Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі»

XXII Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі» праходзіла 3–5 мая ў Мінску ў выставачным цэнтры «БелЭкспа». Брэсцкая абласная бібліятэка імя М. Горкага ўжо другі год запар прымае ўдзел у яе працы.

Традыцыйна на выставе прадстаўляліся друкаваныя і аўдыёвізуальныя сродкі масавай інфармацыі, інтэрнэт-рэсурсы, інфармацыйныя агенцтвы, выдавецтвы і г. д. Сярод удзельнікаў — прадстаўнікі з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Азербайджана, Грузіі, Турцыі, Германіі і інш., а таксама прадстаўнікі з рэгіёнаў краіны.

Сёлетні акцэнт працы і творчая прэзентацыя Брэсцкай пляцоўкі былі прымеркаваны да творчай дзейнасці абласной газеты «Заря», якая ў хуткім часе адзначыць свой 80-гадовы юбілей. Акрамя таго, на сцэнічнай пляцоўцы «БелЭкспа» мелі магчымасць выступіць пісьменнікі і журналісты Берасцейшчыны: Г. Тамашэвіч, Т. Дземідовіч, А. Папко і інш. Экспазіцыю, прысвечаную гісторыі і сучаснасці Берасцейшчыны, прэзентаваў Брэсцкі абласны краязнаўчы музей. Наведвальнікі і госці маглі азнаёміцца з разнастайнасцю друкаванай перыёдыкі раёнаў вобласці.

Абласная бібліятэка імя М. Горкага на творчай пляцоўцы «СМІ Берасцейшчыны» экспанавала кніжную выставу «Лаўрэаты. Літаратурная прэмія Брэсцкага аблвыканкама імя У. А. Калесніка». Прэмія прысуджаецца адпаведна рашэнню Брэсцкага аблвыканкама з 2007 г. у гонар Уладзіміра Андрэевіча Калесніка, вядомага пісьменніка, таленавітага педагога, літаратуразнаўца і крытыка, кандыдата філалагічных навук, прафесара, стваральніка і кіраўніка абласнога літаратурнага аб’яднання «Зараніца», лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа. На выставе былі прадстаўлены творы, прысвечаныя жыццю і дзейнасці Уладзіміра Андрээвіча, а таксама кнігі лаўрэатаў прэміі за ўсе гады яе існавання. Сярод іх шмат гучных імёнаў, вядомых не толькі на Берасцейшчыне, але і за яе межамі: Мікола Купрэеў, Ніна Мацяш, Міхась Рудкоўскі, Мікола Пракаповіч, Алесь Каско, Зінаіда Дудзюк, Іван Арабейка, Анатоль Крэйдзіч і інш. Усе жадаючыя мелі магчымасць праслухаць кніжны агляд па экспанаванай выставе і атрымаць адказы на пытанні.

Жэлянгоўская Ірына Іванаўна, галоўны бібліёграф ,

 Бельская Алена Лявонцьеўна, бібліятэкар

аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі

 Тэлефон для даведак: +375 162 57 48 79

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 150 разоў Апошняя змена Чацвер, 10 Май 2018 13:19