Серада, 22 Жнівень 2018 13:31

Вечар-партрэт «Мяне няма, але я ёсць адсутны …», да 65-годдзя з дня нараджэння Васіля Сахарчука

«…Усё на свеце выпадкова, апроч зямлі, 

дзе гукі найзванчэйшай мовы

праз сэрца прараслі.

Усё на свеце выпадкова, апроч 

дарогі той, што стала сэрцам і асновай,

і сутнасцю маёй…»

Васіль  Сахарчук

 

«Спеўная зямля» — такое найменне замацавалася за нашай сінявокай Беларуссю. Жабінкаўская зямля дала беларускай літаратуры цэлую плеяду таленавітых пісьменнікаў, і кожны з іх вызнaчaeццa сваёй caмaбытнacцю i нeпaўтopнacцю. Дастаткова ўзгадаць толькі прозвішчы некаторых з іх, якія на слыху ў аматараў прыгожага слова: Расціслаў і Анатоль Бензерукі, Іван Арабейка, Алена Жабінкаўская, Іван Дацкевіч… Тут жылі і працавалі Алесь Каско, Васіль Гадулька, Васіль Сахарчук…

  У Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбыўся вечар-партрэт «Мяне няма, але я ёсць адсутны…», прысявечаны 65-годдзюз дня нараджэння паэта, перакладчыка і журналіста Васіля Якаўлевіча Сахарчука. Вядучыя мерапрыемства Таццяна Раманава і Валянціна Славуціч пазнаёмілі чытачоў з жыццёвым і творчым шляхам паэта. Бязумоўна, біяграфія паэта ў яго вершах. Чытачы цёпла прымалі вершаваныя  яго зборнікі, кнігі перакладаў. Першы збор вершаў «Зорны мост» у калектыўным зборніку маладой паэзіі «Крыло» з’явіўся ў 1984 годзе. У 1988 годзе Васіль Сахарчук быў прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі і ў гэтым жа годзе выходзіць зборнік паэзіі «Даніна», затым — зборнік вершаў «Ранішні госць». Апошні, пасмяротны зборнік «Мой вечны бор» выйшаў у 2004 годзе, ён быў прадуманы і упарадкаваны самім аўтарам, але выдаць яму яго ўжо не давялося.

  У час мерапрыемства гучалі вершы паэта — «Жабінка»,  «Песня вандроўніка», «Калядная сцюжа», «Балада памяці» і інш. Сапраўды, кожны раз, прачытваючы інтэлектуальную лірыку Васіля Сахарчука, душу нашу кранаюць яго радкі сваёй тугой і самотай, прыгажосцю і меладычнасцю. Гледачам было прыемна паслухаць песню на словы Васіля Сахарчука «Халадок недавер» (музыка П. Карнеева) ў выкананні жабінкаўскай спявачкі  Ірыны Віткоўскай і пагдядзець відэакліп на кампазіцыю «Чысціня» у выкананні ансамбля «Сябры». Народны хор ветэранаў «Тонус» (г. Жабінка) выканаў песні, прысвечаныя памяці паэта. 

  Прыемна адзначыць, што на літаратурнай сустрэчы прысутнічалі людзі, якія сустракаліся на шляху Васіля Сахарчука, дзяліліся з ім сваімі думкамі, тыя людзі, з кім зводзіў яго лес і хто сэрцам помніць паэта. Прыехалі госці з Брэста: Леанід Георгіевіч Філатаў — пісьменнік, педагог, публіцыст і журналіст, крытык — Уладзімір Уладзіміравіч Барысюк. Вечар наведалі і мясцовыя пісьменнікі – паэт, педагог, журналіст, перакладчык, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі Расціслаў Мацвеевіч Бензярук і гісторык, краязнаўца, журналіст, аўтар шматлікіх кніг пра нашу жабінкаўшчыну — Анатоль Бензярук, кожны з іх падзяліўся ўспамінамі пра паэта. Доўгі час разам з Васілём Якаўлевічам у рэдакцыі газеты «Сельская праўда» працавала Тамара Мікалаеўна Лісічык, яна згадала, якім паэт быў на працы. Напрыканцы вечара жонка паэта Людміла Іванаўна падзякавала ўсім за памяць пра свайго мужа, мастака прыгожага паэтычнага слова. 

  Згарэла, знікла зорка Паэта, але мы памятаем пра яго…  З радасцю ў сэрцы хочацца адзначыць, што новай вуліцы індывідуальнай жылой забудовы «Абрамавічы 1» нададзена імя Васіля Сахарчука, гэта даніна памяці жабінкаўцаў паэту.

«Цябе няма, але ты ёсць – адсутны

На час, які ўжо знаеш толькі ты

Цябе няма, як нас няма ў тым сьвеце,

Якога мы ня ведаем яшчэ.

Ты светам стаў, які халодна свеціць

У ціхае слязіне на шчацэ»…

                                                             Віктар Шніп

                                                                       

 Андрасюк Ю., бібліятэкар Жабінкаўскай раённай бібліятэкі.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 46 разоў Апошняя змена Серада, 22 Жнівень 2018 13:36