Чацвер, 24 Студзень 2019 12:34

«Брэст — культурная сталіца СНД»

У 2019 г. Брэст атрымаў ганаровы статус культурнай сталіцы СНД. Да гэтай значнай у жыцці нашага горада падзеі прымеркавана кніжная выстава «Брэст — культурная сталіца СНД», падрыхтаваная супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага.

На выставе прадстаўлена каля 80 кніжных крыніц, якія адлюстроўваюць гістарычныя, сацыяльна-эканамічныя і культурныя адметнасці нашага горада; асвятляюць тэатральнае і музычнае жыццё, дзейнасць устаноў адукацыі і культуры; узгадваюць імёны вядомых рэлігійных і культурных дзеячаў, мастакоў, навукоўцаў і пісьменнікаў. Асаблівая ўвага нададзена гістарычным падзеям сусветнага маштабу: першай на тэрыторыі Беларусі друкарні і выдадзенай у ёй Брэсцкай Бібліі, Брэсцкай царкоўнай уніі, Брэсцкаму міру, Брэсцкай крэпасці.

Пачынаецца выстава з манаграфіі вядомага навукоўца Пятра Лысенкі «Берестье» (Мн., 1985), у якой аўтар абагульняе вынікі шматгадовых даследаванняў старажытнага горада (раскопкі вяліся з 1968 па 1981 год і выявілі цікавую планіроўку старажытнага дзядзінца і добрую захаванасць рэчаў з розных матэрыялаў). Усім, хто цікавіцца гісторыяй г. Брэста, экспазіцыя дае магчымасць азнаёміцца з рэдкімі ксеракопіямі: «Описаніе староства Берестейскаго 1566 г.» з кнігі «Документы Московского архива Министерства юстицыи» Т. 1, (М, 1897) пад рэдакцыяй Доўнара-Запольскага, ксеракопіяй «Исторія Брестъ-Литовска 1016–1907», складальнік Х. Заненберг, і ксеракопіяй «Матеріалы для географіи и статистики Россіи, собранные офицерами генеральнаго штаба. Гродзенская губернія» (Санктпетербургъ, 1863), складальнік І. Баброўскі. Увага наведвальнікаў звяртаецца і на зборнік «Уния в документах» (Мн, 1997). У гэтым унікальным выданні ўпершыню комплексна прадстаўлены дакументы, многія з якіх даўно ператварыліся ў бібліяграфічную рэдкасць.

Усім, хто цікавіцца гісторыяй і сучасным станам адукацыі горада, будзе карысным азнаямленне з кнігамі Пятра Брыгадзіна «Мятежный корпус: из истории Александровского Брестского кадетского корпуса (1842–1863)» (Мн, 2007) і Міхаіла Мантвілава «Русская гимназия в Бресте на Буге 1919–1939» (Ним-Брест-Минск, 1996), Рамуальда Жабінскага «Брестский музыкальный колледж: история и современность» (Брест, 2011), Аляксандра Саланенкі «Брестская детская музыкальная школа № 1: двадцать лет вместе» (Брест, 2010) і інш.

У зборніках «Брест в 1919–1939 гг. : документы и материалы» (Брест, 2009), «Брест в 1939–1941 гг. : документы и материалы» (Брест, 2012) і «Брест в 1941–1944 гг. Оккупация : документы и материалы» (Брест, 2016) публікуюцца дакументы Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці па гісторыі горада Брэста, якія характарызуюць дзейнасць органаў мясцовага самакіравання і паліцыі, дэмаграфічную сітуацыю, эканамічнае развіццё, стан гарадской гаспадаркі, грамадска-палітычную сітуацыю, сацыяльную сферу, адукацыю, культурнае жыццё, канфесіянальную сітуацыю, а таксама палітычную абстаноўку ў горадзе. Зборнікі праілюстраваны шматлікімі копіямі дакументаў і фотаздымкаў.

На асобнай паліцы выставы экспануецца цыкл кніг вядомага журналіста і пісьменніка Васіля Сарычава «В поисках утраченного времени», прысвечаных гісторыі Брэста. Мінулае горада падаецца ў цікавай і неардынарнай форме — праз фотаздымкі і каментарыі да іх.

Берасцейшчына багатая на літаратурныя таленты. Вядома, што першую спробу асэнсаваць гісторыю прыгожага пісьменства нашага рэгіёна зрабіў У. А. Калеснік у сваёй працы «Берасцейскае вогнішча», якая была надрукавана ў яго кнізе «Зорны спеў». Кніга Веры Ляшук і Галіны Снітко «Літаратурная Берасцейшчына : краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы» (Мн, 2008) з’яўляецца своеасаблівым працягам вывучэння і даследавання мастацкай літаратуры горада Брэста і вобласці і, найперш, зацікавіць бібліятэкараў, настаўнікаў, студэнтаў, вучняў старшых класаў, а таксама ўсіх, хто цікавіцца літаратурай роднага краю.

Выстава «Брэст — культурная сталіца СНД» знаёміць і з выданнямі, прысвечанымі Брэсцкаму акадэмічнаму тэатру драмы імя Ленінскага камсамола Беларусі, а таксама лялечнаму тэатру, якія штогод радуюць берасцейцаў не толькі асабістымі прэм’ернымі спектаклямі, але і праводзяць на сваіх падмостках міжнародныя тэатральныя фестывалі. Леанід Валчэцкі, аўтар кнігі «Годы, спектакли, роли...» (Мн., 1974), больш за дваццаць гадоў узначальваў калектыў абласнога тэатра драмы і музыкі. У кнізе распавядаецца пра творчае станаўленне трупы, раскрываюцца асноўныя рысы найбольш значных пастановак класічнага і сучаснага рэпертуару.

З Брэстам звязаны імёны цікавых і разнастайных творцаў-мастакоў: Пятра Данэліі, Мікалая Чурабы, Эдуарда Куфко, Міхаіла Канькова, Льва Алімава, Анастасіі Фяцісавай. Каталогі работ гэтых і іншых мастакоў можна таксама пабачыць на выставе.

Асобныя выданні экспазіцыі прысвечаны знакамітым асобам, гістарычным і сучасным дзеячам: Казіміру Лышчынскаму, Лявонцію Карповічу, Афанасію Філіповічу і інш. У сувязі з гэтым Бібліятэка прапануе наведвальнікам азнаёміцца з гістарычным праектам газеты «Брестский курьер» «Фамильное древо Бреста» — маляўнічымі плакатамі, выдадзенымі ў двух частках, — «Имена и времена : 50 плакатов об известных личностях прошлого и настоящего, соединённых судьбами с городом над Бугом».

Кніжная выстава «Брэст — культурная сталіца СНД» будзе працаваць у аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі на працягу студзеня.

 

Жэлянгоўская Ірына Іванаўна, заг. аддзела краязнаўчай літаратуры і
бібліяграфіі
Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 241 разоў Апошняя змена Чацвер, 14 Люты 2019 16:03