Пятніца, 25 Студзень 2019 15:58

«Брэст. Тут пачынаецца Радзіма»

З 17 студзеня 2019 г. у агульнай чытальнай зале Бібліятэкі адкрылася выстава-панарама «Брэст. Тут пачынаецца Радзіма», прысвечаная 1000-годдзю горада Брэста.

Выстава прадстаўляе шэраг матэрыялаў, якія раскрываюць гісторыю горада ад старажытнага Бярэсця да сучаснага Брэста. Назвы раздзелаў адпавядаюць «імені» горада ў пэўны гістарычны перыяд: Бярэсце, Брэст-Літоўск, Брэст-над-Бугам, Брэст.

Першы раздзел асвятляе гісторыю горада ад 1019 г. да XVIII стагоддзя. Старажытнае Бярэсце (цяпер — унікальны археалагічны музей пад адкрытым небам), уваходжанне Бярэсця ў ВКЛ і атрыманне (першым сярод беларускіх гарадоў) Магдэбургскага права, Брэсцкая Біблія, Брэсцкая унія.

Другі раздзел знаёміць чытача з горадам у перыяд з XVIII да пачатку XX стагоддзя, калі Брэст-Літоўск уваходзіў у склад Расійскай імперыі. Падаўленне паўстання Тадэвуша Касцюшкі, вайна 1812 г., будаўніцтва крэпасці Брэст-Літоўск па волі Мікалая I, Першая сусветная вайна, Брэсцкі мір — усе гэтыя падзеі хваляй пранесліся праз Брэст-Літоўск, наносячы яму цяжкія і спусташальныя ўдары, часам цалкам змяняючы і аблічча, і лёс горада.

З 1922 па 1939 г. горад называўся Брэст-над-Бугам і пасля падпісання Рыжскай дамовы стаў цэнтрам Палескага ваяводства Польшчы. Так пачаўся «польскі час», два дзесяцігоддзі якога пакінулі вельмі прыкметныя старонкі ў хроніцы Брэста XX стагоддзя. Літаратура, прысвечаная гэтым падзеям, уключана ў трэці раздзел — «Брэст-над-Бугам».

У чацвёртым раздзеле экспазіцыі сабраны матэрыялы аб Брэсце з 1939 г. да нашых дзён. Дакументы і матэрыялы гэтага раздзела прысвечаны гісторыі горада падчас Вялікай Айчыннай вайны, пасляваеннаму аднаўленню, сацыяльна-эканамічнаму і культурнаму развіццю ў перыяд «развітога сацыялізму», сучаснаму абліччу горада.

Выстава-панарама будзе экспанавацца на працягу года і разлічана на шырокае кола чытачоў.

Казакова Віялена Віяленаўна, бібліятэкар І катэгорыі агульнай чытальнай залы,
Грушкевіч Марына Уладзіміраўна, бібліятэкар агульнай чытальнай залы
Кантактны тэлефон: + 375 162 57 48 74

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1649 разоў Апошняя змена Чацвер, 14 Люты 2019 15:59