Чацвер, 14 Люты 2019 13:23

Прэзентацыя зборніка вершаў «Не пакідай мяне…» мясцовага паэта Уладзіміра Данілюка

У культурным жыцці аг. Чарняны адбылася адметная падзея. 1 лютага ў сельскай бібліятэцы прайшла прэзентацыя зборніка вершаў «Не пакідай мяне…» мясцовага паэта Уладзіміра Данілюка. Кніга Уладзіміра Мікітавіча выдадзена напрыканцы мінулага года ў Брэсцкай друкарні ў серыі «Маларытчына паэтычная».

Імя Уладзіміра Мікітавіча добра вядома аматарам паэтычнага радка Маларытчыны. З 1969 г. яго вершы з’яўляюцца на старонках «раёнкі». Уладзімір Мікітавіч дасылаў у «Сельскае жыццё» не толькі іх. Ён стаў актыўным пазаштатным аўтарам. Талент Уладзіміра Данілюка заўважылі і старэйшыя калегі па пяру і ў 1971 г. прынялі ў склад раённага літаратурнага аб’яднання «Над рэчанькай Рытай». Першы зборнік вершаў «Сярод людзей» Уладзіміра Мікітавіча ў 1996 г. выйшаў у свет яшчэ ў машынапісным варыянце. У 2013 г. да юбілею пісьменніка зборнік быў перавыдадзены. Цяпер вершы Уладзіміра Данілюка пастаянна змяшчаюцца ў выпусках літаратурнага аб’яднання, якое існуе пры раённай газеце «Голас часу».

У СДК Чарнян сабралася каля 70 прыхільнікаў творчасці Уладзіміра Данілюка, каб паслухаць паэта і яго вершы, дакрануцца да прыгожага паэтычнага беларускага слова. Між іншым, крытыкі ўжо станоўча выказаліся пра новы зборнік Уладзіміра Мікітавіча.

Шмат цёплых і пранікнёных слоў падчас мерапрыемства пра Уладзіміра Данілюка і яго творчасць гаварылі старшыня Чарнянскага сельсавета Аляксандр Пятручык, настаяцель храма Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Чарнянах іерэй Мікалай Лесік, дырэктар Маларыцкай раённай бібліятэкі Наталля Кузьміцкая, загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Галіна Кучына. Павіншаваць Уладзіміра Данілюка з выхадам зборніка, падтрымаць паэта прыехаў старшыня Брэсцкага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікола Аляхновіч, а таксама берасцейскія майстры слова: Мікола Пракаповіч, Аляксей Філатаў, Уладзімір Барысюк, Яўген Бяласін. Не засталіся ў баку ад гэтай падзеі і мясцовыя паэты: Мікалай Пацяюк, Генадзь Мішчук і Уладзімір Кучмінскі; першы кіраўнік ансамбля народнай песні «Чарняначка» Ульяна Дзямянка, шматлікія аднавяскоўцы.

Сустрэчу-прэзентацыю новага зборніка падрыхтавала і правяла бібліятэкар Алена Анішчук сумесна з кіраўніком «Чарняначкі» Вольгай Дзягель. Сустрэча праходзіла ў форме зацікаўленай размовы, падчас якой гучалі не толькі ўспаміны, вершы, але і песні на словы У. М. Данілюка, музыку да якіх напісалі зямлячкі Вольга Дзягель і Раіса Астапук.

Напрыканцы прэзентацыі Уладзімір Данілюк раздаваў аўтографы сваім чытачам-аднавяскоўцам.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1522 разоў Апошняя змена Чацвер, 19 Сакавік 2020 13:34