Пятніца, 14 Чэрвень 2019 13:38

Святлана Варонік «Пацеркі даверу»

12 чэрвеня 2019 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбылася творчая сустрэча з нагоды юбілею і выхаду новай кнігі паэзіі «Пацеркі даверу» берасцейскай паэткі Святланы Варонік.

Нягледзячы на тое, што аўтарка нарадзілася на Гарадзеншчыне, берасцейцы па праве могуць лічыць Святлану Аркадзьеўну «сваім» творцам — большая палова яе жыцця, літаратурнай, навуковай і грамадскай дзейнасці звязана з нашым краем.

Святлана Варонік — аўтар шматлікіх навуковых прац, артыкулаў у перыядычным друку, вершаў і апавяданняў. Перакладае з украінскай і польскай моў. Адным з найбольш значных яе перакладаў з’яўляецца пераклад на беларускую мову «Акафіста да Маці Божай Нястомнай Дапамогі», выдадзены ў 2000 г. Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквой. У 2015 г. у свет выйшаў яе першы паэтычны зборнік «Маміна дрэва» і адразу прыцягнуў увагу творчай грамадскасці, набыў прыхільнікаў паэтычнага слова аўтаркі.

Як пазначана ў анатацыі да другога, прэзентуемага выдання, у ім — асэнсаванне навакольнага свету, прыроды, чалавека ў кантэксце зямнога быцця і Космасу. Гэта шлях чуйнай душы праз спазнанне болю, расчараванняў — да светласці і гармоніі. Пачуццё і думка выяўляюцца ў лаканічных формах, якія даюць чытачу прастору для роздуму, для расчытвання падтэксту і пранікнення ў таямніцы паэтычнага слова. Зборнік выйшаў у серыі бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка».

Мерапрыемства сабрала поўную залу людзей. Вядучая, кандыдат філалагічных навук, дацэнт і даўні сябар юбіляра, Марыя Іванаўна Новік больш падрабязна распавяла аўдыторыі аб прэзентуемым выданні і пазнаёміла з гасцямі вечарыны. Сярод прысутных і выступоўцаў было шмат настаўнікаў і паплечнікаў юбіляркі: Галіна Васільеўна Скарына, сяброўка Ніны Мацяш, выдатнік адукацыі, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі г. Белаазёрска; Ніна Сцяпанаўна Дрык, паэтка, намеснік загадчыка ДУА «Вучэбна-метадычны кабінет г. Брэста», настаўніца гімназіі № 4 г. Брэста; Наталля Мікалаеўна Дуброўская, настаўніца беларускай мовы і літаратуры абласнога ліцэя імя П. М. Машэрава; настаўнікі з іншых адукацыйных устаноў Брэста, Пінска і Мінска. Пісьменніцкую кагорту на чале са старшынёй абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, паэтам Мікалаем Аляхновічам, прадстаўлялі берасцейскія творцы: Лявон Валасюк, Мікола Сянкевіч, Уладзімір Лебедзеў, Яўген Бяласін. Выступоўцы віншавалі Святлану Аркадзьеўну з юбілейнай датай, выхадам новага паэтычнага зборніка, узгадвалі свае творчыя стасункі з аўтарам...

На сустрэчы гучала жывое паэтычнае слова — спадарыня Святлана чытала свае вершы, спявала песні на свае словы і словы іншых беларускіх паэтаў. Дарэчы, аўтарка цудоўна валодае некалькімі музычнымі інструментамі і віртуозна акампанавала сабе на гітары і гармоніку.

Супрацоўнікамі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава, прысвечаная жыццю, творчай і навуковай дзейнасці Святланы Аркадзьеўны. На ёй былі прадстаўлены асобныя кнігі аўтаркі, паэтычныя нізкі ў калектыўных зборніках паэзіі, літаратуразнаўчыя публікацыі ў навуковых кнігах і перыёдыцы. Асобная паліца адводзілася публікацыям у разнастайных часопісах: «Крыніца», «Тэрмапілы», «Полымя», «Маладосць», «Дзеяслоў» і інш. Некаторыя з кніг прадставілі Святлану Варонік яшчэ і як іх таленавітага рэдактара і складальніка.

На пачатку чэрвеня ў аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі пачала дзейнічаць кніжная выстава «Бязмежны свет літаратуры», прысвечаная 85-годдзю Саюза пісьменнікаў. Сярод яе дакументаў і матэрыялаў — выданні прадстаўнікоў берасцейскіх аддзяленняў, на сённяшні дзень ужо двух саюзаў — Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза беларускіх пісьменнікаў. Новую кнігу Святланы Варонік «Пацеркі даверу» можна будзе таксама пабачыць на ёй (Святлана Аркадзьеўна з’яўляецца сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў). Выстава будзе дзейнічаць на працягу месяца.

Жэлянгоўская Ірына,
заг. аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 159 разоў Апошняя змена Панядзелак, 17 Чэрвень 2019 14:30