Аўторак, 19 Лістапад 2019 12:33

«Берасцейшчына. Шляхамі дзесяцігоддзяў: 80 гадоў з дня стварэння Брэсцкай вобласці»

Заходнія вароты краіны, цэнтр беларускага Палесся, свяшчэнная зямля крэпасці-героя — гэта Брэстчына. Старажытная, цудоўная, легендарная зямля. Бягучы год на Брэстчыне багаты на юбілеі. 1000 гадоў Брэсту, 100 гадоў з дня ўтварэння Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 80 гадоў з дня аб’яднання Заходняй Беларусі з БССР. У пачатку снежня Брэсцкая вобласць святкуе чарговую круглую дату — 80-годдзе з дня заснавання.

Да гэтай даты аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага падрыхтаваў выставу пад назвай «Берасцейшчына. Шляхамі дзесяцігоддзяў: 80 гадоў з дня стварэння Брэсцкай вобласці».

1939 г. стаў шмат у чым пераломным у свядомасці заходніх беларусаў, у т. л. і выхадцаў з Брэстчыны. Гэта была эпоха радыкальных пераўтварэнняў, змены ўсяго жыццёвага ўкладу па савецкім узоры з усімі яго плюсамі і мінусамі. На выставе гэты этап прадстаўлены ў кнігах: «Назаўсёды разам: да 60-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусi з БССР» (Мінск, 1999), «Восень 1939 года ў гістарычным лёсе Беларусі» (Мінск, 2010), Шумский Я. «Саветызацыя Заходняй Беларусі: (1944–1953 г.)» (Беласток, Вільня, 2012) і інш.

Перыяд пераўтварэнняў быў прыпынены нападам нацысцкай Германіі на Савецкі Саюз 22 чэрвеня 1941 г. Сімвалам пачатковага этапу вайны стала гераічная абарона Брэсцкай крэпасці, якая першай падверглася нямецкай атацы. Гэты перыяд адлюстроўваецца ў выданнях: «Брестская крепость. Война и мир» (Брэст, 2010), Аліеў Р. У. «Брест и Крепость: трагический июнь» (Масква, 2016), Смірноў С. С. «Брестская крепость» (Масква, 2010), Грабёнкіна Г. А. «Брест непокорённый» (Мінск, 2005) і інш.

28 ліпеня 1944 г. Брэсцкая вобласць была вызвалена ад нямецкіх захопнікаў і практычна адразу пачалося аднаўленне вызваленых тэрыторый. Пачаўся новы віток у развіцці эканомікі, культуры, медыцыны, адукацыі і іншых сацыяльных сфер рэгіёна. І гэты адрэзак часу мы можам прасачыць у кнігах: «Регион. Брестская область. Время действий и преобразований» (Мінск, 2006), «Брестчина, устремленная в будущее» (Брэст, 2009), «Гарады і вёскі Беларусі» (Мінск, 2006), «Регионы Беларуси» (Мінск, 2009), «Агрогородки Брестчины» (Брэст, 2010), «Здравницы Брестчины» (Брэст, 2012), «Брестчина олимпийская» (Брэст, 2014), «Гістарычная і культурная спадчына Берасцейшчыны» (Брэст, 2016), «100 достопримечательностей Брестчины» (Брэст, 2019), Федарук А. Т. «Старинные усадьбы Берестейщины» (Мінск, 2004), Мароз В. В. «Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны» (Мінск, 2018) і інш.

Будзем рады бачыць усіх, хто цікавіцца гісторыяй нашай краіны. Выстава «Берасцейшчына. Шляхамі дзесяцігоддзяў: 80 гадоў з дня стварэння Брэсцкай вобласці» будзе працаваць у аддзеле краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі з 18 лістапада да канца снежня.

Ківачук Маргарыта Яўгеньеўна,

бібліятэкар I кат. аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі

Кантактны тэлефон: +375 162 57 48 79

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 61 разоў Апошняя змена Аўторак, 19 Лістапад 2019 16:07