Панядзелак, 05 Красавік 2021 09:02

Міжнародны круглы стол «Лукаш Дзекуць-Малей: прадаўжальнік справы Скарыны»

31 сакавіка 2021 г. у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага адбыўся міжнародны круглы стол «Лукаш Дзекуць-Малей: прадаўжальнік справы Скарыны», прымеркаваны да 100-годдзя пачатку дзейнасці ў Брэсце грамадскага і рэлігійнага дзеяча, выдаўца, перакладчыка,  дабрачынца, і 90-годдзя выдання перакладу Бібліі на беларускую мову. Мэта круглага стала — асэнсаванне яго ўнёску ў агульную гісторыка-культурную спадчыну Беларусі і Брэстчыны. Галоўнай падзеяй стала прэзентацыя новага зборніка навуковых артыкулаў «Лукаш Дзекуць-Малей: пастар, які працягнуў справу Скарыны», які выйшаў у свет у 2021 г. у выдавецтве «Пазітыў-цэнтр», з удзелам аўтараў. Кніга складаецца з апублікаваных у перыяд з 1975 да 2018 г. пятнаццаці артыкулаў дзевяці даследчыкаў. На сённяшні дзень гэта толькі другая кніга ў беларускай гістарыяграфіі, прысвечаная асобе Л. Дзекуця-Малея. У зборніку таксама ўтрымліваецца багаты матэрыял па краязнаўстве Брэстчыны.

Круглы стол прайшоў у афлайн- і анлайн-фарматах. Небяспечная эпідэмічная сітуацыя не дазволіла запрасіць для ўдзелу ў мерапрыемстве ўсіх жадаючых. Прагучалі анлайн-даклады вядомых навукоўцаў Алены Глагоўскай, прафесара ўніверсітэта Казіміра Вялікага ў г. Быдгашчы (Польшча), Ёханэса Раймера, прафесара па місійных даследаваннях і міжкультурнай тэалогіі ўніверсітэта прыкладных навук г. Эверсбаха (Германія), а таксама прамых нашчадкаў Л. Дзекуця-Малея з г. Гданьска (Польшча). У працы круглага стала прынялі ўдзел гісторыкі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага універсітэта, краязнаўцы, спецыялісты па гісторыі пратэстантызму ў Беларусі.

Краязнавец І. М. Чайчыц прадставіў невядомыя раней дакументы пра Л. Дзекуця-Малея з фонду Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці. Былі прадстаўлены таксама арыгіналы Бібліі на беларускай мове ў перакладзе Л. Дзекуця-Малея ўсіх гадоў выдання (1931, 1948, 1985, 1991). Заг. аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі Жэлянгоўская Ірына прэзентавала выставу дакументаў з фондаў бібліятэкі «Лукаш Дзекуць-Малей і Беларусь: асоба ХХ стагоддзя».

Удзельнікі круглага стала пазнаёміліся з музейна-выставачнай экспазіцыяй аддзела рэдкай кнігі, у якую ўваходзяць рэдкія і каштоўныя выданні па гісторыі Беларусі і Брэстчыны.

 

Верамчук Ларыса Эдуардаўна,

намеснік дырэктара па сацыякультурнай і інфармацыйнай рабоце

Кантактны тэлефон: +375 162 43 45 25


Дадатковая інфармацыя

Чытаць 260 разоў