Аўторак, 22 Лістапад 2022 10:49

Павольныя чытанні кнігі «Я з вогненнай вёскі»

2022 год — юбілейны для трох вядомых беларускіх пісьменнікаў: 5 жніўня адзначалася 105 гадоў з дня нараджэння Янкі Брыля, 3 верасня —
95-годдзе Алеся Адамовіча, 17 верасня — 100-годдзе Уладзіміра Калесніка.

 

Яны — стваральнікі ўнікальнай кнігі пра лёс беларускіх людзей, «вёсак, што падзялілі трагічны лёс Хатыні».

21 лістапада ў аддзеле краязнаўства абласной бібліятэкі адбыліся павольныя чытанні кнігі «Я з вогненнай вёскі». Удзельнікамі сустрэчы сталі студэнты Брэсцкага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна і супрацоўнікі бібліятэкі.

Супрацоўнікі аддзела краязнаўства пазнаёмілі прысутных з цікавымі звесткамі з біяграфіі трох аўтараў-сяброў, з гісторыяй стварэння кнігі «Я з вогненнай вёскі…», а таксама паказалі выданні-пераклады на іншыя мовы — украінскую, рускую, венгерскую, польскую. Слова аўтараў з прадмовы да кнігі настроіла на няпростае прачытанне. Гэтая кніга сапраўды патрабуе павольнага чытання і асэнсавання.

Студэнты, прачытаўшы раздзел «Барбарка», якім распачынаецца кніга, падзяліліся сваімі разважаннямі пра пачутыя галасы-аповяды ацалелых людзей са спаленых вёсак, пра невыносны боль, які гучыць у прамоўленым слове. Разважалі пра тое, як cтваральнікі кнігі здолелі данесці тую «невыносную тэмпературу чалавечага болю, недаўмення, гневу, якія не толькі ў словах, але і ў голасе, у вачах, на твары…»

Толькі адна прачытаная разам балючая гісторыя кранула сэрцы ўдзельнікаў сустрэчы, дазволіла думаць, разважаць пра трагедыі ў час вайны, пра грамадзянскі чын стваральнікаў кнігі, якія пакінулі нашчадкам балючую праўду пра вайну. Яна — частка нацыянальнай гісторыі беларусаў, бо кніга «Я з вогненнай вёскі» — гэта «дакументальная трагедыя, кніга-памяць, жывы голас людзей, што былі спалены, забіты разам з сям'ёй, разам са сваёй вёскай, і якія — жывуць».

Прагляд фотаздымкаў, зробленых Уладзімірам Калеснікам да гэтай кнігі, даў новы штуршок удзельнікам сустрэчы для ўласных разважанняў.

Наперадзе ў кожнага — чытанне балючай кнігі, той праўды, якую нельга забыць.

 

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1166 разоў