Аўторак, 02 Снежань 2014 11:55

Вечар успамінаў «Памяццю жыве мой край» да 75-годдзя са дня ўтварэння Маларыцкага раёна.

Пад такой назвай у чытальнай зале Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшоў вечар успамінаў, які стаў працягам цыкла «Сустрэчы з цікавымі людзьмі», што прымеркаваны да 75-годдзя са дня ўтварэння Маларыцкага раёна.

На чарговую сустрэчу прыйшло больш за 30 чалавек сталага ўзросту, на вачах якіх прайшла гісторыя роднага горада, адбыліся змены ў ім. На сустрэчу ў якасці «цікавага чалавека» быў запрошаны Валерый Савасціёнак, маларытчанін, неабыякавы да свайго роднага горада. Валерый Антонавіч пазнаёміў прысутных з выставай «Маларыта: фотаздымкі мінулага», якая ўжо некалькі тыдняў экспануецца ў чытальнай зале, і падрабязна расказаў пра сваё захапленне. Ён ужо працяглы час збірае фотаздымкі, звязаныя з мінулым горада і раёна. У прыватнай калекцыі Валерыя Савасціёнка іх ужо больш за 10 тысяч. Частку з сабраных фотаздымкаў цяпер можна ўбачыць на сайце «FotoMalorita» па адрасе ў інтэрнэце: http://fotomalorita.by.
Уся праца, звязаная са стварэннем сайта «FotoMalorita», папярэднічае выпуску «Народнага фотаальбома аб Маларыце». Плануецца, што ён выйдзе ў свет у 2016 г.
Падчас сустрэчы Валерый Савасціёнак паказаў некаторыя фотаздымкі, пракаменціраваў іх. У тых, хто сабраўся ў чытальнай зале, было што ўспомніць і абмеркаваць.
Напрыканцы сустрэчы чытачоў чакаў яшчэ адзін сюрпрыз: Валерый Савасціёнак праспяваў некалькі песень пад гітару.

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1280 разоў Апошняя змена Аўторак, 02 Снежань 2014 12:08