Аўторак, 16 Снежань 2014 13:43

Майстар-клас Дзіны Фёдараўны Бягезы «Саламяны цуд»

4 снежня ў чытальнай зале Маларыцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі адбыўся майстар-клас Дзіны Фёдараўны Бягезы «Саламяны цуд». На гэтае мерапрыемства былі запрошаны вучні старэйшых класаў Збуражскай сярэдняй школы.

 Майстрыха пазнаёміла ўсіх прысутных з чароўным  светам саломапляцення, распавяла пра гісторыю ўзнікнення гэтага старажытнага мастацтва. Дзеці паспрабавалі рабіць самыя простыя рэчы з саломы.

– Я марыла стаць лесніком, – успамінае Дзіна Фёдараўна. – Часта з бацькам, які быў паляўнічым, хадзіла на качак, зайцаў. Аднак набываць адукацыю падалася ў ТВ-156 народных мастацкіх промыслаў г. Кобрына. Напэўна, на такі выбар паўплывала тое, што была неадольная цяга да непрафесійнага жывапісу, якая перадалася ад маёй маці. Саломапляценне – гэта якраз тое, да чаго найбольш ляжала душа. З цягам часу гэта не знікла, а, здаецца, яшчэ ўзмацнілася.

Работы Дзіны Бягезы вызначаюцца тэматычным багаццем, непаўторным аўтарскім почыркам, каларытам, густам, няспынным пошукам у галіне формы і дэкору.

На працягу некалькіх тыдняў (з 3 лістапада па 4 снежня) у фае раённай бібліятэкі размяшчалася персанальная выстава Дзіны Фёдараўны Бягезы (з в. Арэхава) «Майстэрства рук і сэрца» і была прымеркавана да 75-годдзя з дня ўтварэння Маларыцкага раёна. Чараўніца саломкі, выдатны народны ўмельца, майстар-«залатыя рукі» – такія водгукі наведвальнікаў ад выставы работ Дзіны Бягезы, якая цяпер працуе педагогам дадатковай адукацыі ў Арэхаўскай СШ. Капялюшы, плеценыя вазы з кветкамі, птушкі ў рост чалавека, хатнія жывёлы, розныя ўпрыгожванні – нікога не пакінуць раўнадушным. Кожны з твораў майстрыхі вылучаецца арыгінальнасцю творчай задумы, высокім майстэрствам выканання, густам, уражвае сваёй непаўторнасцю. Калі заходзіш і бачыш іх, то здаецца, што ледзь улоўна гучыць мелодыя золата саломкі. Вырабы станоўча ўздзейнічаюць на таго, хто з імі зрокава судакранаецца.

На здымку: Дзіна Бягеза, майстар-умельца па саломапляценні з в.Арэхава, падчас персанальнай выставы ў раённай бібліятэцы.

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 2622 разоў Апошняя змена Аўторак, 16 Снежань 2014 13:52