Аўторак, 19 Май 2015 11:10

Музычна-паэтычная сустрэча «И только потому мы победили…»

13 мая 2015 г. у чытальнай зале Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі адбылася музычна-паэтычная сустрэча «И только потому мы победили…», прымеркаваная да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

На сустрэчу прыйшлі Раіса Міхайлаўна Маргевіч, жыхарка г. Жабінка, у 1941 г. яна была васьмігадовай дзяўчынкай, жывым сведкам тых журботных падзей, і бард Барыс Васільевіч Ільін, бацька якога прайшоў усю вайну і скончыў яе ў Берліне.

Аповед Раісы Міхайлаўны аб першай бамбардзіроўцы мястэчка Жабінка, растрэле мясцовых габрэяў, пакаранні чатырох партызан не пакінуў нікога абыякавымі.

Бард Барыс Ільін выканаў песні ўласнага сачынення «Маналог ветэрана» і «Сон ветэрана», якія прысвяціў свайму бацьку. У выкананні гасцей гучала шмат паэтычных радкоў пра тыя цяжкія ваенныя часы.

Работнікі бібліятэкі пад відэасуправаджэнне распавялі пра герояў Вялікай Айчыннай вайны, імёнамі якіх названы вуліцы роднага горада: М. М. Чарнаке, Л. А. Базанавай, І. М. Зубачове, А. Ф. Наганаве.

На мерапрыемстве былі закрануты і ваенныя песні, бо песні дапамагалі і салдатам, і тым, хто быў у тыле. Песні ваенных гадоў – гэта таксама помнік, але толькі жывы і які гучыць, помнік вялікаму подзвігу простага салдата, які адстаяў цаной свайго жыцця мір для многіх наступных пакаленняў людзей.

Гэта сустрэча – сведчанне таго, што ў Беларусі заўсёды будуць памятаць пра загінуўшых на палях вайны салдатах, што любая вайна нясе страшныя страты, знішчае маладосць і каханне, чалавечае шчасце, прыгажосць жыцця, само жыццё...

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1343 разоў