Панядзелак, 22 Чэрвень 2015 10:30

Чароўная нітка канзашы

Маларыцкая ЦБС зноў парадавала сваіх чытачоў. У чытальнай зале раённай бібліятэкі адкрылася выстава работ Таццяны Ефлаковай. «Чароўная нітка канзашы» працягвае арт-праект «Свет захапленняў», які распачаты ўстановай культуры яшчэ тры гады таму. За гэты час у ім змаглі прыняць удзел многія таленавітыя жыхары горада і раёна розных прафесій і ўзростаў, прадэманстраваўшы сваё майстэрства. Цяпер чарга за маларыцкай паэткай Таццянай Мікалаеўнай. 125 работ-упрыгожванняў для валасоў. Сярод іх – заколкі, абручы, біжутэрыя ў выглядзе кветак…

– Гэта маё новае хобі, – кажа Таццяна Ефлакова. – Захапілася канзашы 5 месяцаў таму. Захацелася нечага новага і незвычайнага. А яшчэ – здзівіць і парадаваць маіх дачушак. Менавіта яны і натхнілі на на тое, што стала займацца канзашы.

Каб нейкі аксэсуар выйшаў з-пад рук, Таццяна Мікалаеўна затрачвае на яго ад 40 хвілін да 4–5 гадзін. Усё залежыць ад складанасці работы і натхнення.

– Я імкнуся ў жыцці рабіць тое, што люблю, а не тое, што модна, прэстыжна. Свой вольны час цяпер у мяне раздзелены на 2 справы. Яны, напэўна, аднолькава захопліваюць мяне. Калі ёсць магчымасць засяродзіцца на сваіх думках, пачуццях і перажываннях, пішу вершы. Калі ж не – спрабую ў першую чаргу стварыць маленькі падарунак для сваёй старэйшай дачушкі. Яна заказвае ранкам, калі накіроўваецца ў дзіцячы садок. Вечарам бяжыць правяраць, ці выкананы ён.

Таццяна Ефлакова майстэрству канзашы навучылася сама. Прагледзенае мноства майстар-класаў у інтэрнэце і ўласная фантазія дапамаглі ёй стварыць маленькую калекцыю ўпрыгожванняў ручной работы, якія напоўнены энергіяй шчырай любові. Яна магла б быць і большай. Аднак многае Таццяна Мікалаеўна ўжо падаравала блізкім, родным, сябрам.

 

Мікалай НАВУМЧЫК

На здымку: Таццяна Ефлакова ля сваёй выставы «Чароўная нітка канзашы» ў раённай бібліятэцы

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1048 разоў Апошняя змена Панядзелак, 22 Чэрвень 2015 10:33