Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Дзіцячыя дамы

Савет Міністраў БССР у 1988 г. прыняў пастанову аб адкрыцці ў рэспубліцы дзіцячых дамоў сямейнага тыпу. Праект Кобрынскай дзіцячай вёскі нарадзіўся ў сценах Брэсцкага аблвыканкама, і будаўніцтва першых катэджаў на ўскраіне заходняй часткі Кобрына пачалося ў 1989 г. Яшчэ да пачатку дзяржаўнага фінансавання грошы на будаўніцтва катэджаў у Кобрыне выдаткавалі грамадзяне Германіі.

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў у горадах і вёсках засталося шмат дзяцей-сірот. У жніўні 1944 г., згодна з рашэннем Брэсцкага аблвыканкама, для дзяцей загінуўшых воінаў і партызан, якія пражывалі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці, быў арганізаваны Кобрынскі спецыяльны дзіцячы дом № 1. На працягу 1944–1953 гг. у ім выхоўваліся дзеці-сіроты, якія засталіся без бацькоў.

23 верасня 1953 г. перайменаваны ў Кобрынскі дашкольны дзіцячы дом № 1. Установа адкрылася для дзяцей-сірот і дзяцей ва ўзросце ад 3 да 7 гадоў, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Дзіцячы дом быў прызначаны выключна для дашкольнікаў, спецыялізаваўся на рабоце з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Спачатку ён размяшчаўся ў трох будынках па вул. Матросава і ў адным — па вул. Савецкай. У 1968 г. пабудаваны новы будынак па вул. Спартыўнай, 59. Дырэктарам на момант заснавання была Зінаіда Сцяпанаўна Буракова, якую ў 1974 г. змяніла С. І. Клімава.