Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Заказнікі

 

На мяжы Івацэвіцкага, Ляхавіцкага і Ганцавіцкага, раёнаў Брэсцкай вобласці знаходзіцца ландшафтны заказнік рэспубліканскага значэння «Выганашчанскае». Створаны як гідралагічны заказнік Пастановай Савета Міністраў БССР № 342 ад 18 лістапада 1968 г. з мэтай захавання аднаго з буйнейшых леса-балотных масіваў Еўропы на галоўным еўрапейскім водападзеле рэк Балтыйскага і Чорнага мораў – басейнаў рэк Шчара і Ясельда.

Міжнародная арніталагічная экспедыцыя, якая праходзіла ў пачатку 1990-х гг. на Беларускім Палессі, адкрыла існаванне вялізнай папуляцыі вяртлявай чаротаўкі, што стала сенсацыяй. Знаходка дапоўніла ўяўленні навукоўцаў пра біялогію гэтага таямнічага віду і вывела нашу краіну ў лідары ў Еўропе па колькасці рэдкай птушкі.

Біялагічны заказнік «Борскі» створаны Пастановай Савета Міністраў БССР № 252 ад 16 жніўня 1979 г. з мэтай захавання і рацыянальнага выкарыстання каштоўных лесабалотных экалагічных сістэм, месцаў вырастання журавіны балотнай, а таксама жывёл і раслін, якія ўключаны ў Чырвоную кнігу Беларускай ССР. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1833 ад 27 снежня 2007 г. пацверджаны статус тэрыторыі заказніка, зацверджана «Палажэнне аб рэспубліканскім біялагічным заказніку „Борскі”».

Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Прастыр» размешчаны на тэрыторыі Пінскага раёна Брэсцкай вобласці, утвораны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 115 ад 28 лютага 1994 г. 28 снежня 2005 г. рашэннем Пінскага райвыканкама была створана дзяржаўная прыродаахоўчая ўстанова «Рэспубліканскія ландшафтныя заказнікі „Сярэдняя Прыпяць“ і „Прастыр“». Змены па тэрыторыі заказніка «Прастыр», рэжыме яго аховы і карыстання адбываліся згодна з пастановамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 лістапада 2008 г. і 2 лютага 2011 г. Пасля апошняга пераўтварэння яго плошча значна павялічылася і складае 9545 га.

Бiялагiчны заказнік «Баранавіцкі» быў створаны ў адпаведнасці з пастановай Савета Мiнiстраў БССР № 252 ад 22 жнiўня 1978 года для забеспячэння прыродных умоў роста лекавых раслін. Размешчаны ў Івацэвіцкім і Баранавіцкім раёнах Брэсцкай вобласці, на паўднёвым захадзе ад Баранавiч. «Баранавіцкі» быў адным з самых вялікіх заказнікаў Брэсцкай вобласці і знаходзіўся на трэцім месцы пасля «Белавежскай пушчы» і «Выганашчанскага», меў значэнне як аб’ект экалагiчнага турызму.

Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Стронга» быў створаны 26 кастрычніка 1998 года згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1634. Гэта быў першы ў Беларусі іхтыалагічны заказнік, які ставіў мэтай захаванне месцазнаходжання знікаючага віду рыб — фарэлі ручаёвай (ба-беларуску стронга) і аховы каштоўных прыродных комплексаў. Рэспубліканскі заказнік з’явіўся на базе заалагічнага заказніка мясцовага значэння «Стронга», створанага па рашэнні № 98 Баранавіцкага райвыканкама 28 сакавіка 1994 года.

Ружанская пушча – біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння ў Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці, размешчаны на паўднёвым захадзе ад гарадскога пасёлка Ружаны. Створаны пастановай Савета Міністраў БССР 21 лютага 1986 года для захавання ўнікальнага прыроднага комплексу, дзе растуць каштоўныя віды дрэў і травяністых раслін.

Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Выганашчанскае” размешчаны ў Івацэвіцкім, Ляхавіцкім, Ганцавіцкім раёнах Брэсцкай вобласці.

Радастаўскі рэспубліканскі ландшафтны заказнік ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці абвешчаны пастановамі Савета Міністраў БССР ад 22 жнiўня 1978 г. № 252 і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 снежня 2007 г. № 1833. Заказнiк створаны ў мэтах захавання ўнікальных лесабалотных экалагічных сістэм, раслін і дзікіх жывёл, якія адносяцца да відаў уключаных ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, а таксама месцаў іх распаўсюджвання.

Бiялагiчны заказнік “Баранавіцкі” размешчаны ў Івацэвіцкім і Баранавіцкім раёнах, на паўднёвым захадзе ад Баранавiч.