2024 г. — 110 гадоў з часу прабывання рускага кампазітара, піяніста, дырыжора Сяргея Васільевіча Рахманінава (1873–1943) у г. Брэст-Літоўску (1914)
Сяргей Васільевіч Рахманінаў (1873–1943) — рускі кампазітар, піяніст, дырыжор. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па класах фартэпіяна (1891) і кампазіцыі (1892). Як піяніст шмат канцэртаваў у Расіі (у 1895 г. выступаў у Мінску) і за мяжой. Дырыжор Маскоўскай прыватнай рускай оперы (1897–1898) і Вялікага тэатра ў Маскве (1904–1906). З 1917 г. жыў за мяжой, галоўным чынам у ЗША, вёў пераважна выканальніцкую дзейнасць. У Другую сусветную вайну даў шэраг канцэртаў у Фонд абароны СССР. Выканальніцкае мастацтва С. В. Рахманінава — важны этап у развіцці сусветнага піянізму.
9 лістапада 2024 г. — 95 гадоў з дня нараджэння Аляксандры Мікалаеўны Пахмутавай (1929), кампазітара, народнай артысткі СССР (1984), Героя Сацыялістычнай Працы (1990)
Савецкі і расійскі кампазітар Аляксандра Пахмутава — чалавек для Брэстчыны не чужы. Яе тут добра ведаюць і любяць. Аляксандра Мікалаеўна і яе муж, паэт Мікалай Мікалаевіч Дабранраваў (1928–2023), бывалі ва многіх кутках Брэсцкай вобласці.
13 лютага 2024 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Анатоля Канстанцінавіча Санько (1949), кампазітара, кандыдата мастацтвазнаўства
Анатоль Канстанцінавіч Санько нарадзіўся 13 лютага 1949 г. у в. Крывошын Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай (цяпер Брэсцкай) вобласці ў сям’і настаўнікаў. З дзяцінства выхоўваўся ў атмасферы шчырага захаплення музыкай, галоўным носьбітам якой была яго маці Ангеліна Антонаўна. Менавіта ёй абавязаны Анатоль сваёй зацікаўленасцю музычным мастацтвам. Чалавек па натуры актыўны і цікавы, яна многа сіл аддавала сваёй рабоце, прымала актыўны ўдзел у мастацкай самадзейнасці, доўгі час кіравала школьным хорам. Яна першая заўважыла схільнасць сына да музыкі.
21 верасня 2023 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Людмілы Карпаўны Шлег (1948), кампазітара, мастака, лаўрэата прэміі «За духоўнае адраджэнне»
Людміла Карпаўна Шлег нарадзілася 21 верасня 1948 г. у г. Баранавічы (цяпер Брэсцкай вобласці). Бацька, Карп Сцяпанавіч Шлег, быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, маці, Сафія Адольфаўна Цішкевіч, – удзельніцай партызанскага руху. Дзед, Сцяпан Яўменавіч Шлег, быў спалены фашыстамі ў ліку 265 жыхароў в. Вялікі Бор Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Людміла закончыла Баранавіцкую дзіцячую музычную школу (цяпер № 1), Брэсцкае музычнае вучылішча з адзнакай (1967).
16 лістапада 2022 г. — 60 гадоў з дня нараджэння Ігара Яўгенавіча Карнелюка (1962), кампазітара, эстраднага спевака, заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі (2007)
Ігар Яўгенавіч Карнялюк нарадзіўся 16 лістапада 1962 г. у в. Валынка Брэсцкага раёна (з 1968 г. у межах г. Брэста). Бацька, Яўген Касьянавіч Карнялюк, працаваў дыспетчарам на чыгуначнай станцыі, любіў спяваць, меў харошы голас. Маці, Ніна Афанасьеўна, інжынер на швейнай фабрыцы, таксама любіла спяваць. З шасці гадоў Ігар пачаў вучыцца ў дзіцячай музычнай школе. З дванаццаці гадоў іграў на клавішных у ансамблі на танцпляцоўцы ў Доме культуры. Агульную адукацыю атрымліваў у СШ № 4.
25 жніўня 2022 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Ігара Паўлавіча Чэрніка (1932-2022), дырыжора, кампазітара, арганізатара і кіраўніка харавых калектываў, заслужанага работніка культуры БССР
Ігар Паўлавіч Чэрнік нарадзіўся 25 жніўня 1932 г. у в. Гарадзец Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер аграгарадок Гарадзец Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у простай вясковай сям’і, дзе цанілася праца i музыка. Пазней у сваіх творах самабытны паэт і музыка часта будзе згадваць бацькоўскі дом, сваю вёску, дзе нарадзіўся і рос, дзе прайшлі незабыўныя гады апаленага вайной дзяцінства і пасляваеннай суровай юнацкасці. Дарэчы, і сёння Ігар Паўлавіч пражывае ў бацькоўскім доме.
11 лютага 2022 г. — 215 гадоў з дня нараджэння Напалеона Орды (1807–1883), кампазітара, мастака, педагога
Напалеон Орда нарадзіўся 11 лютага 1807 г. у в. Варацэвічы Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці). Пачатковую музычную адукацыю атрымаў у бацькоў. Вучыўся ў Віленскім універсітэце (1823–1827).
11 мая 2021 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Мікалая Канстанцінавіча Літвіна (1951), кампазітара
Мікалай Канстанцінавіч Літвін нарадзіўся 11 мая 1951 г. у вёсцы Пятрэвічы Баранавіцкага раёна Баранавіцкай (цяпер Брэсцкай) вобласці. Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю па класе кампазіцыі прафесара, народнага артыста БССР Анатоля Васільевіча Багатырова(1977).
2 студзеня 2021 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Арсенія Мікалаевіча Цецерука (1941–2020), архітэктара, мастака, самадзейнага паэта і кампазітара, грамадскага дзеяча ўкраінскай меншасці ў Беларусі
Арсеній Мікалаевіч Цецярук нарадзіўся 2 студзеня 1941 г. у вёсцы Травы Павіццеўскага сельсавета Дзівінскага раёна (злілася з в. Павіцце Кобрынскага раёна) Брэсцкай вобласці. У 1958 г. скончыў Павіццеўскую сярэднюю школу. У школе ў Арсенія выявіліся здольнасці да малявання і ігры на музычных інструментах: яго малюнкі размяшчалі ў школьнай насценнай газеце, актыўна ўдзельнічаў у гуртку мастацкай самадзейнасці. Баян і песня суправаджалі ўсё яго жыццё.
12 ліпеня 2021 г. — 65 гадоў з дня нараджэння Канстанціна Фёдаравіча Саевіча (1956), вучонага ў галіне лесазнаўства і аховы прыроды
Канстанцін Фёдаравіч Саевіч нарадзіўся 12 ліпеня 1956 г. у вёсцы Ясень Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Карані роду Саевічаў — белавежскія. Прапрадзед Фёдар служыў лесніком на кардоне ва ўрочышчы Ясень яшчэ ў 1846 г. Тут жа нарадзіўся прадзед Міхаіл, якi некалькі дзесяцігоддзяў свайго жыцця аддаў Белавежскай пушчы. Яго сын Канстанцін працаваў дзясятнікам па прыёме нарыхтаванай драўніны.