7 лютага 2021 г. — 475 гадоў з дня нараджэння Фёдара Міхайлавіча Еўлашоўскага (1546 – пасля 1616 ці 1619), грамадскага дзеяча ВКЛ, пісьменніка-мемуарыста
Фёдар Міхайлавіч Еўлашоўскі (Еўлашэўскі) нарадзіўся 7 лютага 1546 г. у мястэчку Ляхавічы Навагрудскага ваяводства (цяпер г. Ляхавічы Брэсцкай вобласці). Бацька, Міхаіл Васільевіч Еўлашоўскі, са старажытнага збяднелага шляхецкага роду. Сваю першую адукацыю Фёдар Еўлашоўскі атрымаў дома, астатнія веды набыў шляхам самаадукацыі ў час службы пры двары магнатаў.
12 верасня 2020 г. — 290 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Міхала Сапегі (1730–1793), дзяржаўнага і ваеннага дзеяча ВКЛ
Аляксандр Міхал Сапега нарадзіўся 12 верасня 1730 г. у г. Высокае Берасцейскага павета (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). Старэйшы сын ваяводы Казіміра Лявона Сапегі, унук Міхаіла Казіміра, які падчас Паўночнай вайны быў саюзнікам Карла XII, але затым перайшоў на бок Пятра I і караля Аўгуста II.
2020 г. — 400 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Аляксандра Корвін-Гасеўскага (каля 1620–1662), дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Вялікага Княства Літоўскага
Вінцэнт Аляксандр Корвін-Гасеўскі (Гансеўскі) нарадзіўся каля 1620 г. у Воўчыне Берасцейскага павета (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). Прадстаўнік шляхецкага роду Корвін-Гасеўскіх герба «Слепаўрон». Вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі, потым у Рыме, Падуі і Вене.
2020 г. — 255 гадоў з дня нараджэння Тадэвуша Фадзея Віктарына Матушэвіча (каля 1765–1819), дзяржаўнага дзеяча ВКЛ, публіцыста, паэта, перакладчыка, тэатральнага крытыка
Тадэвуш Фадзей Віктарын Матушэвіч нарадзіўся каля 1765 г. у вёсцы Расна Берасцейскага павета (цяпер Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці). Прадстаўнік шляхецкага роду Матушэвічаў герба «Лебедзь». Сын кашталяна берасцейскага Марціна Матушэвіча (1714–1773) і Ганны Неміровіч-Шчыт (каля 1730–1786). Вучыўся ў Калегіуме Станіслава Канарскага ў Варшаве.
2019 г. — 500 гадоў з часу стварэння Кобрынскай эканоміі, гаспадарчай адзінкі Вялікага Княства Літоўскага (1519)
Кобрынская эканомія — каралеўскае зямельнае ўладанне ў Вялікім Княстве Літоўскім XVI–XVIII cтст., «сталовы маёнтак» вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх, які існаваў у 1519–1795 гг. Эканомія (грэч. Oikonomia — кіраванне гаспадаркай) — сталовы маёнтак, від дзяржаўнага зямельнага ўладання ў ВКЛ для задавальнення патрэб двара манарха і прыдворнага скарбу. Эканоміі мелі ўласнае адміністрацыйна-гаспадарчае кіраванне, падначаленае надворнаму падскарбію ВКЛ.
2019 г. — 430 гадоў з часу стварэння Брэсцкай эканоміі, гаспадарчай адзінкі Вялікага Княства Літоўскага (1589)
У Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім у ХVІ–ХVІІІ стст. эканоміі з’яўляліся феадальнымі гаспадаркамі, дзяржаўным зямельным уладаннем. На каранацыйным сойме 1588 г. для забеспячэння караля і вялікага князя Жыгімонта ІІІ Вазы былі ўстаноўлены сталовыя эканоміі: Аліцкая, Берасцейская, Гарадзецкая, Камянецкая, Кобрынская, Магілёўская, Шавельская. У ВКЛ раздзяленне паміж каралеўскай і дзяржаўнай маёмасцю адбылося ў 1589 г.
2019 г. — 700 гадоў з часу ўваходжання г. Брэста (Бярэсця) у склад Вялікага Княства Літоўскага (1319)
З сярэдзіны XIII ст. у землях, якія цяпер адпавядаюць тэрыторыі сучаснай Беларусі, адбыліся кардынальныя змены. Літоўскі князь Міндоўг аб’яднаў пад сваёй уладай частку літоўскіх і ўсходнеславянскіх зямель, паклаўшы пачатак дзяржаве, вядомай як Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ), працэс фарміравання якой быў працяглым. Дынастычныя шлюбы, пагадненні (у рэдкіх выпадках — захоп) паміж асобнымі княствамі прывялі да ўзнікнення федэратыўнага аб’яднання. У аснове гэтага працэсу было мноства прычын, аднак галоўнымі былі: стварэнне палітычнага, ваеннага і эканамічнага саюзу супраць крыжакоў, галіцка-валынскіх князёў, татара-манголаў.
3 кастрычніка 2018 г. — 370 гадоў з пачатку Давыд-Гарадоцкага паўстання (1648–1649) у антыфеадальную вайну ўкраінскага і беларускага народаў
Антыфеадальная казацка-сялянская вайна рускага (украінскага і беларускага) народа пачалася ў 1648 годзе, вялася за захаванне сваёй праваслаўнай веры, за ўратаванне ад прыгнёту польскіх паноў і за стварэнне сваёй дзяржаўнасці. На яе чале стаяў гетман Багдан Хмяльніцкі (каля 1595–1657). Удзельнікі паўстання аб’яўляліся казакамі, а сам удзел у ім называўся казакаваннем. Асноўная маса паўстанцаў была сялянамі і прыроднымі казакамі, а таксама ўдзельнічалі мяшчане і дробнае праваслаўнае духавенства.
2015 г. – 640 гадоў таму (1375) крыжакі напалі на г. Камянец і яго наваколле
Камянец (цяпер горад Брэсцкай вобласці) заснаваны ў другой палове XIII ст. у якасці паўночна-заходняга фарпоста рускіх зямель. Ён быў размешчаны на перасячэнні ажыўленых гандлёвых шляхоў з Брэста ў Гродна і з Кракава ў Вільню. Добра ўмацаваны, ён неўзабаве стаў буйным гандлёвым цэнтрам. Для князёў Камянец меў асаблівую каштоўнасць як ключавы пагранічны пункт, растучы гандлёва-рамеслены цэнтр, месца адпачынку і палявання.
Красавік 2015 г. – 555 гадоў таму ў г. Брэсце праходзіў сейм Вялікага Княства Літоўскага (1460)
Вальныя сеймы (соймы) Вялікага Княства Літоўскага – саслоўна-прадстаўнічыя органы. Нарады польскага манарха з саноўнікамі як пасяджэнні агульнадзяржаўнага прадстаўнічага органа пачалі праходзіць з другой трэці ХV ст., а са стварэннем Рэчы Паспалітай у 1569 годзе пачалі збірацца агульныя Літоўскія сеймы. На іх абмяркоўваліся усе агульнадзяржаўныя пытанні: заканадаўства, выбранне вялікага князя, прывілеі шляхты, падаткі, адносіны з іншымі дзяржавамі. На месцах існавалі павятовыя сеймікі.