Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Хідры

Міхаіл Калістратавіч Дубінка нарадзіўся 23 чэрвеня 1937 г. у в. Хідры Навасёлкаўскай гміны Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер аг. Хідры Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці). Малым дзіцём перажыў нямецка-фашыскую акупацыю. У 1945 г. Міхаіл пайшоў у мясцовую школу, скончыў сямігодку. Бацька, Калістрат Іосіфавіч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, і маці, Ганна Ігнацьеўна, з малалецтва выхоўвалі ў сваіх дзяцей любоў да зямлі, прывучаючы да нялёгкай хлебаробскай справы.

Зоя Уладзіміраўна Дубінка нарадзілася 6 чэрвеня 1937 г. у в. Дзядзічы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласціў сялянскай сям’і. Калі была яшчэ зусім маленькай, бацька пайшоў на фронт. Не памятае, як пачалася вайна, затое добра памятае, як адступалі немцы,як у 1945-м прыйшла пахаванка на бацьку. Выхаванне двух сыноў і маленькай Зоі лягло на плечы маці.

Таццяна Антонаўна Сакалюк нарадзілася 23 красавіка 1932 г. у в. Хідры Кобрынскага павета Палескага ваяводства (цяпер Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У сям’і было трое дзяцей, з якіх малодшая Таццяна. Дзяўчынка закончыла пачатковую школу, далей вучыцца не мела магчымасці, трэба было дапамагаць сям’і. Настаўнікамі па жыцці сталі бацькі, Антон і Сцепаніда, ад якіх дзецям перадалася любоў да працы, зямлі. Старэйшыя сястра Ганна і брат Васілій таксама працавалі ў калгасе.

Іван Іванавіч Тарасюк нарадзіўся 10 лістапада 1941 г. у в. Казаваты Ратнаўскага раёна Валынскай вобласці ў сям’і сельскіх працаўнікоў Матроны Сазонаўны і Івана Сідаравіча. Вучыўся ў сярэдняй школе ў в. Самары, куды з васьмі гадоў штодня 6 км хадзіў пешшу. Пасля заканчэння дзесяцігодкі працаваў трактарыстам у саўгасе «Самарскі».