Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Брэст

Уладзімір Мікалаевіч Васільеў нарадзіўся 6 верасня 1923 г. у Латошынскай воласці Валакаламскага павета Маскоўскай губерні (цяпер Латошынскі раён Маскоўскай вобласці). У 1940 г. закончыў дзесяцігодку, паступіў на педагагічныя курсы пры Загорскім педагагічным інстытуце, працаваў выкладчыкам фізкультуры ў школе.

У канцы 1941 г. Уладзімір Васільеў стаў працаваць пісарам у ваенкамаце. У сакавіку 1942 г. прызваны ў Чырвоную армію. Удзельнічаў у баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, двойчы паранены. Быў камсоргам батальёна, палка, памочнікам начальніка палітаддзела брыгады. З награднога ліста: «У баях за в. Грэдзякіна [Зубцоўскі раён Цвярской вобласці] 29–30 лістапада 1942 г. сяржант Васільеў быў на перадавой лініі. …Калі са строю выбыў камандны састаў падраздзялення, прыняў камандаванне ротай на сябе. Прывёў роту ў парадак, выслаў разведку, падрыхтаваў да трэцяга дня бою». Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі (1943), трыма медалямі.

Ніна Аляксееўна Гурская нарадзілася 1 снежня 1933 г. у в. Блювінічы Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. У дзяцінстве трапіла пад нямецка-фашыскую акупацыю (1941–1944). Марыла вывучыцца на агранома, але паступіць у сельгасакадэмію не склалася. Закончыла аднагадовыя бібліятэчныя курсы пры Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага (1952), атэставана як бібліятэкар трэцяга разраду.

У 1953–1967 гг. — бібліятэкар Тамашоўскай сельскай бібліятэкі Брэсцкага раёна, бібліятэкар клуба вайсковай часткі 2187. З 1967 г. — у Брэсцкай абласной бібліятэцы імя М. Горкага. Спачатку — бібліятэкар чытальнай залы, бібліёграф даведачна-бібліяграфічнага аддзела, у 1971–1974 гг. — галоўны бібліятэкар даведачна-бібліяграфічнага аддзела. У 1964–1969 гг. завочна навучалася ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А. М. Горкага па спецыяльнасці «бібліятэказнаўства і бібліяграфія».

Надзея Сямёнаўна Бабкова нарадзілася 22 лютага 1918 г. у в. Хамінка Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Касціковіцкага раёна Магілёўскай вобласці). У 1931 г. закончыла сем класаў Касцюковіцкай школы і паступіла на аднагадовыя курсы пры Магілёўскім палітыка-асветніцкім інстытуце. У 1932–1936 гг. вучылася на бібліятэчным факультэце Магілёўскага палітасветінстытута.

Пасля заканчэння інстытута Надзея Бабкова была накіравана ў г. Мазыр на пасаду загадчыка гарадской бібліятэкай. У ліпені 1938 г. пераведзена ў Мазырскі абласны аддзел народнай адукацыі інспектарам па бібліятэках. У снежні 1939 г. камандзіравана Наркамасветам у г. Брэст, дзе працавала інспектарам па бібліятэках абласнога аддзела народнай адукацыі.

Аляксандр Васільевіч Саўчыц нарадзіўся 1 ліпеня 1953 г. у в. Остранка Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Закончыў Пінскі мясамалочны тэхнікум (1972), Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна (1989). У 1976 г. прыйшоў працаваць на Брэсцкі малочны камбінат, дзе прайшоў шлях ад слесара, інжынера па тэхніцы бяспекі, эканаміста да дырэктара.

У 1998 г. А. В. Саўчыц узначаліў завод, які перажываў крызіс. Лідар па натуры, чалавек дзеясны, ён востра перажываў няпростыя для прадпрыемства часы. З першых дзён свайго кіраўніцтва ўзяў курс на тэхнічную мадэрнізацыю вытворчасці, прыцягненне высокакваліфікаваных кадраў. Вывучаў лепшыя сусветныя тэхналогіі, шукаў інвестараў, веў перамовы і сваім энтузіязмам падтрымліваў увесь калектыў.

Пётр Сцяпанавіч Пойта нарадзіўся 23 верасня 1948 г. у в. Харсы Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці. Закончыў факультэт прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута (1972). Служыў у Савецкай арміі.

Працоўную біяграфію Пётр Пойта пачаў у 1974 г. на пасадзе асістэнта на кафедры аснаванняў, фундаментаў і інжынернай геалогіі Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута. Выкладчык кафедры геатэхнікі і транспартных камунікацый. У 1986–1988 гг. — загадчык кафедры асноў і фундаментаў. У 1988–2009 гг. — загадчык кафедры асноў, фундаментаў, інжынернай геалогіі і геадэзіі.

Юрый Аляксандравіч Іваноў нарадзіўся 7 студзеня 1943 г. у в. Дубкі Іздзешкаўскага (цяпер Сафонаўскага) раёна Смаленскай вобласці. Маці памерла ў час родаў, а бацька загінуў на фронце. Выхоўвала Юрыя цёця — маміна сястра. Пасля вайны ў Брэсце служыў пагранічнікам яго дзядзя, які забраў сястру з Юрыем з вёскі, дзе яны бедавалі, туліліся ў зямлянцы. Для Юрыя Брэст стаў родным горадам.

З адзнакай закончыў Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. С. Пушкіна па спецыяльнасці «геаграфія і біялогія» (1969). Працаваў старшынёй студэнцкага прафкама істытута (1969–1973). У 1973–1983 гг. — дырэктар школ у Кобрынскім і Брэсцкім раёнах. Дырэктар Знаменскай, Гершонскай і Тамашоўскай сярэдніх школ, у апошняй стаў адным са стваральнікаў музея касманаўтыкі.

Варлам Міхайлавіч Кублашвілі нарадзіўся 15 мая 1923 г. у сяле Ахалдаба Тквібульскага раёна Грузінскай ССР у сям’і рабочага-шахцёра. Пасля заканчэння 7 класаў працаваў слесарам на шахце імя Сталіна ў г. Тквібулі. Прызваны ў Чырвоную армію 4 мая 1942 г., накіраваны ў пагранічныя войскі на Далёкім Усходзе. Служыў стралком заставы ў 69-й Ханкайскім пагранічным атрадзе.

Вясной 1944 г. Варлам Кублашвілі пераведзены на заходнюю граніцу — у 84-ы (Валкавыскі) пагранічны атрад НКУС Беларускай акругі. Вучыўся ў школе службовага сабакаводства. З’яўляўся інструктарам каманды службовых сабак, праяўляў пільнасць і знаходлівасць у пагранічных нарадах. Яго сабака быў адным з лепшых, браў нават даўнія сляды.

Уладзімір Пятровіч Самовіч нарадзіўся 28 студзеня 1928 г. у Мінску. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, сям’я эвакуіравалася ў Тамбоўскую вобласць, пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вярнулася на радзіму.

У 1948 г. Уладзімір Самовіч паступіў у Брэсцкі настаўніцкі інстытут (з 4 чэрвеня 1949 г. — імя А. С. Пушкіна). Закончыўшы інстытут (1950), працаваў першым сакратаром Івацэвіцкага (1950), Камянецкага (1951) райкамаў камсамола. З 1952 г. — сакратар, другі сакратар Брэсцкага акруговага камітэта ЛКСМБ.

Ірына Барысаўна Морых нарадзілася 7 мая 1948 г. у г. Брэсце. Яе бацькі — Барыс Альфонсавіч Морых і Марыя Сяргееўна (Гірыловіч) — франтавікі, прайшлі ўсю Вялікую Айчынную вайну да Берліна. Ірына вучылася ў сярэдняй школе № 5 (1955–1966). Закончыла дзіцячую музычную школу, аддзяленне тэорыі музыкі Брэсцкага музычнага вучылішча (1969), факультэт музыказнаўства Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А. В. Луначарскага (1974).

Васіль Мікалаевіч Марэйка нарадзіўся 15 ліпеня 1948 г. у г. Давыд-Гарадку Пінскай (цяпер Брэсцкай) вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 2 адпрацаваў год у давыд-гарадоцкай «Райсельгастэхніцы», затым паступіў на філалагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна.

Старонка 9 з 63