Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Акцёры

Барыс Васілевіч Уксусаў нарадзіўся 24 ліпеня 1922 г. у г. Варонежы ў сям’і служачых. Вучыўся ў Варонежскім тэатральным вучылішчы (1939–1941). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1944 г. яго запрасілі ў адзін з франтавых ансамбляў, дзе выступаў да канца вайны. З 1945 г. працаваў у тэатрах Адэсы, Крывога Рога, Днепрадзяржынска, Кастрамы, Арджанікідзе (1964–1965), Краснаярска (1972–1976).

Амаль дваццаць гадоў сваёй творчай дзейнасці Барыс Уксусаў прысвяціў Брэсцкаму абласному драматычнаму тэатру імя Ленінскага камсамола Беларусі, дзе служыў у 1951–1963, 1965–1970 гг. Адразу выдзеліўся сваім тэмпераментам, пластычнасцю, розумам і працаздольнасцю. Акцёр добра адчуваў своеасаблівасці характараў сваіх роляў і ярка паказваў іх на сцэне.

Георгій Андрэевіч Волкаў нарадзіўся 20 ліпеня 1922 г. у Маскве ў сям’і рабочага. Удзельнічаў у школьнай мастацкай самадзейнасці. У МХАТе пабачыў спектаклі «Синяя птица» і «Анна Каренина» і назаўсёды захапіўся тэатрам. У 1941–1944 гг. вучыўся ў Маскоўскім гарадскім тэатральным вучылішчы.

У час Вялікай Айчыннай вайны Георгій Волкаў, не ўзяты ў армію па стану здароя, пайшоў у апалчэнне: капаў процітанкавыя равы пад Масквой, тушыў на дахах фашысцкія «зажыгалкі», быў начальнкіам аб’екта ППА, за што ўзнагароджаны медалём «За оборону Москвы». Тэатральнае вучылішча ў 1942 г. было рэаргінізавана ў тэатр-студыю. Георгій Волкаў не губляў сувязь са студыйцамі, часта выступаў перад вайскоўцамі, рабочымі, у шпіталях.

Леанід Паўлавіч Валчэцкі нарадзіўся 18 верасня 1913 г. у в. Даўгінава Вілейскага павета Мінскай губерні (цяпер Вілейскага раёна Мінскай вобласці). Скончыў Мінскі педагагічны тэхнікум (1931), паступіў на работу ў Другі Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-2) у Віцебску. Скончыў тэатральную студыю пры гэтым тэатры (1933).

Сярод ранніх роляў Леаніда Валчэцкага самай яркай была роля Керубіна ў «Жаніцьбе Фігара» паводле Бамаршэ – спектакль рэжысёраў П. Антакольскага і М. Міцкевіча 1933 г. Удзельніўчаў у пастаноўках «Недарэчнасць» (К. Фіна), «Гібель эскадры» (А. Карнейчука) і інш. Малады акцёр упарта займаўся самаадукацыяй, цікавіўся арганізацыяй тэатральнай справы. Яму мроілася ў тэатры пэўная свабода для праўдзівага паказу жывога чалавека, з яго памылкамі і забабонамі, з яго адданасцю высокім ідэалам і маральнай чысцінёй.

Уладзіслаў Іосіфавіч Галубок (сапраўднае Голуб) нарадзіўся 15 мая 1882 г. на станцыі Лясная пад Баранавічамі Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці) у сям’і чыгуначніка. Дзяцінства і юнацтва прайшлі ў Мінску, дзе бацька працаваў слесарам дэпо. Бацька, Іосіф Тамашавіч Голуб, адрозніваўся свабодалюбівымі поглядамі, рана загінуў, засталіся шасцёра дзяцей. Уладзіславу, які быў старшым, давялося рана пачаць працаваць: з трынаццаці гадоў працаваў грузчыкам на чыгунцы, прыказчыкам ў краме, слесарам у дэпо. У 1906 г. здаў экстэрнам экзамены за курс гарадскога вучылішча.

Міхаіл Васільевіч Мятліцкі нарадзіўся 23 кастрычніка 1951 г. у г. Мінску. Школьнікам хадзіў на бальныя танцы, потым у тэатральную школу-студыю, якую вёў студэнт-рэжысёр, удзельнічаў у дзіцячых тэлеперадачах — чытаў вершы. Закончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, дзе педагогамі былі народная артыстка РСФСР Вера Паўлаўна Рэдліх і народны артыст БССР Юрый Уладзіміравіч Сідараў.

Уладзімір Андрэевіч Мішчанчук нарадзіўся 5 жніўня 1946 г. у в. Валавель Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. У школе Валодзю навучылі любіць літаратуру, тэатр, ахвотна наведваў школьны тэатральны гурток, канешне, любіў кіно.

Аляксандра Аркадзьеўна Гайдук нарадзілася 2 красавіка 1971 г. у Сярэдняй Азіі ў сям’і ваеннаслужачага. У сувязі са службай бацькі сям’я пераязджала: жылі ў Кіргізіі, Прыбалтыцы, у 1979–1986 гг. — у Ленінградзе, а затым у Брэсце, дзе Аляксандра закончыла СШ № 11 з ваенна-патрыятычным ухілам.

Генадзь Барысавіч Токараў нарадзіўся 9 снежня 1931 г. у г. Смаленску ў сям’і служачых. У родным горадзе скончыў тэатральную студыю (1955). Год працаваў у адным з тэатраў на Урале. У 1956 г. прыехаў у Маскву пацікавіцца магчымасцю перайсці ў іншы тэатр, быў запрошаны ў Брэсцкі абласны драматычны тэатр імя Ленінскага камсамола Беларусі.

Мікалай Мікалаевіч Маршын нарадзіўся 15 лютага 1946 г. у г. Баранавічы (цяпер Брэсцкай вобласці). Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Ленінградскае вышэйшае ваенна-марское вучылішча імя М. В. Фрунзэ, але праз два гады адлічаны. Тры гады адслужыў матросам на Паўночным флоце, з ваенным караблём бываў у розных марах, але на бераг замежных краін матросаў не адпускалі.

Сяргей Пятровіч Юркевіч нарадзіўся 14 снежня 1910 г. у Баку (Азербайджан), калі яго бацькі-акцёры былі там на гастролях. Бацька, Пётр Паўлавіч Юркевіч, з дваран, сын украінскага акцёра, выпускнік тэатральнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта, працаваў у Кіеўскім тэатры музычнай камедыі. Маці, Вера Васільеўна Калтаноўская, з дваран, актрыса і дачка актрысы. З малых гадоў Сяргея прывучалі да сцэны, да музыкі.

Старонка 1 з 3