14 снежня 2020 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Сяргея Пятровіча Юркевіча (1910–1985), акцёра, заслужанага артыста БССР (1966)
Сяргей Пятровіч Юркевіч нарадзіўся 14 снежня 1910 г. у Баку (Азербайджан), калі яго бацькі-акцёры былі там на гастролях. Бацька, Пётр Паўлавіч Юркевіч, з дваран, сын украінскага акцёра, выпускнік тэатральнага факультэта Пецярбургскага ўніверсітэта, працаваў у Кіеўскім тэатры музычнай камедыі. Маці, Вера Васільеўна Калтаноўская, з дваран, актрыса і дачка актрысы. З малых гадоў Сяргея прывучалі да сцэны, да музыкі.
18 красавіка 2020 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Эдуарда Сямёнавіча Ханка (1940), кампазітара, народнага артыста Рэспублікі Беларусь (1996)
Эдуард Сямёнавіч Ханок нарадзіўся 18 красавіка 1940 г. у Фёдараўскім раёне Кустанайскай вобласці (Казахстан) у сям’і ваеннаслужачага. У 1946 г. сям’я пераехала ў Беларусь, у г. Брэст. Потым бацька служыў на Калыме, дзе Эдуард навучыўся іграць на акардэоне, выступаў на школьных вечарах. У 1953 г. вярнуліся ў Брэст, тут Эдурад скончыў сярэднюю школу № 7 (1957) і музычную школу.
Кастрычнік 2019 г. — 80 гадоў з часу ўтварэння Падлескага народнага хору (Ляхавіцкі р-н; 1939)
У вёсцы Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай (цяпер Брэсцкай) вобласці ў кастрычніку 1939 г. быў створаны самадзейны хор. Яшчэ трыма гадамі раней саліст Беларускага радыё Мікалай Мікалаевіч Пігулеўскі (1897–1967), ураджэнец гэтай вёскі, які нейкі час настаўнічаў у роднай вёсцы, стварыў пры школе харавы гурток, заахвочваў моладзь да спявання народных песень.
28 сакавіка 2019 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Фёдара Емяльянавiча Богдана (1939–2004), беларускага спевака (бас), заслужанага артыста Украінскай ССР (1979)
Фёдар Емяльянавіч Богдан нарадзіўся 28 сакавіка 1939 г. у вёсцы Кацельня-Баярская Брэсцкага павета Палескага ваяводства ў сялянскай сям’і. З 1940 г. вёска была ў складзе Гершонскага сельсавета Брэсцкага раёна, з 2007 г. — у межах Брэста. У Фёдара былі старэйшыя сястра Любоў (1927–2008) і брат Аляксей (1929–2003). Вучыўся ў Гершонскай школе. З маленства меў вялікія музычныя здольнасці, вучыўся ў Брэсцкай дзіцячай музычнай школе, дзе настаўнікі заўважылі яго моцны прыгожы голас і рэкамендавалі працягваць навучанне па спевах.
1 ліпеня 2019 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Надзеі Мацвееўны Ганчарэнка (Еўдашэнка; 1929–2016), заслужанай артысткі БССР (1968)
Надзея Мацвееўна Ганчарэнка нарадзілася 1 ліпеня 1929 г. у г. Адэсе (Украінская ССР). Школьніцай любіла літаратуру, удзельнічала ў гуртку мастацкай самадзейнасці — са сцэны дэкламавала вершы. У 1950 г. скончыла Адэскае тэатральнае вучылішча. Працавала ў Адэскім тэатры юнага гледача.
11 ліпеня 2018 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Вольгі Сцяпанаўны Захаравай (1908–1981), заслужанай артысткі БССР (1955)
Вольга Сцяпанаўна Захарава нарадзілася 11 ліпеня 1908 г. у г. Яршове Саратаўскай губерні (Расія) у сям’i чыгуначнiка. Рана страціла бацьку. Скончыла тэатральную студыю «Пралеткульта» (1927) i была прынята ў трупу першага Саратаўскага рабочага тэатра. Затым скончыла тэатральны тэхнікум (1932). Працавала ў тэатрах гарадоў Саратава, Грознага, Благавешчанска-на-Амуры, Армавіра, Варонежа.
25 ліпеня 2018 г. — 115 гадоў з дня нараджэння Пятра Аляксандравіча Маркіна (1903–1958), заслужанага артыста БССР (1955)
Пётр Аляксандравіч Маркін нарадзіўся 25 ліпеня 1903 г. у г. Саратаве (Расія) у сям’і рабочага. Скончыў Саратаўскі тэатральны тэхнікум (1924), вучыўся ў актрысы і педагога Марыі Іванаўны Велізарый. У 1926–1929 гг. працаваў у тэатрах розных гарадоў РСФСР.
9 студзеня 2018 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Леаніда Уладзіміравіча Нікольскага (1948), беларускага спевака (барытон), кампазітара, заслужанага артыста Беларусі (1997)
Леанід Уладзіміравіч Нікольскі нарадзіўся 9 студзеня 1948 г. у вёсцы Гнеўчыцы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і праваслаўнага святара Уладзіміра Канстанцінавіча Нікольскага. Бацька ў свой час служыў у Гнеўчыцкім, а затым — Стрэльнянскім праваслаўных храмах. У сям’і расло сямёра дзяцей, і ўсе яны выхоўваліся на праваслаўных традыцыях.
1 студзеня 2018 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Івана Пракопавіча Герасевіча (1943), акцёра Брэсцкага тэатра лялек, заслужанага артыста Беларусі (2014)
Іван Пракопавіч Герасевіч нарадзіўся 1 студзеня 1943 года ў вёсцы Стрыганец Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Яго бацька, Пракоп Дзянісавіч, загінуў на фронце ў 1945 годзе. Увесь цяжар нялёгкай сялянскай працы лёг на плечы маці, Пелагеі Ануфрыеўны, якая пачала губляць зрок. Іван быў яе адзіным памочнікам, таму пасля заканчэння дзевяці класаў Ракітніцкай школы прыняў рашэнне пакінуць далейшую вучобу і працаваць трактарыстам у саўгасе «Беларусь».
25 снежня 2017 г. – 100 гадоў з дня нараджэння Таццяны Піліпаўны Заранок (1917–2007), драматычнай актрысы, народнай артысткі БССР (1967)
Таццяна Піліпаўна Заранок нарадзілася 25 снежня 1917 года на ст. Васілевічы Рэчыцкага павета Мінскай губерні (цяпер горад Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці) у сям’і чыгуначніка. З 1930 года вучылася на драматычных курсах у Мінску, дзе выкладчыкам быў Еўсцігней Афінагенавіч Міровіч, які раскрыў талент юнай артысткі. Пасля заканчэння курсаў у 1931 годзе была накіравана ў Віцебск у Беларускі другі дзяржаўны тэатр, дзе працавала і вучылася. У 1933 годзе скончыла студыю БДТ-2, педагогамі былі М. А. Міцкевіч, А. К. Ільінскі.