23 ліпеня 2024 г. – 80 гадоў з дня стварэння Маларыцкага ваеннага камісарыята (1944)
Да Вялікай Айчыннай вайны ў Маларыце Брэсцкай вобласці існаваў орган ваеннага кіравання, аднак дакументальнага пацверджання гэтаму факту не знайшлося.Брэсцкі абласны ваенны камісарыят быў сфарміраваны па загаду Народнага камісара абароны СССР ад 12 сакавіка 1940 г.
2024 г. — 80 гадоў з часу стварэння Маларыцкага лясніцтва (1944)
Маларыцкае лясніцтва было створана ў 1944 г. адразу пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Кантора ўстановы размяшчалася ў наёмным памяшканні – прыватным доме плошчай 9 кв. м па вул. Энгельса. Першым ляснічым быў былы ляснік Афанасій Ільіч Струнец.
2024 г. — 85 гадоў з часу стварэння Маларыцкага раённага аддзела ўнутраных спраў (1939)
Маларыцкі раённы аддзел унутраных спраў бярэ адлік з кастрычніка 1939 г. Тады з ліку мясцовага насельніцтва было створана раённае аддзяленне міліцыі. У яго функцыі ўваходзіла барацьба з крымінальнай злачыннасцю, крадзяжамі, нацыяналістычным падполлем.
2024 г. — 80 гадоў з часу стварэння Маларыцкай раённай пракуратуры (1944)
Дакладная дата стварэння Маларыцкай раённай пракуратуры не ўстаноўлена. Аб даваенным і ваенным перыядзе гісторыі пракуратуры раёна якіх-небудзь дадзеных у архіве Маларыцкага раёна не маецца.
У час Вялікай Айчыннай вайны двое супрацоўнікаў абласной пракуратуры Іосіф Панкоў і Надзея Георгіеўна Калаціліна хаваліся ў Маларыце і з'яўляліся членамі Маларыцкай антыфашысцкай арганізацыі. Ад рук фашыстаў загінуў пракурор вобласці Іосіф Панкоў.
10 жніўня 2024 г. — 80 гадоў з дня стварэння Маларыцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях (1944)
Савет Народных Камісараў БССР 10 снежня 1939 г. прыняў пастанову № 1145 «Аб арганізацыі пажарнай аховы ў заходніх абласцях Беларускай ССР», у адпаведнасці з якой былі створаны інспекцыі пажарнай аховы УНКУС па Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай, Вілейскай і Пінскай абласцях, а ўся пажарная ахова арганізавана па існуючым у БССР прынцыпе і пажарная ахова НКУС БССР пераўтварылася ў аддзелы пажарнай аховы.
Маларыцкая пажарная служба размясцілася ў невялікім будынку па вул. Чырвонаармейскай. Аб даваенным перыядзе дзейнасці пажарных звестак вельмі мала, відавочна, што развіццю пажарнай службы перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна. Старажылы распавядаюць, як 22 чэрвеня 1941 г. пылала Маларыта, абстраляная нямецкімі захопнікамі. Гарэў увесь цэнтр, мала якія будынкі ўцалелі.
2024 г. — 80 гадоў з дня заснавання Маларыцкай цэнтральнай раённай аптэкі № 14 першай катэгорыі (1944)
У г. Маларыце Брэсцкай вобласці аптэка была ўжо ў канцы ХІХ ст. У 1897 г. у Маларыце пражывала 1275 чалавек, было 203 двары, сельскае народнае вучылішча, дзве лесапільні, шпалапрапітачны і цагляны заводы, млын і аптэка.
У час Першай сусветнай вайны на асаблівым рахунку знаходзіліся лекавыя і медыцынскія прэпараты, між тым, некаторыя аптэкары прадавалі іх насельніцтву. Урачэбны інспектар Гродзенскага губернскага ўпраўлення 14 лютага 1915 г. даслаў Брэсцкаму павятоваму спраўніку дэпешу: «Урачэбнае аддзяленне просіць вас высветліць, хто ў гэты момант кіруе сельскай аптэкай у вёсцы Маларыта і, калі кіраўніка няма, неабходна абавязаць уладальніка аптэкі спыніць водпуск лекавых сродкаў без рэцэптаў лекараў і практыкуючых асоб».
2024 г. — 80 гадоў з часу заснавання ААТ «Маларыцкая райаграпрамтэхніка» (1944)
Неўзабаве пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкай акупацыі ў г. Маларыта Брэсцкай вобласці ў жніўні 1944 г. на базе лесапільнага завода была створана Маларыцкая машынна-трактарная станцыя (МТС). Першым дырэктарам быў прызначаны Георгій Волкаў, былы партызан атрада імя Жукава, старшым механікам – Іван Іванавіч Клокаў.
2024 г. — 60 гадоў з часу заснавання Маларыцкай дзяржаўнай дзіцячай школы мастацтваў (1964)
Гісторыя Маларыцкай дзіцячай музычнай школы бярэ свой пачатак у 1964 г., калі яна функцыянавала як філіял Кобрынскай дзіцячай музычнай школы і адразу ж прыцягнула 20 навучэнцаў.
Афіцыйна школа ў г. Маларыце была адкрыта рашэннем Брэсцкага аблвыканкама з 1 верасня 1965 г. На той час ужо было 67 навучэнцаў. Першым дырэктарам быў Л. П. Вінаградаў. Для размяшчэння ўстановы быў выдзелены былы будынак Дома піянераў і школьнікаў. Былі створаны класы баяна, акардэона і фартэпіяна.
2023 г. — 310 гадоў з часу пабудовы царквы Раства Прасвятой Багародзіцы ў в. Ляхаўцы (Маларыцкі р-н; 1713), помніка народнага дойлідства
У в. Ляхаўцы Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці праваслаўная царква існавала з другой паловы ХVI ст.. Пісьмовыя згадкі пра Ляхавецкую царкву адносяцца да 1575, 1668, 1704, 1713, 1721, 1786, 1796 гг. Цяперашняя царква Раства Багародзіцы пабудавана ў 1713 г., тады ў яе ўласнасці налічвалася 158 дзесяцін зямлі.
2023 г. — 25 гадоў з часу будаўніцтва храма святой Вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы ў аг. Арэхава (Маларыцкі р-н; 1998)
Царква Вялікапакутніцы Параскевы Пятніцы ў в. Арэхава Маларыцкага раёна Брэсцкай вобласці належала да Маларыцкай школы драўлянага дойлідства. Драўляныя цэрквы гэтай школы ўяўляюць сабой збудаванні з вельмі вытанчанымі формамі шатроў і пластычнымі арыгінальнымі абрысамі купалоў. Аб Арэхаўскай царкве згадваецца ў дакументах 1668, 1679, 1724, 1742 гг.