Фільтраваць
Імёны
Падзеі
Помнікі
Рэгіён
Прадметы
Установы
Спадчына: Гісторыя вёсак

Вёска Ляскавічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў пісьмовых крыніцах упершыню ўзгадваецца ў 1495 г. Тады яна была ў Пінскім павеце Берасцейскага ваяводства. У XVI ст. — у складзе Пінскага павета Трокскага ваяводства. Пасля прыняцця «Устава на валокі» ў 1557 г. — у прыватнай уласнасці, якая належала служачым людзям-шляхціцам.

Гарадскі пасёлак Шарашова Пружанскага раёнаБрэсцкай вобласці знаходзіцца на рацэ Левая Лясная за 20 км да захаду ад г. Пружаны. Назва паселішча, верагодна, паходзіць ад мясцовага дыялектызму «шэраш» — дробны лёд на рацэ падчас адлігі. Некаторыя старажылы сцвярджалі, што даўней паселішча звалася Шаршнёў — ад «шэршань». Потым, быццам, назва відазмянілася на Шарашоў, Шарашова.

Летапісная гісторыя Драгічыншчыны пачынаецца з глыбокай даўніны, з запісу 1005 г., дзе апавядаецца пра хрышчэнне Здзітаўскай зямлі. Але старажытны Здзітаў, які стаяў тады на паўднёвым баку Ясельды, недалёка ад сучасных Старамлын, перастаў існаваць яшчэ з сярэдзіны ХVІІ ст. Таму права «первапісу», як у ранейшыя часы называлі першае пісьмовае ўпамінанне, перайшло да Бездзежа. Першая згадка пра Бездзеж — 24 мая 1409 г. у «Даравальнай грамаце Вялікага князя Літоўскага Вітаўта касцёлу Дзевы Марыі ў Новых Троках на воласць Бездзеж». Такім чынам, Бездзеж па праве можна лічыць старажытнейшым населеным пунктам Драгічыншчыны.

Вёска Баландзічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1559 г. У дакуменце Вялікага Княства Літоўскага «Рэестр лясных пушчаў» успамінаецца: «Прайшлі ў 1559 годзе цераз раку Прыпяць і Піну міма Дольска і Баландзіч к Гліннай». Вёска з’яўлялася шляхецкім маёнткам, пазней узнік фальфарак.

Вёска Полкацічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў актах Літоўскай метрыкі згадваецца ў 1499 г. Далей у пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1507 г. пры апісанні межаў. У канцы XVI ст. вёска была ў Пінскім павеце Трокскага ваяводства ВКЛ. У 1626 г. Полкацічы належалі Вайнінай. У 1646 г. Полкацічы належалі Цярлецкай, якая па кантракце здала іх у арэнду на чатыры гады Натану Лейзеровічу і Давіду Якубовічу.

Вёска Гнеўчыцы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1504 г. У 1555 г. сяло ў складзе Дружылавіцкага двара. Пасля прыняцця «Уставы на валокі» (1557) лічылася княжацкім. У канцы ХVІ ст. у Пінскім павеце Трокскага ваяводства ВКЛ, дзяржаўная ўласнасць. У 1775 г. упамінаецца ў інвентары Рагадашчаўскага староства Пінскага павета, у склад якога тады ўваходзіла і належала пінскаму стольніку Яну Аржэшку.

Вёска Шэбрын Тэльмінскага сельсавета Брэсцкага раёна Брэсцкай вобласці ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах з ХVІ ст. У 1518 г. епіскап Луцкі і Берасцейскі Юліян Фалькоўскі пакінуў у спадчыну царкве Ражджаства Багародзіцы ў Шэбрыне шэсць валкоў зямлі (128 га). Па іншых звестках, селішча Шэбрын узгадваецца ў летапісе тракайскіх князёў у 1412 г.

Першы пісьмовы ўспамін пра вёску Хомск Здзітаўскай воласці Берасцейскага ваяводства (цяпер Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці) адносіцца да 1518 г. Вёска — уласнасць Станіслава Нарушэвіча Валадковіча — узгадваецца ў справе аб межавых спрэчках пінскага князя Фёдара Яраславіча з канонікамі трокскімі. Назва вёскі паходзіць, магчыма, ад імя Хома, такія імёны былі распаўсюджаны ў гэтай мясцовасці. У час Вялікага Княства Літоўскага гэта быў княжацкі гарадок з пераважна гандлёвым і рамесным людам, які пераходзіў ад князёў Вішнявецкіх да Дольскіх, затым Пуслоўскіх, Агінскіх.

Вёска Заверша размешчана на рэдкім для Палесся ўзвышшы — Загараддзі, на паўночным усходзе Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. Першае пісьмовае ўпамінанне назвы Заверша адносіцца да пачатку ХVI ст. У 1518 г. згадваецца «востраў Заверша» сярод угоддзяў сяла Бездзеж у сувязі са спрэчкай паміж князем пінскім Ф. І. Яраславічам і католікамі Трокскага касцёла Маці Божай. Першы ўспамін вёскі Заверша ў дакументах зафіксаваны ў 1783 г., тады яна адносілася да Пінскага павета Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага.

Першая пісьмовая ўзгадка пра Моталь, знойдзеная ў актах Літоўскай метрыкі, датуецца 1422 годам.