6 ліпеня 2019 г. — 70 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Сяргеевіча Палышэнкава (1949), дзяржаўнага дзеяча, Ганаровага грамадзяніна г. Брэста (2014)
Аляксандр Сяргеевіч Палышэнкаў нарадзіўся 6 ліпеня 1949 г. у вёсцы Залуззе Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Яго бацька, Сяргей Мікалаевіч, родам з Валагодчыны (Расія), скончыў Рыбінскі тэхнікум воднага транспарту, франтавік, пасля Вялікай Айчыннай вайны накіраваны на аднаўленне Дняпроўска-Бугскага канала. Вёска раскінулася на правым беразе ракі Мухавец, якая з’яўляецца часткай Дняпроўска-Бугскага канала, тут знаходзіцца адзін з яго гідравузлоў № 8.
1 студзеня 2019 г. — 50 гадоў з пачатку дзейнасці ААТ «Торфабрыкетны завод „Гатча-Осаўскі“» (1969)
ААТ «Торфабрыкетны завод „Гатча-Осаўскі“» знаходзіцца на тэрыторыі Ленінскага сельскага Савета Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Ажыццяўляе здабычу фрэзернага торфу і яго перапрацоўку для вытворчасці паліўных брыкетаў. Праектнае заданне на будаўніцтва торфабрыкетнага завода распрацавана інстытутам «Белдзяржпраторф» у 1965 г. Назва завода «Гатча-Осаўскі» паходзіць ад злучэння назваў двух радовішчаў торфу, уключаных у сыравінную базу прадпрыемства.
4 студзеня 2019 г. — 50 гадоў з дня нараджэння Анатоля Расціслававіча Бензерука (1969), пісьменніка, журналіста, гісторыка, краязнаўца, лаўрэата літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка і прэміі Брэсцкага фонду Т. Касцюшкі
Анатоль Расціслававіч Бензярук нарадзіўся 4 студзеня 1969 г. у вёсцы Бастынь Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і настаўнікаў Расціслава Мацвеевіча і Вольгі Рыгораўны Бензярук. У 1971 г. яны пераехалі на радзіму бацькі ў вёску Азяты Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці, а з 1975 г. жывуць у г. Жабінцы. Анатоль пачынаў вучобу ў гарадской сярэдняй школе № 1, затым перайшоў у Азяцкую СШ, якую скончыў у 1986 г.
21 студзеня 2018 г. — 90 гадоў з дня нараджэння Івана Архіпавіча Аношкіна (1928–2013), пісьменніка-сатырыка, гумарыста, журналіста, аўтара кніг для дзяцей
Іван Архіпавіч Аношкін нарадзіўся 21 студзеня 1928 г. у вёсцы Антонаўка Чавускага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Антонаўскай сямігодцы. У 1947 г. скончыў Суражскае педагагічнае вучылішча Бранскай вобласці. Пасля педвучылішча працаваў выхавацелем Далісіцкага дзіцячага дома на Браншчыне. Зімой 1947 г. адазваны райкомам партыі на пасаду адказнага сакратара рэдакцыі суражскай раённай газеты «Маяк коммуны».
4 красавіка 2018 г. — 85 гадоў з дня нараджэння Рыгора Рыгоравіча Будзько (1933–2017), беларускага архітэктара
Рыгор Рыгоравіч Будзько нарадзіўся 4 красавіка 1933 г. у вёсцы Арэпічы Жыцінскай гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Сцяпанкаўскага сельсавета Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Бацька, Рыгор Давідавіч Будзько, і маці, Кацярына Паўлаўна, мелі яшчэ малодшых дзяцей — дачку Вольгу і сына Глеба. Рыгор пачынаў вучыцца яшчэ за польскім часам, потым была руская школа. Да Вялікай Айчыннай вайны паспеў закончыць тры класы, прадоўжыў вучобу пасля вызвалення Беларусі ў 1944 г.
12 ліпеня 2018 г. — 110 гадоў з дня нараджэння Івана Дзмітрыевіча Філіпука (1908–1944), удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, сакратара Жабінкаўскага падпольнага райкама КПЗБ, сувязнога партызанскіх атрадаў
Іван Дзмітрыевіч Філіпук нарадзіўся 12 ліпеня 1908 г. у вёсцы ШчэглікіКобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Ленінскага сельсавета Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. Сямнаццацігадовым юнаком Іван Філіпук стаў на шлях барацьбы за вызваленне народа Заходняй Беларусі ад нацыянальнага і сацыяльнага прыгнёту. Малады рэвалюцыянер вёў сярод насельніцтва агітацыю за звяржэнне антынароднага ладу, расклейваў лістоўкі, якія заклікалі да барацьбы супраць дзеючага рэжыму, арганізоўваў тайныя сходкі, маёўкі.
6 кастрычніка 2018 г. — 120 гадоў з дня нараджэння Івана Раманавіча Валошкі (1898–1966), удзельніка рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі
Іван Раманавіч Валошка нарадзіўся 6 кастрычніка 1898 года ў вёсцы Рачкі Брэсцкага павета Гродзенскай губерні (цяпер Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці) у сялянскай сям’і. З лета 1915 года ў сувязі з Першай сусветнай вайной сям’я была ў бежанцах у Расіі, вярнуліся на радзіму ў 1920 годзе. Іван Валошка з 1921 года пасяліўся ў Брэсце-над-Бугам (цяпер Брэст) у кватэры дома на рагу вуліц Ягелонскай і Пераца (цяпер Маскоўская і 17 Верасня). У гэтым доме (вул. Пэраца, 51) на першым паверсе былі магазіны, цырульня, на другім — прыватная руская гімназія, у падвале — склад канцтавараў. Іван Валошка працаваў тут вартаўніком і дворнікам.
16 сакавіка 2018 г. — 80 гадоў з дня нараджэння Данііла Юльянавіча Крыўчэні (1938), урача-хірурга, доктара медыцынскіх навук, прафесара, акадэміка Акадэміі навук вышэйшай школы Украіны
Данііл Юльянавіч Крыўчэня нарадзіўся 16 сакавіка 1938 года ў вёсцы Вярхі Жыцінскай гміны Брэсцкага павета Палескага ваяводства (цяпер Сцяпанкаўскага сельсавета Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці). Бацька Данііла быў служачым, працаваў на чыгунцы, маці — адмысловая краўчыха. У 1939 годзе сям’я пераехала ў Брэст. У час Вялікай Айчыннай вайны вярнуліся ў родную вёску, дзе яшчэ захаваліся жыллё і гаспадарка, і дзе бяспечней было жыць. Пасля вайны сям’я зноў пераехала ў Брэст.
1 студзеня 2018 г. — 75 гадоў з дня нараджэння Івана Пракопавіча Герасевіча (1943), акцёра Брэсцкага тэатра лялек, заслужанага артыста Беларусі (2014)
Іван Пракопавіч Герасевіч нарадзіўся 1 студзеня 1943 года ў вёсцы Стрыганец Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Яго бацька, Пракоп Дзянісавіч, загінуў на фронце ў 1945 годзе. Увесь цяжар нялёгкай сялянскай працы лёг на плечы маці, Пелагеі Ануфрыеўны, якая пачала губляць зрок. Іван быў яе адзіным памочнікам, таму пасля заканчэння дзевяці класаў Ракітніцкай школы прыняў рашэнне пакінуць далейшую вучобу і працаваць трактарыстам у саўгасе «Беларусь».
2017 г. — 515 гадоў з часу пабудовы Мікітаўскай царквы ў в. Здзітава, помніка драўлянай архітэктуры Беларускага Палесся (Жабінкаўскі раён; 1502)
Свята-Мікітаўская царква размешчана на правым беразе ракі Мухавец у вёсцы Здзітава Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці, якая ў снежні 2017 года далучана да горада Жабінкі.