2026 г. — 65 гадоў з часу заснавання адкрытага акцыянернага таварыства «Кобрынскі завод аграпрамысловага машынабудавання» (1961)
Гісторыя стварэння і станаўлення ААТ «Кобрын-аграмаш» бярэ свой пачатак з 1940 г. За гады свайго існавання прадпрыемства прайшло шлях ад маленькай машынна-трактарнай станцыі да сучаснага завода з высокім узроўнем механізацыі тэхналагічных працэсаў. У лютым 1940 г. у в. Андронава Кобрынскага раёна была створана Кобрынская машынна-трактарная станцыя (пастанова СНК СССР і ЦК УКП(б) ад 21.01.1940).
2026 г. — 75 гадоў з пачатку дзейнасці завода ААТ «Брэстгазаапарат» (1951), буйнейшага вытворцы газавых і электрычных кухонных пліт
Электрамеханічны рамонтны завод, з якога пачынаецца гiсторыя «Брэстгазаапарата», быў створаны ў 1951 г. на базе дызельнай станцыі Брэсцкай ЦЭЦ і рамонтна-механічнага цэха рамналэнерга. Першым дырэктарам быў прызначаны Ф. К. Гладкіх. У той час на заводзе працавалі 59 чалавек, калектыў аднаўляў абсталяванне электрастанцый, разбуранае ў час вайны і рамантаваў абсталяванне на энергетычных прадпрыемствах.
2026 г. — 40 гадоў з часу ўтварэння Драгічынскага крухмальнага завода (1986)
Буйныя змяненні адбыліся ў Драгічынскім раёне ў гады 11-й пяцігодкі (1981–1985). Ішло далейшае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы калгасаў і саўгасаў, расла вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі, а таксама разгарнулася маштабная палітыка па будаўніцтве. На працягу 1980–1985 гг. было ўведзена больш за 250 новых аб'ектаў рознага прызначэння. Прамысловая структура раёна кожны год станавілася ўсё больш разгалінаванай.
27 студзеня 2025 г. — 85 гадоў з дня стварэння ААТ «Пінскі вінаробчы завод» (Пінскі р-н; 1940), аднаго з вядучых прадпрыемстваў па вінаробству
Гісторыя Пінскага вінаробчага завода бярэ свой пачатак у канцы ХІХ ст. з прыватных вінакурняў. У маёнтку графа Красіцкага Жабчыцы пад Пінскам, за 2 км ад вёскі Жабчыцы, у 1909 г. пабудавалі бровар — вінакурны завод. Моцныя віны ўласнай вытворчасці славіліся выдатным густам і непаўторным букетам.
11 лютага 2025 г. — 85 гадоў з часу заснавання ААТ «САЛЕА-Кобрын» (Кобрын; 1940), прадпрыемства гідраўлічнага машынабудавання
Нараджэнне Кобрынскага рамонтнага завода звязана з уз’яднаннем Заходняй Беларусі з БССР. На былых памешчыцкіх землях заходніх абласцей пачалі стварацца саўгасы і калгасы. На палях з’явілася тэхніка, і для забеспячэння яе бесперабойнай работы патрэбна была рамонтная база. У верасні 1939 г. ЦК ВКП(б) і СНК СССР прынялі рашэнне аб будаўніцтве ў вызваленых абласцях рамонтных прадпрыемстваў.
2024 г. — 50 гадоў з часу будаўніцтва адкрытага акцыянернага таварыства «Кузлітмаш» у г. Пінску (1974), аднаго з вядучых прадпрыемстваў станкабудавання Беларусі
Пінскі станкабудаўнічы завод «Кузлітмаш» — адно з вядучых прадпрыемстваў беларускага станкапрама, арыентаванае на выпуск шырокай гамы кавальска-прэсавага абсталявання, машын для ліцейнай вытворчасці, а таксама сельскагаспадарчай тэхнікі.
30 чэрвеня 2024 г. — 35 гадоў з пачатку вытворчасці на ААТ «Белсолад» (Іванава; 1989), вядучага прадпрыемства краіны па выпуску піваварнага ячменнага соладу
У 1970-я гг. у СССР было пабудавана каля 200 піваварных заводаў рознай магутнасці. Для забяспячэння піваварных прадпрыемстваў якасным соладам было прынята рашэнне пабудаваць соладавы завод у г. Іванава Брэсцкай вобласці. Будаўніцтва прадпрыемства пачалося ў 1981 г. Першым яго дырэктарам стаў Анатоль Уладзіміравіч Зыбянок.
2024 г. — 75 гадоў з пачатку работы ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» (1949), буйнога вытворцы пладова-агароднінных кансерваў
Ляхавіцкая раённая газета «Савецкі патрыёт» 31 жніўня 1947 г. паведаміла аб пачатку будаўніцтва кансервавага завода: «Ляхавіцкі райпрамкамбінат распачаў будаўніцтва кансервавага завода. Зараз ідзе нарыхтоўка пяску і гліны для ўнутранай аддзелкі будынкаў, прызначаных пад завод.
Днямі пачалася ўкладка шчэбня пад бетонную падлогу. Робіцца фундамент пад паравы кацёл, адрываецца катлаван пад ляднік. Завод намечана пусціць у гэтым годзе. Ён будзе выпускаць 4 мільёны банак кансерваў у год».
2024 г. — 85 гадоў з часу заснавання філіяла ААТ «Берасцейскі пекар» Кобрынскага хлебазавода (1939)
У архіўным фондзе «Палескае ваяводскае ўпраўленне» Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці знойдзена інфармацыя аб тым, што ў 1921–1939 гг. на тэрыторыі Кобрынскага павета функцыянавала 16 прыватных пякарняў. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, многія з іх былі зачынены або нацыяналізаваны. Ва ўпраўленне Кобрынскага хлебакамбіната ўвайшло 3 пякарні. З 1939 г. пачынаюцца вытокі Кобрынскага хлебазавода.
14 сакавіка 2024 г. — 50 гадоў з дня ўводу ў эксплуатацыю Баранавіцкага завода аўтаматычных ліній (1974)
Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній – адзін з буйнейшых станкабудаўнічых заводаў СНД і Еўропы. Рашэнні аб яго будаўніцтве прынялі Савет Міністраў СССР і Міністэрства станкабудаўнічай і інструментальнай прамысловасці СССР у 1969 г. Новы завод быў павінен забяспечыць мадэрнізацыю і тэхнічнае пераабсталяванне вялікага шэрагу прамысловых прадпрыемстваў краіны. Прадугледжвалася, што і яго тэхнічнае абсталяванне будзе на самым высокім узроўні.
Будаўніцтву завода адразу надавалася асаблівае значэнне, яно вялося калектывам БУ-172 будаўнічага трэста № 25 г. Баранавічы. Усё будаўніцтва вялізнага прамысловага комплексу, якое пачалося 14 студзеня 1971 г., было завершана датэрмінова. 14 сакавіка 1974 г. завод быў здадзены ў эксплуатацыю, пачаў асваенне вытворчых магутнасцей і выраб першых металаапрацоўчых агрэгатных станкоў. 16 красавіка 1974 г. была выраблена першая дэталь да агрэгатных станкоў. У 1975 г. была здадзена ў эксплуатацыю другая чарга завода.