Серада, 10 Снежань 2014 10:53

3–6 кастрычнiка 2016 г. – 20 гадоў з часу правядзення першага Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Белая вежа” (Брэст; 1996)

Translator
 
 
 

 

Тэатральны фестываль “Белая вежа” нарадзіўся ў 1996 годзе ў Брэсце. Назва паходзiць ад Камянецкай вежы, помнiка архiтэктуры ХIІІ ст. у горадзе Камянец, што на мяжы Белавежскай пушчы. На пляцоўцы ля знакамітай вежы ладзiлася адкрыццё фестывалю з паказам спектакля (па 2001 г.). На эмблеме фестывалю змешчана выява Камянецкай вежы, а за ёю амфітэатрам глядзельная зала.

 

3–6 кастрычнiка 1996 года ў першы раз у Брэсце на базе тэатра драмы і тэатра лялек сабраліся тэатры толькі з шасці краін. Гэта была спроба правесці сустрэчу тэатральных калектываў былых савецкіх рэспублiк, а таксама пазнаёміць беларускіх гледачоў з некаторымі замежнымі тэатрамі. З таго часу фестываль праводзiцца штогод у вераснi (да 1999 г. – у кастрычнiку).

 

Па задумцы дырэктара – мастацкага кіраўніка Брэсцкага акадэмiчнага тэатра драмы Аляксандра Аляксандравіча Козака, які застаецца нязменным дырэктарам фестывалю, такі фестываль павінен быў зрабіць тэатральнае мастацтва больш папулярным. І яго ідэя ўдалася – у 2005 годзе на 10-ю “Белую вежу” прыехалі 40 тэатраў з 26-ці краін свету (Польшча, Ізраіль, Германія, Аўстрыя, Балівія, Аргенціна, Іран і інш.).

 

За гады існавання “Белая вежа” ўзмацнела, усталявала сур’ёзныя патрабаванні да творчага ўзроўню ўдзельнікаў і стала першым тэатральным форумам краіны. Яго ўнікальнасць у тым, што васьмідзённая праграма фэста аб’яднала ў сабе ўвесь спектр сучаснага тэатральнага мастацтва. Гэта акадэмічная драма, сучасная эксперыментальная драма, спектаклі тэатраў лялек, разнастайныя вулічныя прадстаўлнні, тэатры танцаў. Усяго за гады працы фестывалю на ім выступілі калектывы з 55-ці краін.

 

Асаблівую ўвагу арганізатары “Белай вежы” надаюць традыцыям рускага тэатру. За час існавання фестывалю ў ім прынялі ўдзел Рыжскі акадэмічны тэатр рускай драмы (Рыга, Латвія), дацка-расійскі тэатр “Дыялог” (Капенгаген, Данія), Тбіліскі рускі драматычны тэатр імя А. С. Грыбаедава і “Вольны тэатр” пры Цэнтры расійскай культуры (Грузія), Дзяржаўны акадэмічны тэатр рускай драмы імя К. Станіслаўскага (Ерэван, Арменiя), Нацыянальны акадэмічны рускі драматычны тэатр імя М. Горкага (Мінск) і іншыя.

 

Некаторыя фестывалі былі тэматычнымі. ХIV фестываль 2009 года быў прысвечаны 200-годдзю з дня нараджэння М. В. Гогаля, а 2010 года – 150-годдзю з дня нараджэння А. П. Чэхава. ХVI фестываль 2011 года прайшоў пад дэвiзам “Час кахаць!”, а наступны – “Класiка Plus.

 

Тэатры прывозяць у Брэст не толькі свае лепшыя спектаклі, якія ўжо маюць прызнанне і поспех. Прыязджаюць сюды і з эксперыментальнай творчасцю. Таму ў беларускіх гледачоў і гасцей фестывалю ёсць рэальная магчымасць сачыць за сучаснымі тэндэнцыямі ў тэатральным мастацтве. У ліку ганаровых гасцей прысутнічаюць тэатральныя прадзюсеры і кіраўнікі міжнародных тэатральных фестываляў усяго свету, што дае новыя магчымасці і перспектывы для тэатраў-удзельнікаў.

 

Фестываль стаў буйным навукова-адукацыйным цэнтрам. У межах “Белай вежы” праводзяцца навуковыя канферэнцыi, круглыя сталы, творчыя сустрэчы, абмеркаваннi спектакляў. Падобныя мерапрыемствы даюць магчымасць прафесійнага абмену і садзейнічаюць навуковым даследаванням у тэатральнай сферы.

 

Юбілейны ХХ фестываль прайшоў 11–19 верасня 2015 года ў межах акцыі “Брэст – культурная сталіца Беларусі”. Аргкамітэт атрымаў заяўкі амаль ад 100 тэатральных калектываў са ўсяго свету. Аснову афішы склалі спектаклі 12-ці калектываў – уладальнікаў Гран-пры мінулых гадоў. На пяці сцэнічных пляцоўках былі паказаны 22 пастаноўкі, якія паглядзелі 7,5 тысяч гледачоў. У сувязі са спецыфікай юбілейнай праграмы традцыйнае журы не працавала, але кожнае выступленне атрымала ацэнку прафесйных крытыкаў.

 

 

 

Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г. Брэсцкай абласной бiблiятэкай iмя М. Горкага. Сухапар Уладзiмiр Васiльевiч, гал. бiблiёграф аддзела краязнаўчай лiтаратуры i бiблiяграфii

 

 

 

  1. Белая вежа”, міжнародны тэатральны фестываль / Л. Я. Саідзі // Культура Беларусі : энцыклапедыя. Мінск, 2010. Т. 1. С. 644–645.

  2. Белая вежа”, международный театральный фестиваль / Е. В. Устинова // Республика Беларусь : энциклопедия : в 7 т. Минск, 2006. С. 241.

  3. Фестываль тэатральны «Белая вежа» міжнародны / А. В. Усцінава // Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : у 2 т. Мiнск, 2003. Т. 2. С. 483–485.

  4. Мiжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа» : ХVII Мiжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа-2012», 7–14 верасня 2012 г., Брэст. – Брэст, 2012. – 32 с. : iл.

  5. Мiжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа». Час кахаць! : ХVI Мiжнародны тэатральны фестываль, 9–16 верасня 2011 г., Брэст. – Брэст, 2011. – 32 с. : iл.

  6. Мiжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа» : ХV Мiжнародны тэатральны фестываль, 11–18 верасня 2010 г., Брэст. – Брэст, 2010. – 39 с. : iл.

  7. Мiжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа» : ХIII Мiжнародны тэатральны фестываль, 12–19 верасня 2008 г., Брэст. – Брэст, 2008. – 39 с. : iл.

  8. Мiжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа» : ХII Мiжнародны тэатральны фестываль, 8–14 верасня 2007 г., Брэст. – Брэст, 2007. – 47 с. : iл.

  9. Мiжнародны тэатральны фестываль «Белая вежа» : Х Мiжнародны тэатральны фестываль, 9–16 верасня 2005 г., Брэст. – Брэст, 2005. – 46 с. : iл.

  10. Бунцэвiч, Н.Iспыт на стабiльнасць здабыткаў? / Надзея Бунцэвiч // Культура. 2015. 26 верасня (№ 39). С. 8.

  11. Грамыка, Л. Гульня сэнсаў і стыляў : Міжнародны фестываль «Белая Вежа» / Людміла Грамыка // Мастацтва. 2014. № 10. С. 20–23.

  12. Бунцэвiч, Н. Што бачна з «Белай Вежы»? : Пра ХIХ Мiжнародны фестываль… / Надзея Бунцэвiч // Культура. 2014. 27 верасня (№ 39). С. 7.

  13. Бунцэвiч, Н. Кардыяграма прэстыжу : «Белая вежа»: iмпульсы ды iнтэрвалы / Надзея бунцэвiч // Культура. 2013. 21 верасня (№ 38). С. 7.

  14. Зарембо, Т. Второе дыхание «Белой Вежи», или Фестиваль в формате мастер-класса / Татьяна Зарембо // Брестский курьер. 2013. 19 сентября (№ 38). С. 21.

  15. Марцiновiч, Д. З паўналеццем, «Вежа»! : ХVIII мiжнародны тэатральны фестываль «Белая Вежа» прайшоў у горадзе над Бугам / Дзянiс Марцiновiч // ЛiМ. 2013. 27 верасня (№ 38). С. 14.

  16. Грамыка, Л. Belaya Vezha. № 17 : Брэст, верасень, парад тэатраў / Людміла Грамыка // Мастацтва. 2012. № 11. С. 26–29.

  17. Команава, Т. «Белая вежа-2012»: тэатральныя аблiччы класiкi / Таццяна Команава // Культура. 2012. 22 верасня (№ 38). С. 9.

  18. Грамыка, Л. Хутка паўналецце : сёлета на «Белай Вежы» / Людмiла Грамыка // Мастацтва. 2011. № 10. С. 24–29.

  19. Зарембо, Т. Войцек и Хенрик между войной и миром : послесловие к театральному фестивалю / Татьяна Зарембо // Брестский курьер. 2011. 22 сентября (№ 38). С. 8–9.

  20. Козлович, В. Здесь нет пустоты и гламура / Валентина Козлович // СБ. Беларусь сегодня. 2011. 15 сентября. Союз. С. 8.

  21. Команава, Т. Птушкi i гнёзды / Таццяна Команава // Культура. 2011. 24 верасня. С. 10.

  22. Капачова, А. Чэхаў, soundrama i... / Алена Капачова // ЛіМ. 2010. № 39. С. 10.

  23. Арлова, Т. Перакуленая рэальнасць вялікіх містыфікатараў : [вынікі тэатральнага фестываля «Белая вежа 2009»] / Таццяна Арлова // Мастацтва. 2009. № 10. С. 7–11.

  24. Зарембо, Т. Рядовой тринадцатый. Послесловие к театральному фестивалю / Татьяна Зарембо // Брестский курьер. 2008. 25 сентября (№ 39). С. 8.

  25. Арлова, Т. Зашыфраваць і расшыфраваць : «Белая Вежа – 2007» / Таццяна Арлова // Мастацтва. 2007. № 12. С. 42–47.

  26. Команава, Т. Парлiны «Белавежскага» калейдаскопа / Таццяна Команава // Культура. 2006. 16–22 верасня (№ 37). С. 8–9.

  27. Арлова, Т. Не зайграцца да ачмурэння / Таццяна Арлова // Мастацтва. 2005. № 1. С. 34–37.

  28. Зарембо, Т. «День сурка» на «Белой веже» : Послесловие к юбилейному театральному фестивалю / Татьяна Зарембо // Брестский курьер. 2005. № 39. С. 8.

  29. Грамыка, Л. У фестывальных варунках сусвету / Людмiла Грамыка // Мастацтва. 2003. № 12. С. 19–22.

  30. Арлова, Т. Змена маштабаў i чаканняў / Таццяна Арлова // Мастацтва. 2002. № 2. С. 10–13.

  31. Гаробчанка, Т. Цяпло «Белай вежы» / Тамара Гаробчанка // Беларуская думка. 2001. № 1. С. 164–171.

 

 

Лаўрэаты Гран-пры

мiжнароднага тэатральнага фестывалю «Белая вежа»

 

 

I фестываль «Белая Вежа-1996»:

«Iдылiя» В. Дунiна-Марцiнкевiча, рэжысёр М. Пiнiгiн. Нацыянальны акадэмiчны тэатр iмя Я. Купалы (г. Мiнск, Беларусь).

«Месяц в деревне» I. Тургенева, рэжысёр Р. Талiпаў. Брэсцкi тэатр драмы i музыкi (г. Брэст, Беларусь).

«На Iвана Купалу» паводле М. Гогаля, рэжысёр А. Паляк. Валынскi тэатр лялек (г. Луцк, Украiна).

 

II фестываль «Белая Вежа-1997»:

«Иванов» А. П. Чэхава, рэжысёр А. Латэнас. Маладзёжны тэатр «Вайдзiлас» (г. Вiльнюс, Лiтва).

«Русалочка» паводле Г. Х. Андэрсена, рэжысёр Б. Саламчаў. Дзяржаўны тэатр лялькi, акцёра, маскi «Арлекiн» (г. Омск, Расiя).

 

III фестываль «Белая Вежа-1998»:

«Волки и овцы» А. М. Астроўскага, рэжысёр А. Кац. Акадэмiчны тэатр iмя М. Горкага (г. Мiнск, Беларусь).

«Чароўная зброя Кэндзо» паводле легенд i казак японскага фальклору, рэжысёр В. Клiмчук. Беларускi тэатр «Лялька» (г. Вiцебск, Беларусь).

 

IV фестываль «Белая Вежа-1999»:

«Стомлены д'ябал» С. Кавалёва, рэжысёр Р. Талiпаў. Рэспублiканскi цэнтр беларускай драматургii «Вольная сцэна» (г. Мiнск, Беларусь).

«Чароўны свет лялек», лялечнiк Джым Гэмбл (г. Лос-Анджэлес, ЗША).

 

V фестываль «Белая Вежа-2000»:

«Князь Вiтаўт» А. Дударава, рэжысёр В. Раеўскi. Нацыянальны акадэмiчны тэатр iмя Я. Купалы (г. Мiнск, Беларусь).

«Падкiдыш у хаце д'ябла», Тэатр лялек «Centro Servizy e Spettacoli» (Iталiя).

 

VI фестываль «Белая Вежа-2001»:

«Проделки Скопена» Мальера, рэжысёр Г. Трасцянецкi. Рыжскi акадэмiчны тэатр рускай драмы (г. Рыга, Латвiя).

«Залатая табакерка» I. Сiдарука, рэжысёр Д. Нуянзiн. Брэсцкi тэатр лялек (г. Брэст, Беларусь).

 

VII фестываль «Белая Вежа-2002»:

«Маскарад» М. Лермантава, рэжысёр Б. Фокша. Рэспублiканскi тэатр «Лучафэрул» (г. Кiшынёў, Малдова).

«Патудань» паводле А. Платонава, рэжысёр Р. Кудрашоў. Тэатр лялек «Патудань» кiнакампанii «Дарфiльм» (г. Санкт-Пецярбург, Расiя).

 

VIII фестываль «Белая Вежа-2003»:

«Махаз» Ф. Iскандэра, рэжысёр В. Кове. Абхазскi дзяржаўны драматычны тэатр iмя С. Чанба (г. Сухумi, Абхазiя).

«Невский проспект» М. В. Гогаля, рэжысёр Р. Кудашоў. Тэатр лялек «Патудань» (г. Санкт-Пецярбург, Расiя).

 

IХ фестываль «Белая Вежа-2004»:

«Дядя Ваня» А. П. Чэхава, режысёр А. Лаценас. Брэсцкi тэатр драмы i музыкi (г. Брэст, Беларусь).

«Волшебный воробей» паводле японскай казкi, рэжысёр Б. Абеллi. «Абеллiс Магiя Тэатр» (Швецыя).

 

Х фестываль «Белая Вежа-2005»:

Гран-пры не прысуджаўся.

 

ХI фестываль «Белая Вежа-2006»:

«Горе от ума» А. Грыбаедава, рэжысёр Белгародскi дзяржаўны акадэмiчны драматычны тэатр iмя М. Шчэпкiна (г. Белгарад, Расiя).

«Адвечная песня» Я. Купалы, рэжысёр А. Лялеўскi. Беларускi дзяржаўны тэатр лялек (г. Мiнск, Беларусь).

 

ХII фестываль «Белая Вежа-2007»:

«Вишнёвый сад» А. П. Чэхава, рэжысёр Я. Федарышын. Львоўскi тэатр «Уваскрэсенне» (г. Львоў, Украiна).

«Месяц Сальеры» А. С. Пушкiна, рэжысёр Р. Кудашоў. Брэсцкi тэатр лялек (г. Брэст, Беларусь).

 

ХIII фестываль «Белая Вежа-2008»:

«Чёрная Бурка», рэжысёр Ф. Бiкчантаеў. Татарскi дзяржаўны акадэмiчны тэатр iмя Г. Камала (г. Казань, Расiя).

 

ХIV фестываль «Белая Вежа-2009»:

«Гоголь. Вечера. Часть 1» паводле твораў М. В. Гогаля, рэжысёр У. Панкоў. Центр Мейерхольда (г. Масква, Расiя).

 

ХV фестываль «Белая Вежа-2010»:

«Калека с Инишмана» М. МакДонаха, рэжысёр С. Фядотаў. Пермскi тэатр «У Моста» (г. Перм, Расiя).

 

ХVI фестываль «Белая Вежа-2011»:

Гран-пры не прысуджаўся.

 

ХVII фестываль «Белая Вежа-2012»:

«Макбет, кто тот окровавленный человек?», рэжысёр П. Шкотак. Тэатр «Buro Podróży» (г. Познань, Польшча).

 

ХVIII фестываль «Белая Вежа-2013»:

«Леди Макбет», рэжысёр А. Латэнас. Дзяржаўны маладзёжны тэатр (г. Вільнюс, Літва).

 

ХIХ фестываль «Белая Вежа-2014»:

«Книга Иова», рэжысёр Э. Някрошус. Тэатр-студыя «Мена Фортас» (г. Вільнюс, Літва).

 

Дадатковая інфармацыя

Чытаць 1771 разоў Апошняя змена Пятніца, 01 Лістапад 2024 09:48